Вы тут

На што скардзіліся губернатару жыхары Вілейшчыны


Восем чалавек прыйшлі на асабісты прыём грамадзян, што правёў у Вілейцы старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Кожны чалавек са сваімі праблемамі, але ў асноўным яны пераклікаліся. Як заўсёды, заяўнікаў хвалявалі пытанні камунальнай гаспадаркі, рамонту дарог, падтаплення вуліц, зямельных адносін.


Васіль Фёдаравіч з райцэнтра — шматдзетны бацька. Малодшая дачка Аляксандра нарадзілася летась у жніўні. Цяпер у сям'і выхоўваюцца восем дзяцей, у тым ліку сем непаўналетніх.

— Калі сям'я была меншай, мы пабудавалі дзве кватэры — двухпакаёвую і аднапакаёвую. Але па дзеючых нормах нам не хапае дзевяноста квадратных метраў. Мы сталі на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў, — расказаў мужчына. — Мясцовыя ўлады прапаноўваюць участкі для шматдзетных, што маюць патрэбу ў большых «квадратах», у мікрараёне Паўночны. А гэта ўскраек горада: далёка да школы, дзіцячага садка, іншай інфраструктуры.

Заяўнік прасіў выдзеліць яму надзел для будаўніцтва індывідуальнага дома бліжэй да цэнтра.

Як растлумачылі спецыялісты райвыканкама, генеральным і дэталёвым планамі забудовы горада, будаўніцтва ў цэнтральнай частцы горада не прадугледжана. Мужчыну прапанавалі зямлю ў мікрараёне Паўночны, там дзе і знаходзяцца кватэры, якімі ён карыстаецца.

— Давайце зробім наступным чынам: даручым галоўнаму архітэктару Мінскай вобласці выехаць на месца і разабрацца ў сітуацыі. Калі будзе магчымасць, няхай падбярэ іншы ўчастак, — рэзюмаваў губернатар.

Анатоль Іванавіч з аграгарадка Лыцэвічы паскардзіўся, што суседскі хлеў амаль што мяжуе з яго гаспадарчымі пабудовамі. Гэта перашкаджае яму зрабіць водаадвод. У выніку паступова яго хлеў разбураецца. Заяўнік прасіў змяніць мяжу паміж зямельнымі ўчасткамі. Анатоль Ісачанка даручыў спецыялістам разабрацца ў сітуацыі.

Міхаіл Лявонцьевіч звярнуўся з просьбай заасфальтаваць участак дарогі, працягласцю 900 метраў, што вядзе да вёскі Балашы. Анатоль Ісачанка не абяцаў, што просьба будзе выканана, а даручыў спецыялістам выехаць у населены пункт і паглядзець, чым можна дапамагчы. Пры неабходнасці, прагрэйдаваць гэты кавалак дарогі.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна заўважыў, што падчас прыёму грамадзян у асноўным звяртаюцца па камунальных і зямельных пытаннях. Выклікаюць таксама заклапочанасць жыхароў Міншчыны стан вуліц, дарог, асабліва ў раёнах індывідуальнай забудовы. У Мінскай вобласці шаснаццаць тысяч кіламетраў дарог, з якіх палова патрабуе рамонту. Шмат пытанняў датычацца медыцынскага абслугоўвання. «Пры фарміраванні бюджэту на 2019 год мы ўлічылі гэтыя праблемы і па магчымасці будзем іх вырашаць», — канстатаваў губернатар.

Дадам, што летась Анатоль Ісачанка правёў дзевятнаццаць прыёмаў грамадзян, на якіх выслухаў 119 чалавек. Частка зваротаў была задаволена, іншыя знаходзяцца на дадатковым кантролі. Пасля вывучэння іх спецыялістамі будуць прынятыя адпаведныя меры. А частка просьбаў неабгрунтаваная, і не ўсе пытанні могуць быць вырашаны станоўча, паколькі супярэчаць заканадаўству.

Як і належыць, у адпаведнасці з дзеючымі нормамі, старшыня аблвыканкама даручыў вырашыць пытанне жыхаркі Вілейкі Алены Барысаўны, якая скардзілася на павышаны шум у кватэры ад ацяпляльнага абсталявання ў падвале жылога дома. Жанчына сцвярджала, што вечарам і пад раніцу немагчыма адпачываць ад цыркуляцыі вады і вібрацыі батарэй у зале і спальні. Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правяралі ўзровень шуму, але перавышэння не было. Анатоль Ісачанка даручыў яшчэ зняць паказанні. Аб выніках паведаміць яму да канца прыёму. Як высветлілася, усе стандарты ў межах нормы.

Пытанне, з якім звярнуўся Франц Мікалаевіч, камусьці можа падацца не вельмі значным: гібель пчол на пасецы. Як сцвярджае гаспадар, насякомыя загінулі ў выніку апрацоўкі грамадскіх пасеваў гербіцыдамі. Франц Мікалаевіч патрабаваў кампенсаваць яму страты, якія ацаніў у 150 кілаграмаў цукру. Анатоль Ісачанка даручыў дырэктару гаспадаркі спагнаць матэрыяльны ўрон з вінаватага на карысць ахвяры абставін.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Атручаныя пчолы і шум у кватэры

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.