Вы тут

Ад біягумусу да крафтавага піва — чым займаюцца сельскія бізнесмены?


Вытворчасць драўляных вокнаў, біягумусу, крафтавага піва, сумак з ручной вышыўкай, майстэрня па рамонце адзення, свая станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўто і ферма па вырошчванні трусоў — 24 прадпрымальнікі паверылі ў сваю мару і атрымалі сродкі на ўласны бізнес.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Мае ілюстрацыйны характар

Старт — ап!

Чароўнымі «феямі», якія далі магчымасць рэалізаваць ідэі, сталі грамадскія арганізацыі «Экапартнёрства» і «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю». Пры падтрымцы Еўрапейскага саюза яны арганізавалі бізнес-інкубатар і Школу сельскага бізнесу.

Ідэю, што бізнес і вёска — паняцці сумяшчальная, падтрымалі як мінімум 140 чалавек. Столькі прэтэндэнтаў жадалі заняць месца за «школьнай» партай у вёсцы Камарова. Але для чатырох вучэбных сесій былі адабраны толькі 43 слухачы. Пчаляры, будаўнікі, леснікі, педагогі, былыя прадпрымальнікі і беспрацоўныя... Прапанаваць сваю ідэю для стартапу і стаць навучэнцам меў магчымасць амаль кожны сельскі жыхар. Адно абмежаванне — кандыдаты павінны жыць у Мядзельскім, Смаргонскім, Пастаўскім ці Астравецкім раёне.

«Гэтыя раёны з'яўляюцца ўнікальнай сельскай тэрыторыяй, што знаходзіцца побач з мяжой Еўрапейскага саюза, — растлумачылі выбар рэгіёнаў у прэс-службе «Экапартнёрства». — Яны аддаленыя ад буйных прамысловых цэнтраў, таму менавіта развіццё малога і сярэдняга прыватнага бізнесу можа стаць крыніцай стварэння новых рабочых месцаў».

Настаўнікамі школы сталі вопытныя беларускія і замежныя эксперты, кожны з якіх выкладаў блок па сваёй спецыяльнасці. Сярод іх — трэнеры-кансультанты па маркетынгу, кіраванні, планаванні праектаў і зборы сродкаў, спецыялісты па рэгіянальным развіцці, юрысты.

Аснова практычных заняткаў — праца над уласным праектам. У канцы навучання ўдзельнікі прадставілі журы бізнес-планы і спаборнічалі за фінансавую падтрымку. Грант на развіццё стартапу ў памеры ад 2 да 10 тысяч еўра атрымалі 24 прадпрымальнікі.

«Першапачаткова планавалася завяршыць праект у студзені 2019 года, але рэалізацыя ініцыятыў мясцовых прадпрымальнікаў патрабуе больш часу, — расказалі ў «Экапартнёрстве». — Многія з іх зараз толькі на этапе закупкі тэхнікі і рамонту памяшканняў, таму праект працягнем да лютага 2020 года».

Дзяржава — бізнесу

Паколькі капітал, рабочая сіла і дзелавая актыўнасць больш ахвотна канцэнтруюцца ў буйных гарадах, для стымулявання прадпрымальніцкай ініцыятывы ў сельскай мясцовасці дзяржава выкарыстоўвае шэраг інструментаў.

Адным з іх стаў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці», прыняты ў 2012 годзе.

«Ільготы, замацаваныя Дэкрэтам № 6, можна ўмоўна падзяліць на тры групы: ільготы, звязаныя з выплатай падаткаў, збораў (пошлін); прэферэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці; іншыя льготы і прэферэнцыі, сярод якіх спрошчаныя спосабы набыцця сыравіны і камплектуючых, асаблівыя ўмовы рэалізацыі сваёй прадукцыі і іншае, — паведамілі ў Міністэрстве эканомікі. — Прычым падатковыя прэферэнцыі па згаданым дэкрэце дзейнічаюць не ўвесь час, а толькі першыя сем гадоў: гэта дастатковы тэрмін для напрацоўкі гаспадарчых сувязяў, рынкаў збыту, пачатку ўстойлівай працы ў роўных умовах».

Сёння можна гаварыць аб тым, што закон адыграў сваю станоўчую ролю ў развіцці прадпрымальніцтва ў малых і сярэдніх гарадах і сельскай мясцовасці — колькасць суб'ектаў гаспадарання за пяць гадоў узрасла больш чым на чвэрць (27,2 %).

Пры жаданні арганізаваць бізнес у першую чаргу трэба вызначыць, чаго не хапае ў рэгіёне. Найбольш запатрабаванай, як паказвае практыка, з'яўляецца сфера паслуг і гандаль. Працэс адкрыцця ўласнага прадпрыемства значна аблегчыў Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які дзейнічае з канца 2017 года.

«Перш за ўсё, ім прадугледжаны паведамляльны парадак пачатку вядзення бізнесу, — растлумачылі ў Мінэканомікі. — Ён прасцейшы, хутчэйшы, спалучаны з меншымі выдаткамі, выключае дадатковыя дзеянні: уключэнне ў рэестры, рэгістры, базы даных і іншае».

Дакументам ліквідаваны многія адміністрацыйныя бар'еры ў сферы будаўніцтва, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, рэкламы, міжнародных перавозак. Вызначаны мінімальны дастатковы пералік абавязковых супрацьпажарных, санітарна-эпідэміялагічных, ветэрынарных, прыродаахоўных і іншых патрабаванняў. Іх колькасць скарацілася прыкладна ў 10 разоў.

Шэраг нарматыўных актаў з «лібералізацыйнага пакета» накіраваны на актывізацыю самазанятасці.

Для працягу работы па стварэнні спрыяльных умоў для бізнесу ўрадам зацверджана стратэгія «Беларусь — краіна паспяховага прадпрымальніцтва» на перыяд да 2030 года. Гэта аснова для каардынацыі дзеянняў органаў улады, бізнес-супольнасці, суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пры прыняцці рашэнняў па стварэнні камфортных умоў вядзення бізнесу.

У цяперашні час Міністэрства эканомікі сумесна з зацікаўленымі бакамі займаюцца дарожнай картай стратэгіі на перыяд да 2020 года. У ёй адным з прыярытэтаў развіцця пазначаныя рэгіёны.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Паверыць у мару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.