Вы тут

Буда-Кашалёва будзе прыгажэць


Летась у сельскагаспадарчым Буда-Кашалёўскім раёне было намалочана 43,5 тысячы тон збожжа кукурузы, што ў два разы больш за ўзровень 2017 года. Ураджай каласавых збожжавых склаў амаль 74 тысячы тон, рапсу — наблізіўся да 3,8 тысячы тон. Кармоў было нарыхтавана амаль 250 тысяч тон. Старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкама Андрэй ГАРБАЧОЎ адзначае, што за гэтымі лічбамі стаіць штодзённая, карпатлівая праца кіраўнікоў гаспадарак, механізатараў, жывёлаводаў:


— Вынікі сведчаць, што людзі навучыліся эфектыўна працаваць на зямлі нават без наяўнасці спрыяльных пагодных умоў. Па выніках работы за мінулы год сельскагаспадарчымі арганізацыямі Буда-Кашалёўскага раёна выкананы паказчык па тэмпе росту вытворчасці валавой прадукцыі. Цяпер у пяці гаспадарках Буда-Кашалёўшчыны праведзена значная работа па абнаўленні тэхнічнай базы і рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб'ектаў. Напрыклад, ААТ «Гомельскі хімічны завод» пабудаваў траншэі для захоўвання сіласу агульнай ёмістасцю 10 тысяч тон у МТФ «Папаратнае» філіяла «Марозавічы-Агра».

— Андрэй Аляксеевіч, апошнім часам райцэнтр набыў сучасны выгляд. Работы ў гэтым кірунку працягваюцца?

— Пастаянна ажыццяўляецца капітальны рамонт жыллёвага фонду, праводзіцца добраўпарадкаванне дарог і гарадскіх вуліц. Так, летась Буда-Кашалёўскім ДРБУ-184 выкананы рамонтныя работы на многіх аўтадарогах мясцовага значэння. Завершана работа па рэканструкцыі моста цераз раку Хачэмля.

Ёсць пэўныя поспехі ў будаўнічай галіне. У райцэнтры ў верасні быў уведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом агульнай плошчай 2086 квадратных метраў. У сакавіку плануецца пачаць будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома. За кошт дзяржаўнай падтрымкі крэдыты атрымалі 11 шматдзетных сем'яў. Дамы для іх пабудуюць у розных населеных пунктах раёна, а таксама ў мікрараёне «Маладзёжны» Буда-Кашалёва.

— Відаць, на 2019 год вызначаны напружаныя заданні ва ўсіх сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця...

— Асноўная задача кіраўніцтва раёна — гэта паляпшэнне жыцця яго насельніцтва, забеспячэнне сярэдняй заработнай платы ў памеры, адпаведным 500 доларам ЗША. Для гэтага трэба сканцэнтраваць сваю ўвагу на павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці, рацыянальным выкарыстанні абаротных сродкаў, рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку на экспарт. Нам трэба павышаць эфектыўнасць работы прадпрыемстваў, ствараць новыя рабочыя месцы. Сумеснымі намаганнямі мы зробім наш раён яшчэ прыгажэйшым і ўпішам у яго гісторыю шмат новых выдатных старонак. Нас усіх аб'ядноўвае тое, што сваю плённую працу, веды і энергію мы накіроўваем на ўмацаванне прэстыжу Буда-Кашалёўскага раёна.

Галоўныя дасягненні Буда-Кашалёўскага раёна ў галіне камунальнай гаспадаркі — своечасовае выкананне двух даручэнняў Прэзідэнта. У верасні 2018 года аднавілі і ўладкавалі пешаходны пераход цераз чыгунку ў райцэнтры. А сучасны лазневы комплекс плошчай 300 квадратных метраў стаў падарункам да Новага года.

Першая згадка пра вёску Буда-Кашалёўскай воласці ў дакументах адносіцца да 1824 года. У той час тут пражывалі дзяржаўныя сяляне. Імклівы рост паселішча пачаўся ў апошняй чвэрці XІX стагоддзя, калі тут была пабудавана станцыя Лібава-Роменскай чыгункі. Будаўніцтва магістралі спрыяла развіццю прамысловасці і рамёстваў, асабліва ў галіне лесаперапрацоўкі. Узоры буда-кашалёўскага дубу выстаўляліся нават на сусветных выстаўках у Парыжы.

Буда-Кашалёўскі раён заснаваны ў 1924 годзе ў складзе Бабруйскай акругі. У 1938 годзе Буда-Кашалёва атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка, а ў 1971-м — горада.

Насельніцтва раёна цяпер складае больш за 29 тысяч чалавек. У райцэнтры пражывае 8,5 тысячы жыхароў.

За мінулы год навучэнцамі школ Буда-Кашалёўскага раёна заваявана 8 дыпломаў у інтэлектуальных, больш за 50 — у творчых конкурсах. На правах пераможцы 2018 года раён у новым 2018/2019 навучальным годзе прымае абласны дзіцячы конкурс інтэлектуалаў «ДЗЕТКІ».

Летась на базе сярэдняй школы № 1 Буда-Кашалёва адкрыты спецыялізаваны спартыўны клас. Школьнікі займаюцца вольнай барацьбой і лёгкай атлетыкай.

У мінулым годзе падрыхтавана пяць кандыдатаў у майстры спорту.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.