Вы тут

Наколькі складана стварыць безбар'ернае асяроддзе


Што маем?

Трэба сказаць, у нашай краіне выкананне базавых нормаў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя зараз з'яўляецца абавязковым для ўсіх арганізацый, якія ажыццяўляюць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі пры будаўніцтве новых будынкаў. Гэтыя нормы прапісаны ў тэхнічных нарматыўных прававых актах (тэхнічныя кодэксы, дзяржаўныя стандарты, тэхрэгламенты, тэхнічныя ўмовы). І новы будынак не прымаецца, калі там не забяспечана безбар'ернае асяроддзе. Але ў нас вельмі праблемным у гэтым плане з'яўляецца жыллё, якое было пабудавана раней, у першую чаргу «хрушчоўкі». Там забяспечыць доступ для людзей з абмежаванымі магчымасцямі вельмі складана.


«Мы прапануем людзям з інваліднасцю перасяляцца на першыя паверхі, — сказала «Звяздзе» член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна СТАРЫНСКАЯ. — Але за ўвесь час маёй работы ў сацыяльнай службе Першамайскага раёна Віцебска (а гэта 10 гадоў) ні адзін чалавек з інваліднасцю не пагадзіўся на гэта. І я не чула пра такія выпадкі ў іншых раёнах».

Як выходзяць з сітуацыі? Ёсць дамы, дзе, па словах Таццяны Старынскай, робяць адкідныя пандусы на працягу трох-чатырох паверхаў, але яны небяспечныя і замінаюць іншым людзям. І, вядома, гэта не выйсце з сітуацыі.

— Нам трэба заканадаўча адрэгуляваць парадак уладкавання безбар'ернага асяроддзя ў дамах і кватэрах, дзе жывуць інваліды і сем'і, у якіх ёсць інваліды, а таксама ўладкавання безбар'ернага асяроддзя ў месцах агульнага карыстання, — адзначае намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. — Бо нярэдкія выпадкі, калі чалавек на калясцы змог падняцца па пандусе, але ўвайсці ў будынак усё роўна не можа. Таму што альбо шырыня дзвярэй не адпавядае нарматывам, альбо аказваюцца яшчэ прыступкі, па якіх падняцца чалавек з інваліднасцю не ў стане. Так, у нашым заканадаўстве ёсць усе адпаведныя нормы, але практыка паказвае, што часта ўзнікае шмат пытанняў, асабліва гэта датычыцца ўладкавання безбар'ернага асяроддзя ў месцы пражывання інваліда. Напрыклад, у нас у многіх будынках ліфты чамусьці пачынаюцца з другога паверха, і пандусаў да іх няма. Мы стараемся выправіць памылкі будаўніцтва мінулых гадоў, але гэта адбываецца з вялікай цяжкасцю. І чалавеку з інваліднасцю даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў, каб скарыстацца сваім правам на даступнае асяроддзе.

Вельмі важна забяспечыць для такіх людзей бесперашкодны доступ не толькі да жылых аб'ектаў, але і да аб'ектаў сацыяльных, інжынерных, транспартных, да ўсёй інфраструктуры ўвогуле.

Асноўныя аб'екты, куды звяртаюцца людзі з інваліднасцю, — гэта ўстановы аховы здароўя. Але, як заявіла на нядаўняй прэс-канферэнцыі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, усяго толькі 14 % такіх аб'ектаў маюць 100-працэнтную даступнасць. Часткова даступнымі з'яўляюцца 56 % устаноў аховы здароўя, цалкам недаступныя — 20 %.

Па словах Ірыны Касцевіч, гэта ў асноўным будынкі, пабудаваныя ў мінулым стагоддзі, і ў іх вельмі складана цяпер забяспечыць безбар'ернае асяроддзе. «Але мы ўсё роўна кажам пра тое, што над гэтым будзем працаваць», — адзначыла міністр.

Праблема пакуль ёсць і ў сферы адукацыі — недаступнымі застаюцца 51 % аб'ектаў. Не лепш ідуць справы ва ўстановах гандлю і бытавога абслугоўвання. Так што, па словах міністра працы і сацыяльнай абароны, «нас яшчэ чакае вялікі фронт работ па паляпшэнні сітуацыі па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў розных галінах эканомікі».

Што плануецца?

У Беларусі зараз распрацаваны праект закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», гэтай вясной яго плануецца вынесці на абмеркаванне ў парламент. Ён аб'ядноўвае ў сабе палажэнні двух дзеючых законаў: «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў». Гэта зроблена для таго, каб прывесці наша нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з Канвенцыяй аб правах інвалідаў.

Згаданым праектам закона прапануецца з 2023 года ўстанавіць для наймальнікаў квоту для прыёму на работу інвалідаў. Таму што немагчыма назваць паўнавартаснай адаптацыю і сацыяльную рэабілітацыю людзей з інваліднасцю, калі яны не змогуць працаваць. Для гэтага і будзе існаваць
механізм квот. Гэта значыць мясцовымі выканкамамі або дзяржаўнымі праграмамі будзе ўстанаўлівацца мінімальная колькасць рабочых месцаў для людзей з інваліднасцю. Згодна з праектам закона, прадпрымальнікі з інваліднасцю таксама змогуць разлічваць на садзейнічанне з боку мясцовых выканкамаў.

І зноў жа, трэба будзе абсталяваць рабочыя месцы для гэтых людзей, стварыць неабходную інфраструктуру, якая забяспечыць магчымасць руху і гэтак далей. Таму да 1 студзеня 2025 года дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі павінны будуць прыняць неабходныя меры па стварэнні даступнага асяроддзя жыццядзейнасці для інвалідаў. У тых выпадках, калі дзеючыя аб'екты немагчыма цалкам прыстасаваць з улікам патрабаванняў па забеспячэнні даступнасці, згаданым праектам закона прадугледжваецца, што ўласнікі гэтых аб'ектаў да іх рэканструкцыі або капітальнага рамонту абавязаны будуць прымаць узгодненыя з грамадскімі аб'яднаннямі інвалідаў меры для забеспячэння доступу да іх асоб з інваліднасцю.

Маюцца ў праекце закона і нормы аб выдзяленні і выкарыстанні парковачных месцаў для інвалідаў. Акрамя ўсяго іншага, для гэтай катэгорыі людзей прадугледжана пасля прад'яўлення адпаведнага пасведчання права бясплатнага карыстання аўтамабільнымі паркоўкамі.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Без бар'ераў: каб прыступкі не сталі перашкодай...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.