Вы тут

Выстава работ фатографаў з усёй краіны адкрылася ў Палацы Рэспублікі


Сабраць разам работы фатографаў з розных месцаў нашай краіны — добрая ідэя. Каб убачыць нарэшце, чым жыве не толькі сталіца, але і рэгіёны. Каб паспрабаваць адчуць сапраўднае жыццё такім, якім бачаць яго мясцовыя жыхары. #дом207,595 — менавіта так называецца выстаўка, якая пачала экспанавацца ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», што месціцца ў сталічным Палацы Рэспублікі. І вы сапраўды не ўбачыце там работы мінскіх майстроў. Тым і цікавая, і па-свойму прывабная гэта экспазіцыя.


У першай зале галерэі знаходзяцца работы магілёўскіх фотамастакоў. Аднак гэта не сучасныя работы, а рэтраспектыва. Глядач убачыць здымкі, зробленыя ў 1970—1990-х гадах удзельнікамі тамтэйшых фотаклубаў. Стваральнікі гэтай экспазіцыі адзначаюць, што на розных этапах свайго станаўлення магілёўская фатаграфія мела розныя характэрныя рысы. У свой час вядучую пазіцыю займала дакументальная, публіцыстычная форма. Аднак цяпер фатаграфія займела новыя прыкметы і развіваецца ў розных напрамках: ад традыцыйнага класічнага да вобразнага, дэкаратыўнага, асацыятыўнага, ад дакументальнага рэпартажу да карціны на стыку лубка, жывапісу і графікі.

Імёны такіх фатографаў, як Зіновій Шэгельман і Павел Цішкоўскі, вядомыя не толькі ў Магілёве. Наведвальнікі выстаўкі ўбачаць работы пачынальнікаў творчай фатаграфіі горада на Дняпры. Сярод аўтараў — Аляксандр Сідлераў і Карл Янавіцкі, таксама іх паслядоўнікі — Генадзь Дондзік, Анатоль Талкачоў, Ірына Савосіна, Генадзь Карчэўскі, Аляксандр Ліцін, Мірон Шчудло і іншыя. Усе яны з'яўляюцца прадстаўнікамі магілёўскіх народных фотаклубаў «Вясёлка» і «Студыя 3 рlus».

Калі крочыць па выстаўцы далей, на стыку дзвюх залаў можна ўбачыць работы гродзенкі Любові Блохавай. Яе работы прысвечаны лічбавым тэхналогіям, аднак не толькі ім. Вось што яна сама расказвае пра свае работы: «У якім бы стагоддзі ні жыў чалавек, яму заўсёды патрабуецца інфармацыя аб тым, што адбываецца ў краіне, у свеце. Чалавек адчувае прагу і да мастацкай літаратуры, якая фарміруе мастацкі густ і выхоўвае рознабаковую асобу. І яму трэба мець стасункі і з іншымі. Усё гэта стала дасяжным «тут і цяпер» дзякуючы смартфонам і інтэрнэту. Інтэрнэт — лепшае вынаходніцтва для ўсталявання зносін, для хуткага атрымання інфармацыі, дзе б чалавек ні знаходзіўся. Нават у грамадскім транспарце. Інтэрнэт — гэта лепшае, што прыдумала чалавецтва за апошні час». Натуральна, з такім меркаваннем аўтаркі можна не пагадзіцца. Бо часам інтэрнэт не толькі дапамагае ўсталяваць стасункі, але і «забірае» нас ад нашых рэальных блізкіх людзей. У сваіх невялічкіх фотападборках аўтар паказала рознасць кантактавання і баўлення вольнага часу на прыкладзе грамадскага транспарту. Хтосьці чытае газету, хтосьці сядзіць у сваім смартфоне, а хтосьці задуменна пазірае ў акно, забыўшыся пра паўсядзённае...

Яшчэ адна цікавая падборка, знятая таксама ў Гродне Аляксандрам Саенкам яшчэ ў 2008—2009 гадах, называецца «Едуны». На здымках можна пабачыць будні дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас». У яе межах манахіні раздаюць бясплатныя абеды бяздомным і маламаёмным людзям і тым, чый прыбытак не перавышае 50 еўра.
Сёстры-манахіні самі гатуюць стравы, размяркоўваюць цёплыя булкі свежага хлеба сярод тых, хто завітаў да іх на абед. Усё — дзеля дапамогі тым, хто побач, і здзяйснення добрых спраў Хрыста на гэтай зямлі, што ўдала адлюстравана на фота.

З се­рыі «Еду­ны»  Аляк­санд­ра Са­ен­кі.  Грод­на.

Даволі паэтычна выглядаюць работы мазыраніна Аляксандра Зазулі. Назвы яго работ «Самота неадкрытасці», «Святло ў акне» гавораць самі за сябе. На іх сапраўды бачыцца даволі маляўнічая сцяна, рамантычнае акно ў драўлянай ліштве. А вось работа «Неба жыцця» ўвогуле надзвычай арыгінальная. На фоне сіняга неба выяўлены... звычайныя камары. Аказваецца, яны хмарамі раяцца над Прыпяццю ў маі-чэрвені і пры гэтым зусім не кусаюцца. Дарэчы, камары на гэтым палатне нагадваюць хутчэй белыя дзьмухаўцы, якія ўзляцелі да нябёс.

«Не­ба жыц­ця». Аляк­сандр За­зу­ля. Ма­зыр.

Адна з самых моцных серый выстаўкі — падборка Алены Ярашэвіч з Асіповіч пад назвай «Проста людзі». Гэта праект пра звычайных вяскоўцаў, якія працуюць на зямлі. «Земляробы. Сяляне. Працаўнікі... Часта пра іх кажуць зняважліва «калгаснікі». Часам наўмысна-пафасна — «соль зямлі». Проста людзі», — так тлумачыць канцэпцыю сваіх работ сама аўтар. Яе фотаздымкі чапляюць рэалістычнасцю, прастатой. У іх паказана тое, што мы прызвычаіліся не заўважаць, але на што варта было б звярнуць увагу...

З серыі "Проста людзі" Алены Ярашэвіч. Асіповічы.

Дарэчы, 207 595 кіламетраў — такая плошча Беларусі. Таму выстаўка і атрымала адпаведную назву #дом207,595. За гэтымі лічбамі — шум вялікіх гарадоў і цішыня маленькіх вёсак, людзі, якія там жывуць, іх побыт, дарогі, якімі яны ходзяць. Адным словам, гэта жыццё, якое і стала галоўнай тэмай экспазіцыі.

— Гэтай выстаўкай мы спрабавалі паказаць, як развіваецца сёння сучасная нацыянальная фатаграфія, — расказвае куратар — фатограф Марына Бацюкова. — Культурнае жыццё краіны не сканцэнтравана толькі ў Мінску. У іншых гарадах Беларусі працуе шмат таленавітых, удумлівых аўтараў, работы якіх трэба паказваць шырокай аўдыторыі.

Выстаўка будзе працаваць да 21 студзеня і адкрыта для наведвання.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.