Вы тут

Што будзе з рынкам працы ў 2019-м?


Ці чакаць росту заробкаў сёлета? У якіх сферах вакансій будзе хапаць, а дзе з пошукам рабочага месца давядзецца паваждацца? І наогул, ці спрыяльны цяпер час мяняць работу? «Звязда» папрасіла экспертаў падзяліцца прагнозамі на бягучы год.


Пункт раўнавагі

Па афіцыйнай статыстыцы, за мінулы год павялічылася колькасць вакансій: у снежні 2018-га наймальнікамі было заяўлена на 41 працэнт свабодных рабочых месцаў больш, чым год таму. Цяпер у агульнарэспубліканскай базе налічваецца 78 тысяч прапаноў.

— Думаю, такі попыт на рабочую сілу захаваецца і сёлета, — дзеліцца начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Колькасць вакансій значна расці не будзе. Сітуацыя дасягнула пункта раўнавагі.

Павышэння ўзроўню беспрацоўя ў ведамстве таксама не прагназуюць. Як і істотнага павелічэння заробкаў. Калі арыентавацца на прагнозныя паказчыкі, то рэальная заработная плата ў бягучым годзе ў параўнанні з 2018-м вырасце на 4 % у бюджэтнай сферы і на 3,8 % у рэальным сектары эканомікі.

Спіс запатрабаваных прафесій збольшага не змяняецца. У версе рэйтынга работнікаў, якіх найчасцей шукаюць наймальнікі, — урачы, медсёстры, кіроўцы аўто, кухары і прадаўцы. У сталіцы ў попыце застануцца таксама прыбіральшчыкі, а ў рэгіёнах — ветэрынарныя ўрачы, аператары машыннага даення, трактарысты-машыністы, электраманцёры па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання.

Час прафесіяналаў

Дырэктар кадравага агенцтва «Калекцыя адкрыццяў» Ірына ШАТКОЎСКАЯ адзначае, што летась назіраўся рост вакансій у сферы ІТ, продажаў, інтэрнэт-маркетынгу. Запатрабаваны былі бухгалтары — але менавіта галоўныя, а не пярвічнага звяна, бо работа апошніх у большасці арганізацый ужо аўтаматызавана. Складанасці з рабочымі месцамі былі ў будаўніцтве і банкаўскай галіне. Хутчэй за ўсё такія тэндэнцыі захаваюцца і ў 2019-м.

Змяніліся патрабаванні да кіраўнікоў. Умення арганізаваць працэс ужо недастаткова — неабходны дадатковыя навыкі і вопыт менавіта ў той дзейнасці, якой займаецца кампанія.

— Ведаю, што на рабочых спецыялістаў высокага ўзроўню — слесараў, мантажнікаў — вялікі попыт, і ў іх дастаткова высокія заробкі, — дадае Ірына Шаткоўская. — Цяпер настае час прафесіяналаў з вялікай літары. Калі вы майстар у сваёй справе, не важна ў якой галіне вы працуеце, — вы дакладна знойдзеце работу. Трэба заўсёды аналізаваць свой узровень адукацыі і ўвесь час яго павышаць. Тым больш цяпер ёсць шмат магчымасцяў, курсаў — у тым ліку бясплатных. Не чакайце, што вам нехта дапаможа, штосьці зменіцца. Трэба за сябе змагацца і канкурыраваць за добрыя месцы на рабоце.

З цікавых тэндэнцый мінулага года — часта саіскальнікам быў важны не заробак, а імідж кампаніі. Некаторым прадпрыемствам вельмі складана знайсці супрацоўнікаў з-за дрэннай рэпутацыі на рынку. «Мы чулі, тут вялікая цякучка, затрымліваюць заробкі», — адмаўляюцца ад такіх прапаноў кандыдаты. Нават калі ім тлумачаць, што сітуацыя ў кампаніі змянілася, у іх застаюцца сумненні. Таму задача для прадпрыемстваў на бягучы год — падымаць свой імідж. Інакш цэнных спецыялістаў прыцягнуць не ўдасца.

Катэгорыя, у якой будуць складанасці з працаўладкаваннем, — людзі за 50.

— Многія з іх — з велізарным вопытам, у добрай фізічнай форме, гатовы развівацца. І гэта такая несправядлівасць з боку наймальнікаў адмаўляць ім толькі з прычыны ўзросту, — кажа Ірына Шаткоўская. — Мы са свайго боку працуем з кампаніямі, каб адсунуць гэту ўзроставую планку. Важна мяняць свядомасць работадаўцаў, каб яны давалі магчымасць прафесіяналам у сваёй галіне працягваць працаваць.

Тым, хто знаходзіцца на старце кар'еры ці вырашыў памяняць прафесію, эксперт раіць пры выбары сферы дзейнасці адштурхоўвацца ад двух крытэрыяў — сваіх пераваг і тэндэнцый на рынку працы. Важна адэкватна ацэньваць сябе: абяцаць спецыялісту-пачаткоўцу завоблачны заробак ніхто не будзе — нават у такой высокааплатнай сферы, як ІТ.

Іншая парада — пастарацца манетызаваць сваё хобі. Магчыма, з вашага захаплення мовамі ці рукадзеллем рэальна зрабіць крыніцу дадатковага або асноўнага заробку.

Прыцягальнае замежжа

Не ўсе эксперты глядзяць на 2019-ы з аптымізмам. Сёлета саіскальнікаў чакаюць не вельмі радасныя перспектывы, лічыць кіраўнік агенцтва па працаўладкаванні «Першае рашэнне» Інеса ЦІШКЕВІЧ.

— Яшчэ Мінск больш-менш трымаецца, рабочыя месцы ёсць, і заробкі адносна нядрэнныя. Але ў цэлым па краіне сярэдні заробак па вакансіях — 500 рублёў. І людзі пагаджаюцца на такую работу. На жаль, шмат прапаноў з заробкамі і па 300, і па 400 рублёў, людзей афармляюць на палову стаўкі.

Калі казаць пра рабочы клас, то патрабуюцца ўпакоўшчыкі, камплектоўшчыкі. Неабходны адміністратары, але па аплаце такія вакансіі нявыгадныя — наймальнікі спасылаюцца на дарагую арэнду і высокія камунальныя плацяжы, якія не дазваляюць больш плаціць персаналу.

На думку Інесы Цішкевіч, беларусы часцей будуць шукаць вакансіі за мяжой.

— Калі раней цікавіліся работай вахтавым метадам па Беларусі, то цяпер саіскальнікі скіраваны на Захад — разглядаюць Польшчу, Літву. Едуць не толькі будаўнікі, але і фасоўшчыкі, камплектоўшчыкі. Гэта могуць быць нават грамадзяне з некалькімі вышэйшымі адукацыямі, якія не здольны сябе прымяніць і ідуць на простыя работы.

Сярод спецыялістаў, заўважае эксперт, як правіла, на адно добрае месца вялікі конкурс. Так, на вакансію начальніка гаспадарчага ўпраўлення можа прэтэндаваць шэсць-восем чалавек.

— Цяпер неспрыяльны час, каб мяняць рабочае месца, — мяркуе Інеса Цішкевіч. — Калі ў вас скончыўся кантракт і вам прапанавалі яго працягнуць — працягвайце. Раю спачатку знайсці работу, а потым звальняцца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Толькі лічбы

Згодна з Агульнарэспубліканскім банкам вакансій, заробкі да 400 рублёў прапануюць у 30,5 % выпадкаў, ад 400 да 600 — у 36,5 %, ад 600 да 800 — у 20,7 %. Плаціць ад 800 да 1000 рублёў гатовы толькі на 7,3 % вакансій, а больш за тысячу — 5 %.

Загаловак у газеце: У выйгрышы інтэрнэт-маркетолагі і электраманцёры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?