Вы тут

Кніжныя навінкі


Нядаўна свет пабачыла шмат цікавых кніг, якія будуць карысныя тым, хто цікавіцца традыцыйнай беларускай культурай і гісторыяй. Сакрэты ўнікальнага віду рамяства, вынікі карпатлівых даследаванняў, найлепшыя рэцэпты беларускай кухні і многае іншае. Прапануем чытачам «Звязды» азнаёміцца толькі з некаторымі навінкамі.


Вольга Лабачэўская. Мастацтва дзеля славы Божай: саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы, выдавецтва «Беларуская навука».

Выданне прадстаўляе шэдэўры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — саламяныя царскія вароты пачатку ХІХ стагоддзя з іканастасаў палескіх цэркваў. Некаторыя архіўныя крыніцы ўпершыню ўведзены ў навуковы абарот, дзякуючы ім разглядаецца гісторыя вывучэння, музеефікацыі і рэстаўрацыі ўнікальных саламяных твораў сакральнага прызначэння, мастацкая стылістыка і тэхніка іх пляцення. Аўтар аналізуе глыбокія народныя вытокі гэтага віду мастацтва.

У альбоме паказаны сучасны працяг унікальнай традыцыі — выраб копій старадаўніх саламяных іканастасных варотаў і шлюбных вянцоў, арыгінальных твораў для цэркваў — іканастасаў, квотаў ікон, вянчальных карон і мітраў для святароў.

Кніга ўзбагачае веды аб гісторыі беларускага саламянага мастацтва і прызначана яго знаўцам і аматарам.


Гербоўнік беларускай шляхты. Том 5: Д, выдавецтва «Беларусь».

Кніга — працяг шматтомнага выдання, распачатага ў 2002 годзе. У пятым томе «Гербоўніка беларускай шляхты» пададзена 213 радаводаў шляхты пераважна Мінскай губерні на літару «Д», складзеных на падставе матэрыялаў фонду Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу.

У выданні можна знайсці звесткі аб роднасных сувязях прадстаўнікоў таго ці іншага роду, дату нараджэння і смерці, месцы пражывання, валоданне нерухомай маёмасцю, займанне пасад на дзяржаўнай (грамадзянскай або ваеннай) і прыватнай службе, удзеле ў гістарычных падзеях. Усяго том змяшчае звесткі пра тысячу шляхціцаў, якія жылі ў Беларусі да пачатку ХХ стагоддзя.

Для зручнасці выкарыстання зборнік забяспечаны іменным і геаграфічным паказальнікамі, пададзены аб'ёмны агляд айчынных публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя.

Зборнік — вынік некалькіх гадоў працы супрацоўнікаў архіва Яўгена Глінскага (кіраўніка аўтарскага калектыву), Дзмітрыя Мацвейчыка, Юрыя Снапкоўскага і Вадзіма Урублеўскага.


Алесь Белы. «Беларуская кухня. Гастранамічны шляхавод», выдавецтва «Рэнесанс Паблішынг».

Выданне прысвечана багатай гістарычнай спадчыне беларускай кухні, у ім сабрана больш за 40 страў і 8 напояў, іх рэцэпты і гісторыі ўзнікнення.

Кніга мае не толькі адукацыйнае, але і прыкладное значэнне. Апроч гісторый і рэцэптаў тут сабраныя рэстараны, аграсядзібы і прыватныя майстры, якія адраджаюць беларускія традыцыі сыраробства, хлебапячэння, піваварства і пераасэнсоўваюць нацыянальныя стравы.

Першая частка гастранамічнага даведніка прысвечана аўтэнтычным і важным у беларускай спадчыне стравам. Другая частка пазнаёміць з беларускімі напоямі, безалкагольнымі і алкагольнымі. Старка, зуброўка, разнастайныя настойкі, бярозавік і нават кава — якімі яны былі ў мінулым і што сталася цяпер.

Выданне імкнецца да таго, каб развеяць стэрэатыпы пра выключна вясковае мінулае беларускай кухні і яе аднастайнасць і паказаць жыццяздольнасць «старых» рэцэптаў у свеце сучаснай гастраноміі.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Новае жыццё традыцый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».