Вы тут

Магілёўскіх школьнікаў з дзяцінства вучаць «разбураць бар'еры»


— Мы ўжо не адно пакаленне дзяцей выхоўваем на міласэрнасці, — усміхаецца завуч школы № 19 Ірына Каравацкая. — Яшчэ з іх бацькамі калісьці шэфствавалі над тутэйшымі пенсіянерамі, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, саджалі дрэвы... Наша Казіміраўка ўскраіна Магілёва, горадам яна стала толькі ў 80-я гады. Гэта зараз тут шматпавярховікі, а тады былі спрэс прыватныя падворкі — вёска адным словам...


«Хто, калі не мы...»

Дзевятнаццатая школа ў Магілёве па памерах амаль аграгарадок, тут вучыцца болей за 1200 школьнікаў. Сёлета ў мікрараёне павінна з'явіцца яшчэ адна школа, але пакуль увесь цяжар па адукацыйным і выхаваўчым працэсе мясцовых падлеткаў цалкам ляжыць на гэтай установе. І яна спраўляецца. Нават з поспехам. Ірына Каравацкая, а яна яшчэ і намеснік старшыні Савета па мясцовым самакіраванні мікразоны № 12, прызнаецца, што ў гэтым дапамагае шматгадовы вопыт па рабоце з грамадскасцю. За некалькі дзясяткаў гадоў пры яе непасрэдным удзеле рэалізавана безліч ініцыятыў. У тым ліку і па безбар'ерным асяроддзі. На стале завуча папка з подпісам «Хто, калі не мы». Гэта вялікі сацыяльны праект, які летась быў рэалізаваны саветам.

— У Магілёве праходзіў кірмаш сацыяльных праектаў, і мы таксама прымалі ўдзел, — Ірына Сяргееўна дэманструе старонку ёмістага «талмуда» з цікавым малюнкам. На ім пазлы з назвамі ініцыятыў — кожная паступова пераходзіць у іншую. Вось, напрыклад, «Рабіць дабро — проста» — пад такім лозунгам адбыўся шэраг акцый па добраўпарадкаванні. З дапамогай ініцыятывы «Здароўе — радасць жыцця» папулярызаваліся заняткі спортам. Пры школе працуюць секцыя каратэ і танцавальны клуб, вельмі развіты ў мікразоне рух аматараў скандынаўскай хады, дзе актыўныя ўдзельнікі пенсіянеры. Школа сябруе з праваслаўным храмам Іконы Божай маці Усецарыцы, які знаходзіцца непадалёк. Разам з айцом Георгіем адкрылі праваслаўную гасцёўню, дзе адбылася акцыя «Цяпло душы». Настаўнікі і школьнікі актыўна дапамагалі тым, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу. А «Жыць здорава» — ініцыятыва, якая садзейнічае ўмацаванню сувязяў паміж жыхарамі дома, двара, мікразоны. Гэта сумесныя святы, акцыі міласэрнасці. А нядаўна ў школе вырашылі пачаць вучыць пенсіянераў камп'ютарнай адукаванасці.

— Мы жывём гэтымі праектамі, — кажа завуч. — Прыемна, што ў школе працуе столькі неабыякавых людзей. Мой лёс звязаны з гэтым мікрараёнам з 1972 года, на маіх вачах адбываюцца вялікія змены.

Кнігі добрых спраў

Яны саромеюцца расказваць пра свае добрыя справы, лічаць, што ў гэтым няма нічога асаблівага. Усіх іх аб'ядноўвае атрад «Міласэрнасць». Яго ўдзельнікі — старшакласнікі, пачынаючы з дзявятага класа. Гэта ўжо вопытныя валанцёры, якія прымаюць удзел у шматлікіх дабрачынных акцыях. Атрад супрацоўнічае з аддзяленнем Чырвонага Крыжа Ленінскага раёна Магілёва.

— Вось сёння ездзілі ў Дом дзіцяці, завезлі туды шмат падарункаў, — удакладняе педагог-арганізатар Ірына Давыдава, якая каардынуе работу членаў БРСМ. — Актыўных удзельнікаў дабрачынных акцый уключаем у наш валанцёрскі атрад. З гэтага года ўручаем ім валанцёрскія кнігі, дзе пазначаны і завераны подпісам дырэктара і пячаткай усе добрыя справы.

За школай замацавана 15 дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў. Некаторыя яшчэ ў дзіцячым садзе, але сацыяльныя педагогі ўжо падрыхтавалі іх спіс. Так лягчэй прааналізаваць, што каму патрэбна. Збіралі для іх цацкі, канцылярскія прылады, сродкі гігіены.

Уладзіслаў ужо выпускнік школы, яму 22 гады. Але яму тут усё роўна дапамагаюць. У маладога чалавека цяжкае захворванне і патрэбны дарагія лекі.

— Ён вучыўся ў пятым класе, калі разам з бацькамі пераехаў у наш мікрараён, — расказвае Ірына Каравацкая. — Менавіта тады аднакласнікі з класным кіраўніком Наталляй Марачкоўскай першы раз прыйшлі да яго на Новы год з падарункамі — купілі гранатавы сок, фрукты. І потым яшчэ неаднаразова наведвалі. У школу ён не хадзіў, вучыўся дома. Мы перыядычна збіралі грошы і пераводзілі яму на рахунак, каб маці купіла неабходныя лекі. Зараз вось рыхтуем чарговую матэрыяльную дапамогу.

Дашыны сяброўкі

Пандусы, поручні, спецыяльныя прыстасаванні робяць жыццё асаблівых людзей зручнейшым, але не шчаслівейшым. Ім патрэбна ўвага, адчуванне сяброўскага пляча. Выхаванне міласэрнасцю пачынаецца ў школе змалку. У кожным класе ёсць невялічкія атрады з аналагічнай назвай. Яны дапамагаюць змагацца аднагодкам з псіхалагічнымі «бар'ерамі».

У шасцікласніцы Дашы цяжкая форма скаліёзу, яна не можа наведваць школу. Але аднакласнікі не пакідаюць яе ў самоце, прыходзяць у госці.

— На выгляд яна іншая, але ў душы такая ж, як і мы, — прызнаецца Карына Слюсар. — З ёй вельмі весела і цікава. Нам не цяжка знайсці агульную мову.

— Дома ў яе жыве прыгожае кацяня, яна вельмі любіць жывёл, — адзначае Ксюша Швайкова.

— Мы перапісваемся з ёй у сацыяльных сетках, трымаем у курсе нашых спраў, — уключаецца ў размову Лера Рымкевіч.

— Пытаемся пра самаадчуванне, чым яна займаецца, што яе непакоіць. Яна вельмі жыццярадасная. Вельмі любіць маляваць і можа зрабіць складаную гімнастычную фігуру, напрыклад, сесці на шпагат. Яшчэ не кожная з нас так умее, — дадае Карына Балобіна.

Даша, дарэчы, паўнавартасная ўдзельніца школьнага жыцця, з'яўляецца членам піянерскай арганізацыі.

Ноўтбук для Рамана

Хлопчык анкахворы. Настаўнікі дэманструюць кранальнае фота, дзе ён, цалкам лысы пасля перанесенай ім хіміятэрапіі, сядзіць з ноўтбукам. Грошы на шчодры падарунак збіралі ўсёй школай.

— Сродкі немалыя, але бацькі не засталіся ўбаку, удзельнічалі разам з намі, — кажа завуч. — Некаторыя спачатку адмаўляліся, маўляў, шмат такіх хворых. Але, калі ўбачылі фота Рамана, усе пытанні самі па сабе зніклі.
Людзям вельмі важна ведаць, каму канкрэтна яны дапамагаюць. Мы нават не чакалі, што зможам назбіраць на ноўтбук. Гэта ж амаль 1500 рублёў. Нашы дзеці са словамі «бацькі перадалі» прыносілі па 10—20 рублёў.

— Хлопчык, дарэчы, не з нашай мікразоны. Мы проста знайшлі яго на сайце Магілёўскага дзіцячага хоспіса. Там былі лісты хворых дзяцей з іх пажаданнямі. І мы выбралі яго, — удакладняе педагог-арганізатар Жана Волкава. — Рома марыць вучыцца, быць нароўні з усімі. Магчыма, наша дапамога дасць яму шанц перамагчы хваробу. Калі маці даслала нам гэтыя фота, эмоцый было столькі, словамі не перадаць. Бачыце, як свеціцца яго твар, калі ён адкрывае падарунак.

Супрацоўніцтва з дзіцячым хоспісам пачалося летась. У школе аб'явілі акцыю «Мары здзяйсняюцца» і пачалі збіраць грошы на веласіпед шасцігадоваму хлопчыку з Крычава. Пра яго суразмоўнікі расказваюць, не хаваючы слёз.

— Мы завезлі яму гэты веласіпед напярэдадні Новага года, ён так радаваўся, паўтараў: «Дзед Мароз, ты сапраўды існуеш». А праз некалькі месяцаў яго не стала. Але мы спадзяёмся, што гэтая навагодняя радасць хоць на крышачку, але падоўжыла яго жыццё.

Дзякуй, Ліза

Кранальных гісторый тут шмат. Нават настаўнікаў уразіла, калі дзесяцікласніца Ліза Сцёпкіна перадала свой падарачны сертыфікат на 20 рублёў Дому дзіцяці. «Мы найлепшых актывістаў узнагароджвалі сертыфікатамі, кожны мог на гэтыя грошы купіць сабе што пажадае. Але Ліза распарадзілася па-іншаму», — тлумачыць Жана Волкава.

— Вельмі захацелася падзяліцца радасцю з дзеткамі, — сціпла прызнаецца Ліза. — Мне бацькі могуць купіць тое, што я захачу, а вось ім не. Калі мы прыехалі з падарункамі ў Дом дзіцяці, нам так радаваліся, словамі не перадаць.

Ліза — валанцёр з вопытам. Яшчэ ў шостым класе ездзіла з таварышамі ў Дом дзіцяці і была вельмі ўражана, як рэагавалі малыя. «Яны цягнулі да нас свае ручкі, абдымалі нас, — згадвае яна. — Я перажыла такія пачуцці, што болей не магла заставацца ўбаку ад валанцёрскай справы. Ніхто мяне не прымушае гэтым займацца, раблю ўсё ад чыстага сэрца. І зараз атрымліваю ад гэтага поўнае задавальненне».

Гэта так проста

Дзевяцікласнік Мацвей Гураў — адзін з актывістаў валанцёрскага руху. Свой вольны час прысвячае грамадскім справам. Сёлета, напрыклад, разам з аднакласнікамі на восеньскім кірмашы дапамагаў пажылым данесці цяжкія сумкі з паклажай да дому. «Гэта ж так прыемна камусьці рабіць прыемнае», — сціпла паціскае ён плячыма. Ён неаднаразова ахвяраваў сваімі кішэннымі грашыма, прызнаецца, што магчымасць дарыць радасць іншым зацягвае.

— У нас, як толькі заканчваецца адна акцыя, адразу ж пачынаецца другая, — кажа Ірына Давыдава. — Дзеці прыходзяць і пытаюцца, а каму мы будзем далей дапамагаць? І мы ўжо як ланцужок: чым болей ахвотных дапамагчы, тым ён мацнейшы. У школе 1260 дзяцей, і, калі кожны здасць хоць 10 капеек, атрымаецца адчувальная дапамога. Мы ходзім па класах і расказваем пра тых, каму патрэбна наша спагада. Нядаўна дзяцей здымала мясцовае тэлебачанне, і яны выказвалі вельмі дарослыя думкі. Пра сваё бачанне шчасця — гэта калі ніхто на свеце не хварэе, пра тое, што, калі яны будуць дапамагаць іншым, ім таксама ў цяжкую хвіліну дапамогуць. Мы вельмі ганарымся, што змаглі выхаваць у іх такія пачуцці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Урокі міласэрнасці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.