Вы тут

Як правільна кіраваць зберажэннямі


Як толькі ў нас з'яўляюцца лішнія грошы, то адразу ўзнікае пытанне, куды іх укласці, каб яны прынеслі нейкі дадатковы прыбытак. У фінансістаў наконт гэтага прапаноў хапае. Аналітыкі ўпэўненыя, што грошы павінны працаваць нават тады, калі поспехі ў эканоміцы не такія відавочныя... Зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць — тут кожны выбірае свой алгарытм.


Лепш усё-такі безадзыўны...

Варыянтаў мноства, але яны залежаць ад сумы вашых накапленняў. Самы першы, які прыходзіць у галаву большасці і даступны ўсім, — адкрыць дэпазіт. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі змяняюцца. Давайце разбярэмся, якія бываюць банкаўскія ўклады і колькі можна на гэтым зарабіць.

Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі — адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы — цалкам або часткова. Ужо за саму магчымасць у любы час пакарыстацца сваімі грашыма кліент банка расплачваецца паніжанымі працэнтамі. Самы выгадны адзыўны дэпазіт на пяць месяцаў прадугледжвае 7—8 % гадавых. Гэта дзесьці на 2—2,5 % менш, чым па стаўцы безадзыўнага ўкладу.

Калі вы здымаеце грошы датэрмінова, то працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную. Зараз умовы датэрміновага скасавання вельмі жорсткія. Дапусцім, ваш дэпазіт на пяць месяцаў, а грошы вы забралі ўжо праз месяц. У гэтым выпадку вам налічаць ўсяго адзін працэнт даходу. Калі зберажэнні праляжаць два месяцы — атрымаеце 3 %, тры месяцы — 5 %, чатыры месяцы — 6 %.

Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі пасля заканчэння таго тэрміну, які ўказаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды прывабныя і вышэйшыя. Давайце параўнаем: гадавая стаўка банка адзыўнага ўкладу на 4 месяцы — 6 %, безадзыўнага — ужо 9,2 %. Адрозненні будуць заўсёды, незалежна ад тэрміну, на які вы кладзяце свае грошы ў банк.

Каб прыцягнуць кліентаў, банкі сёння прапануюць нядрэнныя працэнты на безадзыўныя ўклады нават на кароткія тэрміны. Стаўкі памерам 9—9,2 % гадавых цяпер можна знайсці на дэпазіце на тэрмін 35, 65 і 95 дзён. Таксама 9,2 % гадавых можна атрымаць за ўклад на тэрмін у тры ці чатыры месяцы. А вось за дэпазіт на 190 дзён банкіры дадуць 10,3 % гадавых. Самая добрая стаўка, якая роўная 12,5 % гадавых, прадугледжана за безадзыўны ўклад на тэрмін 14 месяцаў і больш.

Стаўка фіксаваная, але ёсць нюансы

Большасць дэпазітаў, асабліва з невялікімі тэрмінамі, маюць пастаянную працэнтную стаўку, якая самастойна банкамі мяняцца ўжо не можа. Наогул, банкі цяпер не могуць памяншаць стаўкі па дэпазітах у аднабаковым парадку. Гэта стала правілам, якое зафіксаваў рэгулятар яшчэ ў лістападзе мінулага года, але...

З названага правіла маецца выключэнне: дагаворы са зменнай стаўкай, што залежыць ад паказчыка, змяненне якога адбываецца незалежна ад банка. У прыватнасці, такім параметрам можа быць стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка. Таму некаторыя банкі, апісваючы стаўку на працяглыя тэрміны, адзначаюць, што яна роўная стаўцы рэфінансавання плюс-мінус нейкі працэнт.

Акрамя таго, банкі пазбавіліся магчымасці зарабляць сродкі яшчэ некалькімі спосабамі, якія ў Нацыянальным банку палічылі непрымальнымі. У прыватнасці, ім забаронена браць грошы за інфармацыю аб умовах крэдытавання і разгляд заявы аб выдачы крэдыту, а таксама за адкрыццё банкаўскага рахунку і залічэнне на яго крэдыту.

Валюта зімой не каціруецца

Традыцыйна ўклады дзеляцца і па тыпе валюты: можна адкрыць рублёвы або валютны дэпазіт. Натуральна, стаўкі па першым заўсёды вышэйшыя. Напрыклад, максімальная стаўка, якую можна знайсці на ўклад у беларускіх рублях, — 12,5 % гадавых.

Калі грошы вы збіраеце на працягу года для мэтавай пакупкі ў айчыннай валюце, то лепш аддаваць перавагу рублям. Чаму? Наш рубель таннее ў адносінах да долара ў сярэднім на 5—6 % у год. Пакуль гэта было так, ва ўсякім выпадку, у апошнія два гады дакладна. Возьмем па максімуме 6 % і адымем ад нашых 12,5 %. Атрымліваем рэальных 6,5 % з пераводам у валюту. Узяць большы працэнт ад укладу ў валюце можна толькі, калі вы маеце смеласць «гуляць» у карпаратыўныя валютныя аблігацыі. Дарэчы, з сакавіка і іх ужо не будзе.

Зусім іншы варыянт атрымліваецца, калі вы плануеце паехаць летам за мяжу ці ўжо доўгі час збіраеце грошы на нерухомасць. У гэтым выпадку вам лепш, відаць, выбраць валютны ўклад, тут ваш выбар залежыць ад актуальнай на сёння доларавай інфляцыі. Працэнты па валютным укладзе невялікія — максімум 2 % гадавых. Сярэдняя стаўка па доўгатэрміновых укладах складае ад 1 % да 1,5 %.

Сяргей КУРКАЧ

У тэму

Па валютных аблігацыях — аж да поўнага выканання абавязацельстваў эмітэнтам

У мэтах дэдаларызацыі эканомікі нашай краіны была распрацавана пастанова Нацбанка № 612, якая адмяняе шэраг дазволеных выпадкаў выкарыстання замежнай валюты ў разліках паміж рэзідэнтамі:

  •  па аперацыях з аблігацыямі, намінаванымі ў замежнай валюце, юрыдычных асоб — рэзідэнтаў і банкаў;
  •  пры ажыццяўленні валютных аперацый паміж банкамі, за выключэннем банкаўскіх аперацый;
  •  пры спагнанні банкамі ўзнагароджання (платы) пры ажыццяўленні банкаўскіх аперацый, за выключэннем працэнтаў за карыстанне крэдытам у замежнай валюце, працэнтаў па ўкладах (дэпазітах) у замежнай валюце;
  •  па асобных відах дагавораў страхавання і сустрахавання.

Пастанова № 612 уступае ў сілу з 1 сакавіка гэтага года. Для выканання абавязацельстваў па раней заключаных дагаворах гэтай пастановай прадугледжваюцца пераходныя палажэнні.

«У прыватнасці, устаноўлена, што па дагаворах з вызначаным тэрмінам дзеяння, заключаных да даты афіцыйнага апублікавання пастановы № 612, разлікі ў замежнай валюце праводзяцца на ўмовах, устаноўленых у гэтых дагаворах. Разам з тым пры змене істотных умоў гэтых дагавораў пасля даты афіцыйнага апублікавання пастановы № 612, у тым ліку ў частцы падаўжэння тэрмінаў іх дзеяння, умовы гэтых дагавораў павінны прадугледжваць, што з 1 сакавіка 2019 года разлікі па іх (у выпадку іх правядзення) павінны ажыццяўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі гэтай пастановы», — гаворыцца ў інструкцыі Нацбанка.

Па аблігацыях рэзідэнтаў, намінаваных у замежнай валюце, выпуск якіх зарэгістраваны ў нашай краіне да даты афіцыйнага апублікавання пастановы № 612, выкарыстанне замежнай валюты дапускаецца да поўнага выканання абавязацельстваў эмітэнтам.

Загаловак у газеце: Зберажэннямі трэба кіраваць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.