Вы тут

Як у доме Коласа Каляды святкавалі


У наш час сэнс многіх святаў звужаецца выключна да пасядзелак за сталом. Супрацоўнікі літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску мірыцца з гэтым не намераны: кожны год для ўсіх жадаючых яны ладзяць музычную імпрэзу падчас Каляд.


Трапіўшы на гэтае свята аднойчы, абавязкова абяцаеш сабе вярнуцца сюды і на наступны год. Тым больш праграма мерапрыемства ніколі не паўтараецца. У гэтым студзені пакоі, дзе калісьці жыў і працаваў Якуб Колас, напоўнілі галасы ансамбля мужчынскага хора Мінскага храма-помніка ў гонар Усіх Святых (рэгент Дзмітрый Такмакоў). Светлыя царкоўныя песні, вясёлыя калядныя прыпеўкі славян, пранікнёныя свецкія кампазіцыі… Вядома, што “калядоўшчыкам” з такім рэпертуарам будуць рады ў любым доме.

Увогуле, коласаўскія Каляды адметныя сваім духоўным зместам, бо сярод арганізатараў - святары. Прычым з’язджаюцца яны з розных куточкаў краіны. Братоў протадыякана Свята-Пакроўскага храма горада Баранавічы Андрэя Гарбунова і настаяцеля храма ў гонар праведнай дзевы Іўліяніі, князёўны Альшанскай вёскі Альшаны Іаана Гарбунова наведвальнікі музея ведаюць добра. Тут, у музеі, яны прадстаюць у  нечаканых для сябе ролях. Першы пранікнёна выконвае рамансы пад гітару, а другі выступае ў якасці вядучага. І трэба аддаць ім належнае: галасы гучныя, пастаўленыя – не наслухацца. Ды і дзе ты яшчэ пачуеш, як святар чытае ўрыўкі з “Новай зямлі” пра Каляды?

Іераманах Агафангел, які болей за дзесяць гадоў жыве ў Беларусі, але з’яўляецца насельнікам манастыра на поўдні Сербіі, парадаваў прысутных каляднымі песнямі на роднай мове.

– У нашай краіне віншуюць не з Раством Хрыстовым, а з Божычам. Гэтае слова можна перакласці як “сын Божы, ці нават маленькі Бог”, якім і быў Хрыстос. 

Сімвалічна прагучалі словы ўнучкі Якуба Коласа Марыі Міцкевіч. Яна зачытала ўрывак з паэмы “Сымон-музыка”, які ў савецкія часы быў выкінуты цэнзарамі, і толькі цяпер, праз сто гадоў пасля выдання паэмы, вярнуўся на сваё месца. 

– Гэтыя 114 радкоў – “Ода Богу”. У свой час Максім Гарэцкі назваў яе лепшай одай Усявышняму ў творчасці беларускіх пісьменнікаў, – распавяла Марыя Міхайлаўна. 

Не абышлося і без сюрпрызаў. Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан (дарэчы, з прапановы якога ў Коласавым доме і пачалі ладзіцца Каляды) у чарговы раз здзівіў прысутных выдатным веданнем творчасці песняра. Уладыка на памяць зачытаў адзін з ранніх твораў паэта – гумарыстычны верш-апавяданне “Зяць”. 

– Вучыў я яго гадоў 50 таму. Таму калі забудуся што – выбачайце, а лепш падказвайце, – з хітрынкамі ў вачах усміхнуўся архіепіскап і разыграў перад гасцямі цэлы міні-спектакль па ролях. 

– Пасля нашых традыцыйных калядных сустрэч і думкі ў галаве святлейшыя, і дыхаць лягчэй. Госці з Палесся прывозяць да нас сонца нават у самыя марозныя дні, – прызналася дырэктар музея Зінаіда Камароўская. – Вершы, музыка, ды і проста размовы пра літаратуру заўсёды былі, ёсць і будуць у Коласавым доме. 

Ганна КУРАК, відэа аўтара

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.