Вы тут

Прэзідэнт: Гаворкі пра аб'яднанне Беларусі і Расіі быць не можа


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў.


"Я мяркую, няма неабходнасці сёння казаць пра тое, што святы скончыліся і трэба інтэнсіўна ўключацца ў працу. Год будзе нялёгкі", — пачаў размову беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтай нарадзе ён хацеў бы абмеркаваць пытанні эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця нашай краіны ў 2019 годзе. "Шмат пра гэта гаворыцца. І пра тое, што гэта перадвыбарчы год, гэта сапраўды так. Тое, што ў нас дастаткова пытанняў, якія трэба вырашаць лепш, чым яны вырашаюцца ў цяперашні час. І мы ведаем, як гэта рабіць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён праінфармаваў прысутных аб апошніх перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і звярнуў увагу, што сёння існуюць пытанні, звязаныя з нашым асноўным партнёрам — Расіяй, а таксама ЕАЭС у цэлым. Маюцца пытанні і ў ваенна-палітычным блоку — АДКБ.

"Што тычыцца Расійскай Федэрацыі, вы ведаеце, што ў нас практычна ўсе праблемы эканамічнага характару вырашаны ў больш-менш прымальным варыянце, — заявіў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. — Ёсць пытанні, невялікія, пра якія мы заўсёды расіянам казалі — гэта пастаўкі нашай сельскагаспадарчай прадукцыі, харчовай і іншай на рынкі Расійскай Федэрацыі. Але яны не носяць крытычнага характару, і мы з прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што гэтыя ганебныя пытанні трэба здымаць, каб яны больш ніколі не стаялі на парадку дня нашых перамоў, і не толькі на вышэйшым узроўні".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра пытанні, звязаныя з дазволам на аўтаперавозкі. На яго думку, у гэтай сферы Беларусь пастаўлена ў горшыя ўмовы, чым Польшча і Літва. Шмат "крыку і гвалту" з нагоды палітыкі гэтых дзяржаў у дачыненні да Расіі, шмат размоў аб Саюзнай дзяржаве і ЕўрАзЭС, але пры гэтым элементарныя пытанні не вырашаюцца, у сувязі з чым прэзідэнты Беларусі і Расіі ахрысцілі іх выключна нявартымі для абмеркавання кіраўнікамі дзяржаў.

"Іх, вядома, трэба вырашаць, і вырашыць іх можна элементарна", — заявіў Прэзідэнт.

У аснове — раўнапраўе

Што тычыцца вялікіх і адчувальных пытанняў у адносінах з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сёння ідзе шмат размоў пра аб'яднанне дзвюх дзяржаў. Акрамя таго, шмат пытанняў з'явілася і ў сувязі з канфліктам маскоўскай і ўкраінскай цэркваў.

"Я называю гэтыя пытанні вельмі дурнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве. Па-першае, гаворкі пра аб'яднанне быць не можа, — падкрэсліў беларускі лідар. — І мы з прэзідэнтам Расіі адназначна, аднагалосна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма, аб аб'яднанні".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час бакі ішлі строга па Дагаворы аб саюзе Беларусі і Расіі, павінны былі прыняць канстытуцыйны акт, дзе ўсё павінна было быць прапісана — і органы кіравання, і адзіная валюта і гэтак далей. "Расія адмовілася ў свой час ісці гэтым шляхам. Я гэта нагадаў прэзідэнту Расіі, ён сказаў: так, так і было", — адзначыў Лукашэнка.

І тут паўстае пытанне: што рабіць з саюзным дагаворам? На думку Прэзідэнта Беларусі, трэба садзіцца за стол і глядзець, што мы разам можам сёння, згодна з дакументам вырашыць. На што бакі разам, без усякага ціску, могуць пайсці.

"Толькі на раўнапраўнай аснове мы можам фарміраваць саюз Беларусі і Расіі", — падкрэсліў ён.

Гэта звязана з тым, што гэта фундаментальныя прынцыпы пабудовы любога саюза. Прэзідэнт зноў звярнуў увагу: няма раўнапраўнай асновы — няма саюза. У іншым выпадку — гэта анэксія і інкарпарацыя. Акрамя таго, на стварэнне аб'яднання павінна быць воля двух народаў. "Мы ўвесь час, фарміруючы гэты саюз, павінны азірацца на меркаванне нашых людзей", — дадаў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым па многіх прычынах аб аб'яднанні дзвюх дзяржаў сёння гаворкі не ідзе, рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён дадаў, што на гэты крок пайсці не можа і сама Расія, пра што беларускаму лідару распавёў Уладзімір Пуцін. Такой магчымасці ў Расіі няма, улічваючы наступствы.

"Таму трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што хтосьці кагосьці нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не схіліць, нават моцны слабога", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адарвання — няма

Далей кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт эканамічных праблем нашай краіны і падатковага манеўру Расіі.

"Ніякага адарвання па пытанні кампенсацыі не было. Не было, што вось, Расія кажа не, мы не будзем кампенсаваць ваша пагаршэнне сітуацыі, страты і гэтак далей, — распавёў беларускі лідар. — Больш за тое, прэзідэнт Расіі прапанаваў і ў новым годзе і адзін на адзін, і ў складах рабочых груп працягнуць перамовы па гэтым пытанні, выпрацаваць прымальныя рашэнні".

На думку Прэзідэнта, гэта пытанне варта было вырашыць да 1 студзеня, аднак ніякай катастрофы на сённяшні дзень няма, бо страты ад манеўру ў Беларусі ў гэтым годзе складуць "смешную суму" — калі кошт нафты за барэль будзе парадку 70 долараў, то гэтая сума складзе каля 400 мільёнаў долараў. "Гэта не катастрофа, але мы на гэта пайсці не можам, таму што з 2015 года, калі быў уведзены гэты падатковы манеўр, мы ўжо страцілі 3,6 мільярда долараў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

А да заканчэння гэтага манеўру Беларусь страціць 10,6 мільярда долараў. Беларускі лідар звярнуў увагу, што гэта супярэчыць духу і "літары" ўсіх узаемных дамоўленасцяў, у тым ліку ў рамках ЕАЭС. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Расіі часта гучыць пазіцыя, што ў рамках падатковага манеўру няма абавязацельстваў па кампенсацыі, гэта не прапісана ў саюзных дамовах. На гэта Аляксандр Лукашэнка задаў прамое пытанне: "Так што, мы падпісалі гэтыя дагаворы — аб Саюзнай дзяржаве, ЕўрАзЭС — і разлічвалі на пастаяннае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў сувязі з нейкімі ўнутранымі дзеяннямі Расійскай Федэрацыі? Не. Мы разлічвалі на лепшае, і гэта ўсюды запісана".

Што да самога манеўру, то Прэзідэнт Беларусі заявіў расійскаму калегу, што падчас падпісання дакументаў і гаворкі не было пра падобныя здарэнні. Пры гэтым была агульная фармулёўка пра недапушчэнні пагаршэнняў двухбаковых адносінаў, у тым ліку сярод удзельнікаў ЕўрАзЭС.

Беларускі лідар нагадаў, што ў Расіі ішлі перамовы на ўзроўні ўрадавых экспертаў, былі выпрацаваны кампенсацыі Беларусі, былі вызначаныя крыніцы — пра ўсё гэта было абвешчана публічна, аднак потым раптам расійскі бок спыніў перамовы, не адмаўляючы самі кампенсацыі, і абумовіў гэта паглыбленнем інтэграцыйных працэсаў. Прэзідэнт падкрэсліў: што гэта за працэсы, у расіян адказу няма. Аднак было вырашана, што гэтае пытанне павінна вырашацца з дапамогай сумесных груп.

"Мы не адмаўляемся ад гэтых перамоваў, яе (беларускую групу — “Звязда”) узначаліць міністр эканомікі Дзмітрый Круты. Я абсалютна падтрымліваю прапанову, што там павінны быць найвышэйшага ўзроўню службовыя асобы, не толькі спецыялісты", — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што перамовы павінны весціся па комплексе пытанняў, якія пазначаны ў саюзным дагаворы. На першае месца — гэта стала прапановай Уладзіміра Пуціна — неабходна паставіць фінансава-эканамічныя пытанні.

Дарэчы, літаральна некалькі гадоў таму па гэтых аспектах ужо былі прынятыя рашэнні. "Проста ўрад Расіі пра гэта забыўся, інфармуючы Прэзідэнта Расіі. Але раз ён ставіць гэтыя пытанні зноў — чаго мы будзем адмаўляцца ад іх абмеркавання?" — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён зноў падкрэсліў: пакуль будуць ісці гэтыя перамовы і не вырашацца тыя пытанні, якія "ляжаць на паверхні беларуска-расійскіх адносін", то, што Беларусь губляе з 1 студзеня бягучага года, супярэчыць усім дамоўленасцям, і мы несці страты да ўзроўню мінулага года не можам. "Таму ўсе страты павінны быць кампенсаваны па тых ці іншых кірунках супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, — заявіў беларускі лідар. — Я гэта і прэзідэнту сказаў, як бы гэта ні балюча і ні сумна было, і паўтараю гэта публічна, і даводжу да вашага ведама як даручэнне Прэзідэнта Беларусі. Вы (удзельнікі нарады — “Звязда”) яго павінны выканаць бездакорна і з дакладнасцю. Мы нічога не можам страціць".

А варыянты ёсць

"Прагноз і бюджэт на 2019 год сфарміраваны з улікам падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На думку беларускага лідара, яго дзеянне не абмяжоўваецца адным годам, і неабходна мець надзейныя крыніцы, якія будуць кампенсаваць гэты негатыўны ўплыў ужо сёння. "Як і за кошт чаго будзем кампенсаваць страты для бюджэту і нашых НПЗ (нафтаперапрацоўчых заводаў)? Гэта пытанне, якое мы сёння таксама павінны абмеркаваць. Але хачу папярэдзіць: аб такіх рашэннях, як перакладанне гэтых праблем на плечы нашых людзей, беларусаў, нават не думайце", — падкрэсліў ён.

Беларусь не такая багатая, пагаршаць становішча беларусаў недазваляльна, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, што наша краіна і так жыве бядней, чым Расія. Беларускі лідар зноў падкрэсліў: насельніцтва не павінна адчуць на сабе ніякага дадатковага цяжару.

У сувязі з гэтым ён папрасіў удзельнікаў нарады выкласці комплексную ацэнку сярэднетэрміновага эканамічнага росту, стану бюджэту, узроўняў інфляцыі і золатавалютных рэзерваў ва ўмовах падатковага манеўру, гэта значыць выхаду на сусветны кошт на нафту. "І які тут план у ўрада існуе?" — пацікавіўся Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзяржавы, ён не павінен гіпербалізаваць гэтую праблему, паколькі даўно пастаўлена задача скончыць мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў, каб можна было купляць нафту не толькі ў Расіі, перапрацоўваць і прадаваць. У гэтым годзе мадэрнізацыя НПЗ у асноўным скончыцца, падкрэсліў ён.

Яшчэ Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра іншую пастаўленую раней задачу: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты. Закупляць нафту, перапрацоўваць яе на Наваполацкім НПЗ і забяспечваць балтыйскія рэспублікі. На думку беларускага лідара, гэта будзе для іх жа танней.

"Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Ну, абяруць, калі абяруць, расіяне такі шлях кіраўніцтва Расіі, рух, і страта адзінага саюзніка на заходнім напрамку — ну, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам", — канстатаваў ён.


Па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы некаторыя ўдзельнікі пагутарылі з журналістамі.

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый КРУТЫ:

— Улічваючы канікулы ў Расійскай Федэрацыі, сумесна з расіянамі рабочая група пакуль не збіралася ў шырокім складзе. З боку Расіі і з нашага боку пакуль толькі фармалізаваны склады гэтых рабочых груп. Эксперты па адпаведных напрамках зараз фарміруюць парадак дня будучых перамоваў, праводзіцца аналіз усёй дагаворнай базы Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, двухбаковых фарматаў, якія ў нас існуюць па асобных галінах і ведамствах. Таму ўвесь гэты масіў магчымых праблемных пытанняў да абмеркавання цяпер фарміруецца і пакуль ідзе экспертная адпрацоўка.

Пакуль першае паседжанне не плануецца, улічваючы, што расійскія калегі толькі выйшлі са сваіх навагодніх канікул. Мы з імі гэтую тэму яшчэ не абмяркоўвалі.

Пазіцыя беларускага боку будзе фарміравацца, зразумела, у ходзе перамоваў, таму што ёсць вузкасектаральныя пытанні, якія трэба ў пачатку абмеркаваць на ўзроўні экспертаў, а потым ужо даносіць урадам і кіраўнікам дзяржаў.

Ніякіх глабальных разыходжанняў мы на сённяшні дзень не бачым, проста шэраг праблем сапраўды вырашаецца ў такім перманентным рэжыме і дзесьці па нейкіх аспектах не хапала, напэўна, волі бакоў — сесці і дамовіцца канчаткова.

Гэтыя групы — чарговы шанец усё ж такі гэтыя шматгадовыя праблемы вырашыць.

Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Андрэй РЫБАКОЎ:

— Наступіў 2019 год — з пункту гледжання нафтавай галіны гэта чарговы год падатковага манеўру. Яшчэ раз паўтаруся, што гэта не ў навіну, ён пачаты з 2015 года. Адзінае адрозненне ад папярэдніх гадоў — гэта кампенсацыя сваім нафтаперапрацоўшчыкам Расійскай Федэрацыяй падатковага манеўру.

Сёння былі абмеркаваны кампенсацыйныя механізмы для нафтаперапрацоўкі ў Беларусі. Гэта самы шырокі спектр магчымасцяў, які трэба будзе ў самы бліжэйшы час адпрацаваць, пакласці эканамічныя і юрыдычныя разлікі на паперу.

Пралік як крыніц пастаўкі, так і спосабаў пастаўкі нафты вядзецца на пастаяннай аснове. Гэта розныя напрамкі. На сённяшні дзень найбольш прэміяльная — але з году ў год яна будзе губляць гэтую прэміяльнасць і прыходзіць да сусветнай цаны — гэта, вядома, расійская нафта.

— З'явілася інфармацыя, што Расія ў якасці аднаго з варыянтаў кампенсацыі разглядае куплю нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі. Ці сапраўды гэта так?

— Афіцыйнай інфармацыі не паступала, таму каментаваць якія-небудзь выказванні не мае сэнсу. Будзе афіцыйная інфармацыя, афіцыйная прапанова — тады будзе афіцыйны каментарый.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чакаецца на 2—4 градусы цяплей за норму

Чакаецца на 2—4 градусы цяплей за норму

І ў трэцяй дэкадзе сакавіка ў нас захаваецца няўстойлівае з ападкамі надвор'е.

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

У Пасольстве Украіны ў Беларусі прэзентавалі тэлеканал UA TV

У Пасольстве Украіны ў Беларусі прэзентавалі тэлеканал UA TV

Тэлеканал вядзе вяшчанне на тэрыторыю нашай краіны з лютага гэтага года.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна.