Вы тут

Упс


УПС

Дождж граў партыю бубнача–віртуоза. Ціхія «тук–тук–тук» па шкле перамяжаліся з «БДАМЦ! БДЫШЧ! БДАМЦ!» — кроплі траплялі на бляшаны адхон.

«Цьху, снежань!» — падумала Санька, пацягваючыся ля вакна. — «Які ты снежань? Дожджань ты, слоцень і мярзоцень».

Так, займаючыся словаўтварэннем, дашаркала пантофлямі да «залі». Мамы дома не было — пайшла «на суткі», дзяжурыць у шпіталь.

«Елка!» — успомніла Санька. Сёння 25 снежня, першы дзень канікул, а яны з мамай так і не паставілі елку.

Упрыгожванне елкі было Падзеяй даўно — калі бацька прыцягваў з лесу сапраўднае дрэва. Потым ён сышоў і прыносіў свята ў іншую сям’ю, а маці перад чарговым Новым купіла штучную. Невялікую — сантыметраў 25 вышынёй — і «ўпрыгожаную» неахайна пасаджанымі на клей шарыкамі і стужачкамі.

Але хопіць бурчэць: наперадзе цэлых два тыдні вольнага часу, можна прачынацца рана–рана і быць шчаслівай, бо — хочаш — уставай і пераварочвай свет, а хочаш — прасядзі ўвесь дзень пад коўдрай. Можна лавіць па тэлеку святочныя фільмы (яны, вядома, і ў інтэрнэце ёсць, але натрапіць на казачную гісторыю выпадкова — маленькая пазнака прыхільнасці капрызулі–лёсу).

Сёння пашчасціла: галоўны алень Санты, адзіны, хто дасканала ведае маршруты старога чараўніка, зламаў нагу, і ўся магічная дэлегацыя вымушана прызямлілася ў двары Алекс — звычайнай дзяўчыны, закаханай, вядома, у самага папулярнага хлопца — Макса. Эх, Саньцы б такую школу, Саньцы б такога Макса! У яе мястэчку, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, шукаць прынцаў не выпадае. Дык вось, воляй лёсу і сцэнарыстаў (пра апошніх Санька старалася не думаць) Алекс і Макс разам шукаюць цудадзейныя лекі для аленя Санты, ратуюць свята і разумеюць, што яны адно для аднаго не проста спадарожнікі...

Пасля фільма засталося адчуванне непазбежнасці цуду. Вось–вось, варта толькі ўстаць, выйсці за дзверы пакоя (хаця б на кухню па гарбату), а там — ён! Можа быць, Дзядуля Мароз выпадкова зашпульнуў у вакно чароўную лыжную палку і зараз караскаецца на пяты паверх па сценцы, каб забраць яе? Ну і што, што да Новага Года яшчэ цэлы тыдзень, а па гэткім надвор’і лыжы хіба што ролікавыя? Можа, ў Дзядулі адвалілася колка, і каб адрамантаваць яго, патрэбны які–небудзь... «ключ на дванадцаць». Дзе там застаўся бацькаў стары набор інструментаў…

Але цуд не з’яўляўся. Санька успомніла: на Каляды варожаць! Вось яна і дапаможа чароўным сілам, якія, відаць, забавіліся недзе ў дарозе.

Варажыла Санька апошні раз гадоў шэсць таму. Яна вельмі спадзявалася пабачыць ў сне аднакласніка Пашку, паклаўшы пад падушку расчоску і сказаўшы «Сужаны–ражаны, прыходзь, прычашы мяне». Пасля гэтых слоў належала маўчаць — тое яшчэ выпрабаванне, але вытрымала, хоць і лезлі бацькі з бязглуздымі пытаннямі. А Пашка тады, напэўна, завітаў у сне да прыгажуні Карыны. Карацей, і Пашка не суджаны, і спосаб такі сабе. А зараз трэба, каб дакладна.

Спадзявацца можна хіба на Крысцінку. Яна неяк прызнавалася, што паваражыла, а потым у яе з’явіўся «Дзімчык» — дакладна такі, як воск на вадзе прадказаў. Значыць, дзейсны спосаб. Скрыжаваўшы сярэдні і ўказальны пальцы на левай руцэ, правай Санька гартала спіс кантактаў у тэлефоне.

— Крысцінка! Пытанне важнае–важнае! Як ты на Дзмітрыя варажыла? Казала яшчэ, што працуе.

— Варажыла на воску з вадой. А нашто табе сёння? Учора ж трэба было.

— Як гэта ўчора? Я ж… Мне сёння патрэбна.

— Ну нічога, трыццаць першага таксама можна, ды і шостага потым, будзе табе яшчэ, — Крысцінка, відаць, зусім не спачувала. — Ты лепш скажы, на горад збіраешся?

— Няма з кім, — злосна адказала Санька, маючы на мэце сур’ёзна пасварыцца.

— Да Дзімы стрыечны брат з Мінску прыехаў, трэба яго выгуляць, горад, свята паказаць. Што ён будзе з намі трэцім цягацца, калі можна дзвюма парамі: я з Дзімам, ты — з Максам?

Вось дык цуд, вось дык адкуль не чакалі! Нашмат лепш, чым Дзед Мароз на зламаных роліках. Пачуўшы імя загадкавага хлопца, Санька ўявіла яго тым самым, кіношным Максам, а сябе — той Алекс, здольнай зацікавіць і прывабіць гарадскога прыгажуна–старшакласніка. Карацей, а шостай уся кампанія будзе чакаць Саньку ля яе пад’езда.

Заставалася чатыры гадзіны — катастрафічна мала, каб сабрацца на першае спатканне.

Тым не менш, роўна ў 18.00 Санька выйшла. Ад хвалявання падгіналіся калені, ад вышыні абцасаў у маміных «выхадных» ботах — шчыкалаткі. Кароткая спадніца, што ледзь выглядвала з–пад курткі, шчыльна абцягвала сцёгны, з якіх яшчэ не сышла дзіцячая паўната (прынамсі, мама суцяшала Саньку, што паўната дзіцячая і хутка пройдзе). Але галоўнае, што хвалявала — ці дастаткова прывабная Санька для сталічнага прыгажуна? Нават знаёмага Дзімку саромелася, а гэты зусім невядомы, гарадскі, патэнцыйна ідэальны.

Хвілін дзесяць дзяўчына змагалася з жаданнем змяніць маміны восеньскія прыгожыя боты на свае звычайныя зімовыя, спадніцу — на джынсы з фланэлевай падкладкай, схаваць манікюр у рукавіцы, а адмысловую прычоску — пад шапку. Калі на вечных шалях выбару камфорт ледзь не пераважыў прыгажосць, з’явілася кампанія.

Крысцінка, канешне, прыгажуня. Светлыя валасы акуратнымі буйнымі кудзерамі спускаліся з–пад чорнай шапкі. З–пад доўгай шырокай курткі выглядалі стройныя ножкі ў шэрых джынсах ды зручных боціках. «Заўтра ж на дыету! І прысяданні рабіць!» Дзіма — высокі, з шырокімі плячыма, за якімі нічога не страшна, злёгку абдымаў сваю даму за талію. Што казаць, кароль і каралева балю вядомыя загадзя.

Макс — ніжэйшы за свайго стрыечнага брата — ростам прыкладна як Санька без абцасаў, крыху сутуліўся. «Доўбня, ускараскалася на вышыню, глядзі цяпер на яго макаўку! Цьху, вышка пажарная!» Хлопец быў яшчэ і худзейшы за Саньку, што асабліва падкрэслівалі вузкія джынсы.

«Не вячэраць. Зусім».

Нулявы вопыт спатканняў выходзіў бокам. Ад неабходнасці гутарыць па дарозе выратоўвала Крысцінка: вяла размову за ўсіх чацвярых. Але як паводзіць сябе, калі кампанія нарэшце дойдзе да елкі? Як у маўчанні, рухах, поглядах звярнуць на сябе ўвагу, паказаць, якая Санька асаблівая, з багатым унутраным светам, поўным перажыванняў? Алекс у фільме збольшага маўчала і загадкава паглядала ўдалячынь, і Макс сам усё зразумеў. Потым яны сядзелі і доўга–доўга размаўлялі, пакуль навокал святочна мітусіліся людзі. Там хоць крэслы былі, а тут куды сядзеш? І святла недастаткова, каб разглядзець сумны позірк і глыбакадумны выраз твару… А музыка такая гучная, што размаўляй–не размаўляй — «тапаліныйпухжараіюль». Усё не так, як трэба.

Ля ёлкі канцэнтрацыя весялосці была такая, што на неадпаведнасць музыкі сезону ўвагі ніхто не звяртаў. Самыя адчайныя вялікім паравозікам з выпадковых знаёмцаў бегалі па плошчы. Менш даверлівыя станавіліся ў купкі, паскідаўшы ў цэнтр торбы і пакеты, і танчылі вакол іх, нібы прыносячы ахвяру невядомаму боству рэчавага дабрабыту. Некалькі парачак павольна тапталіся на месцы ў цёплых абдымках, не зважаючы на тое, што музыка бадзёрая. І Санька хацела б так — адчуваць, як нечыя рукі прыціскаюць да сябе, даверліва пакласці галаву на плячо і забыцца на ўсё астатняе. Але яны ўчатырох стварылі сваё маленькае кола. Танцам можна назваць толькі тое, што атрымлівалася ў Крысцінкі, Дзіма таптаўся з нагі на нагу, паглядаючы з няёмкасцю, а Макс — з паблажлівасцю. Канешне, у іх у Мінску ўсё не так. Саньцы захацелася прыкінуцца елкай, зерне якой выпадковым ветрам занесла ў гэты горад. Маміны боты на абцасах былі катавальным дапаўненнем да грэблівых позіркаў з боку гарадскога госця.

Калі зайграла павольная песня, Крысцінка і Дзіма адасобіліся ў пару. Санька паглядала на Макса, а той не ведаў, што рабіць. Санька паспела ўявіць, што яны прастаяць побач цэлую песню, бы два слупы. Большай ганьбы і прыдумаць нельга. Бязглузда патаптаўшыся секунд пяць і зразумеўшы, што песня так хутка не скончыцца, Макс працягнуў руку. Санька мімаволі шырока ўсміхнулася, адчуўшы, як ператварылася ў воблака, над якім не маюць улады ні вага, ні аб’ём, ні маміны боты, ні чужыя погляды. Глядзіце, глядзіце ўсе! З ёй танцуюць! Яна — патрэбная!

Песня скончылася, але чараўніцтва танца нібы ахутала Саньку і Макса вялікім цёплым шалем. Калі дзве пары зноў згуртаваліся вакол сваіх торбаў, Санька ўпэўнена стаяла побач са сваім кавалерам, абменьваючыся змоўніцкімі позіркамі з Крысцінкай. На Макса глядзець не выпадала: парушыцца вялікая нямая таямніца, што з’явілася паміж імі. У таямніцы гэтай было так соладка і невыносна, што яшчэ крыху і… не вытрымае Санька.

На сцэне пачалася мітусня: забегалі, расстаўляючы мікрафонныя стойкі, арганізатары, пацішэла музыка, найбольш актыўныя аматары танцаў незадаволена загулі: ім не далі датанцаваць паўкуплета і прыпеў.

На сцэну выйшлі Дзед Мароз і Снягурка. Санька на хвалі свайго асабістага шчасця амаль паверыла, што яны сапраўдныя, што яны падарылі ёй гэты вечар, гэтага Макса, гэты цуд. Хай сабе ў чараўніка праз штучную бараду, бровы і румянец праглядаліся рысы заўсёднага арганізатара і актора Цэнтра культуры. Хай сабе Снягурка — Санька ведала дакладна — была жонкай «дзядулі». Крысцінка пацягнула ўсіх бліжэй да сцэны. Санька з жалем зрабіла гэтыя крокі: кранешся з места, а таямніца застанецца тут.

— Са святамі вас, сябры! З надыходзячым Новым Годам! Хай у гэты чароўны час здзяйсняюцца вашы мары! Хай побач з вамі заўсёды будуць блізкія людзі! Хай у гэтую цудоўную ноч самотныя сустрэнуць сваё каханне! — натхнёна несла Снягурка.

— А тых, хто ўжо мае палавінку, мы праверым: ці моцныя вашы пачуцці, як зімовы мароз, ці бурныя, як снежная завея, ці доўгія, як у нас са Снягуркай? — падтрымаў Дзед Мароз і дадаў: — Нам спатрэбяцца тры пары.

Санька прыдумала, як пажартаваць з неадпаведнасцей у сцэнары, але не паспела. Накіраваная дакладным штуршком, яна бегла па прыступках на нізенькую сцэну. Азірнуўшыся, убачыла, як за ёй ляціць Макс — таксама падштурхнуты. Крысцінка і Дзіма задаволена паціскалі адно аднаму руку. Кавалера, відаць, «запусцілі» мацней — па інэрцыі праляцеў далей за Саньку і апынуўся ледзь не на сярэдзіне сцэны, побач са Снягуркай, якая адразу ж схапіла яго пад руку:

— Вось і першы ўдзельнік! А дзе ж ваша палавінка?

Санька ўзрадавана падбегла да вядучай. Яны з Максам — сапраўдная палавінкі! І зараз усе гэта ўбачаць! Узрушаныя прыкладам «маладых і прыгожых», як сказаў Дзед Мароз, да вядучых выйшлі яшчэ дзве пары: двое — са старэйшых класаў Санькінай школы і яшчэ двое — сямейная пара. Жанчына працуе разам з мамай ў шпіталі, заўтра ўсе іх калегі будуць ведаць… Назад шлях закрыты.

— Першы конкурс! — абвясціў Дзед Мароз. — Вам трэба пазнаёміць усіх са сваёй парай. Распавядзіце адно пра аднаго ўсё самае лепшае, што ведаеце!

— Упс, — ціха вымавіла Санька. За дзве гадзіны знаёмства яны з Максам і слова адно аднаму не сказалі. Што казаць? Што рабіць? Дзяўчына паглядзела на свайго кавалера. Ён узіраўся ў далячынь так спакойна і ўпэўнена, бы капітан карабля, які ідзе дакладна па пракладзеным курсе.

Мікрафон у руках вядучага набліжаўся да Санькі і Макса. Дзяўчынка была першай на шляху Дзеда Мароза з яго небяспечным грузам. Калі неабходнасць абараняцца стала відавочнай, Санька заплюшчыла вочы і…

— Майго спадарожніка завуць Макс. Мы з ім знаёмыя не так і даўно, але я ведаю, што ён ідэальны. Нам заўсёды ёсць пра што памаўчаць — часам мне здаецца, што ён чытае мае думкі — настолькі мы блізкія.

— Цудоўна! — адплёўваючы штучную бараду, сказаў Дзед Мароз. — А вы, Максім, што скажаце пра сваю дзяўчыну, якая так міла апісала вас?

Санька зноў напружылася.

— Я… — Макс пакашляў, цягнучы час. — Я ўпершыню бачу гэтую дзяўчыну, нават імя яе не ведаю.

Першыя секунды Санька яшчэ ўсміхалася — пакуль даходзіў сэнс. Разгубілася не толькі яна: вядоўца з вялікім вопытам імправізацыі залыпаў вачыма з–пад сівых касматых броваў. Санькін «ідэал» усё гэтак жа глядзеў удалячынь, ведучы карабль мерцвякоў па аднаму яму вядомым маршруце. Нібы не ён толькі што зганьбіў Саньку, сапсаваў ёй жыццё. Недзе ўнутры разрасталася–разгортвалася жаданне даць яму поўху, правая рука здрыганулася і замёрла: гэта будзе зусім непрыгожа глядзецца збоку. Усвядоміўшы, што яшчэ стаіць тут, перад усімі, Санька збегла са сцэны і панеслася з плошчы.

Нясцерпна нылі ногі на маміных абцасах — кожны крок мог быць апошнім. Дабегчы хаця б да вугла бліжэйшага будынка, схавацца за ім, а там можна і пайсці павольней. Там можна сесці проста на прамёрзлую зямлю і плакаць, адчуваючы, як замярзаюць на шчоках вільготныя дарожкі. Можна яшчэ зняць боты і пайсці так, як ёсць, злегчы назаўтра з тэмпературай, не лячыцца і памерці.

Хай потым усе паплачуць і пашкадуюць, а Санька пасмяецца.

Яна не села, не зняла боты. Стала шкада сябе: тут і ў ботах не надта цёпла, а дадому яшчэ… Спачатку  дайсці, сагрэцца, прыдумаць, як адбрахацца, калі маме ўсё–ткі скажуць. Пасля паглядзім. А там — і Новы Год, і яшчэ адны Каляды, і Стары Новы Год — таксама, кажуць, варажыць можна.

— Нічога, будзе яшчэ цуд.

Раніцай зноў не выпаў снег.

Кацярына ЗАХАРЭВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».