Вы тут

З году ў год


З году ў год

Гэта “постнавагодняя” сустрэча ў межах ініцыятывы «Маладосць» & «Маладосць» (праекта аднаіменных часопіса і кнігарні ААТ “Белкніга”)  стала не толькі пэўнай справаздачай за 2018 год, але і сваеасаблівым мастком у шчаслівую літаратурную (будзем аптымістамі) будучыню. Як мінімум на бліжэйшыя 12 месяцаў. Карацей, усе кураняты былі падлічаны, сланы раздадзены, а планы (вядома ж, напалеонаўскія) складзены.

Мадэратар і галоўны натхняльнік сустэчы Дзмітрый Шулюк адзначыў, што 2018 год прайшоў для “Маладосці” пад сцягам разбурэння літаратурнай сцяны паміж аўтарам і чытачом (у тым ліку і пры дапамозе праекта «Маладосць» & «Маладосць»). І цалкам магчыма, што ўжо ў 2019-м мы даведаемся, наколькі паспяховымі былі гэтыя радыкальныя спробы наладжвання камунікацыі.

Актыўнай удзельніцай гэтага “руху насустрач” стала паэтэса і перакладчыца Ганна Комар, якая прачытала свае цёплыя вершы і шчамлівыя пераклады, а таксама распавяла пра асабістыя вынікі мінулага года. Сярод галоўных падзей – выхад кнігі Ганны ў Лондане.

Дарэчы, у некаторым сэнсе можна сказаць, што сваю кнігу ў 2018 годзе выпусціла і “Маладосць”. Гаворка ідзе пра прысвечаны 65-годдзю часопіса святочны нумар (№4), які дзякуючы высілкам рэдактараў ператварыўся ў сапраўдны летапіс “маладосцеўскай” гісторыі. Падрабязна пра гэта расказала Святлана Курганава.

Між тым, няглядзячы на шанаванне традыцый і (не трэба забываць пра гэта) у поўнай адпаведнасці са сваёй назвай, “Маладосць” імкнецца шукаць новыя імёны, дзёрзкія думкі і вострыя языкі. Аднак для гэтага неабходна было падрыхтаваць глебу – заняцца дэканструкцыяй нашай і сусветнай класікі. Менавіта гэтыму і прысвяціла ўвесь мінулы год Марына Яромка – аўтар і стваральнік рубрыкі “Міжкніжжа”, якая стала ўнікальнай з’явай для нашай літаратурнай прасторы.

Калі ж гаварыць пра год 2019-ы, то неабходна адзначыць, што ўсіх чытачоў “Маладосці” (дый увогуле аматараў літаратуры) чакае прыемны сюрпрыз – паэтэса Кацярына Масэ анансавала сваю калонку “Код паэзіі”, у якой будзе па костках разбіраць свет паэтычных сімвалаў, знакаў і таямніц.

Скончылася ж імпрэза ўжо традыцыйным выступам музыкантаў. На гэты раз гасцей сустрэчы парадваў гурт “Няміга”.

Наступная літаратурная серада  адбудзецца праз два тыдні ў той жа самы час, на тым жа самым месцы (вул. Багдановіча, 68 у 16-00).

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.