Вы тут

Ланцужкі моцы


Шмат у жыцці здараецца выпадковых сустрэч. Некаторыя з іх з'яўляюцца лёсавызначальнымі. Ёсць і такія, якія мы прызначаем самі, — і толькі пасля разумеем, наколькі правільна зрабілі. І думаем, што было б, калі б гэтага маленькага прыпынку на карце нашага руху не адбылося...


Памятаю, як тата папрасіў перадаць стрыечнай бабулі, якая жыве ў Мінску, слоік мёду. Гэту бабулю на той момант я не бачыла ўжо гадоў шэсць. Жыве яна на іншым краі сталіцы — у раёне, дзе я зазвычай не бываю. Да таго ж ехаць трэба было ў выхадны дзень, у халоднае надвор'е. Таму, скажу шчыра, рабіць мне гэтага не хацелася. Пэўны час я змагалася з сабой, але вырашыла ўсё-такі выканаць просьбу. Стрыечную бабулю, між іншым, клічуць Ніна, як і мяне.

Сям'я сваякоў, як аказалася, жыве ў тыповай сталінцы. Надзвычай высокія столі, даволі шмат прасторы — было цікава трапіць у такі свет. Ніна Цімафееўна, як і ўсе бабулі, адразу пастаралася мяне накарміць. Калі ж ад ежы я адмовілася, то ад кубачка напою — не змагла. Кава, здобраная згушчаным малаком, шакаладныя цукеркі, глазураваныя сыркі, шакаладка — чамусьці я ўсё гэта памятаю надзвычай добра, хоць нярэдка бываю ў гасцях, дзе мяне частуюць. Можа быць, колькасць шакаладу на квадратны сантыметр сыграла сваю ролю! Да таго ж адчувалася тая цеплыня, з якой мяне частаваў родны чалавек.

Спачатку пагутарылі пра тое, як справы ў родных, хто чым жыве. А пасля ці то спрацавала мая журналісцкая звычка задаваць пытанні, ці то я даўно мела такую ўнутраную патрэбу... Але, паколькі ў бабулі і дзядулі я не паспела распытаць пра сваіх прадзедаў па гэтай лініі, я зразумела, што родная сястра, натуральна ж, таксама шмат што можа распавесці!

Па меры таго, як я распытвала, перад вачыма паўставаў невядомы раней свет маіх продкаў. Найперш уразіла тое, што ў прадзеда, аказваецца, было прозвішча Багушэвіч! Можа быць, ён і не сваяк «таму самаму». Але ж адразу ўсплывае ў галаве: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі...» І гэта шмат што для мяне значыць. Яшчэ прадзед вучыўся ў духоўнай семінарыі і скончыў яе на выдатна. Такія факты таксама істотныя. Калі духоўнасць была важнай для сям'і — гэта падстава, каб яна была важнай і для мяне. Ну а тое, што прадзед скончыў вучобу на выдатна, стымулюе таксама ўсё рабіць як мага лепш.

Незадоўга да той сустрэчы я трапіла на псіхалагічны трэнінг у родным горадзе, арганізаваны маёй колішняй настаўніцай. Дык вось, сутнасць яго ў тым, каб прыгадаць (даведацца, запісаць) моцныя рысы сваіх прамых сваякоў — бацькі, маці, бабулі, дзядулі, прабабулі, прадзядулі і гэтак далей. Яшчэ трэба даведацца, кім яны былі і кім марылі быць! Напрыклад, ваша бабуля працавала гандляркай, але марыла быць спявачкай, мела выдатны голас і часам выступала на сяброўскіх сустрэчах. Такі факт можа растлумачыць ваша ўласнае імкненне спяваць — надасць упэўненасці і моцы, каб рэалізаваць уласныя спеўныя здольнасці. Яны ўжо не проста нейкія дурыкі — гэта спадчынны талент! Псіхолагі сцвярджаюць, што такія веды — наш унутраны рэсурс. Ім трэба карыстацца!

Родныя аднойчы сыдуць, хоць і не хочацца думаць пра гэта. Трэба распытаць, запісаць, сфатаграфаваць, запомніць. Знаўцы кажуць, што такія веды надзвычай каштоўныя для нашага асабістага жыцця. І мы таксама ведаем, што гэта сапраўдны скарб.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!