Вы тут

Татаў стыль


Чытачы, што кожны з вас узяў ад свайго бацькі? Упэўнены, будзе мноства варыянтаў адказаў — як станоўчых, так, магчыма, і не вельмі. Памятаеце, як жартаваў Сямён Слепакоў, калі яшчэ гуляў у КВЗ за зборную Пяцігорска? «Тата абяцаў схадзіць у заапарк? Тата схадзіў!» («— Тата, калі ты ўжо выкінеш гэтыя старыя санкі? — Гэта легендарныя санкі, дачка! Ранкам я цябе на іх у садок вазіў, а вечарам мяне на іх мамка з гаража забірала».) Я, напрыклад, узяў уменне секчы дровы і мыць посуд пры адсутнасці гарачай праточнай вады. («— Тата, а чаму мы ўвесь час ядзім бульбу «ў мундзірах», а нашы суседзі пастаянна смажаць шашлыкі? — А гэта, сынок, таму, што яны гультаі. Яны не хочуць яе саджаць, акучваць і збіраць каларадскіх жукоў».) Брат уменняў узяў яшчэ больш. Як жартую: дайце яму адмысловы станок і пакажыце, як рабіць аграньванне каштоўных камянёў, — ён гэта зробіць. Усіх, у каго ёсць такі станоўчы досвед, — віншую. Як спяваў Уладзімір Высоцкі: «Значыць, патрэбныя кнігі ты ў дзяцінстве чытаў!»


Іншымі словамі, добра, калі побач быў чалавек, які здолеў цябе нечаму навучыць, перадаць нешта, штосьці ўкласці. («Хлопчык становіцца мужчынам, калі ў яго ўпершыню знікае другая шкарпэтка».) Ды і для любой дачкі ў дзяцінстве ён — яшчэ той аўтарытэт. («Дзяцінства ў дзяўчынкі заканчваецца тады, калі яе ўпершыню завуць не есці, а гатаваць».) Бацька ж дрэннага не параіць, праўда? (Усё з таго ж ранейшага рэпертуару Слепакова: «Папа знает, папа пОжил, стих на музыку полОжил».) Гэта я ўсё да чаго хілю?

Можа, чулі, што апошнім часам ва ўсім свеце набывае папулярнасць стыль у адзенні, які так і называецца — татаў стыль. Што ён з сябе ўяўляе? Калі коратка, гаворка пра «брыдкага» выгляду расцягнутыя світары, такія ж кашулі і красоўкі. («Існуе легенда, што рэчы пасля сваёй смерці трапляюць на лецішча».) Мода на «бацькоўскія» рэчы з'явілася пасля таго, як адзін модны дом выпусціў калекцыю з мешкаватымі блейзерамі і «варанымі» джынсамі. Гэта тое, што насілі некалі бацькі цяперашніх тынэйджараў. Фактычна ў якасці модных тэндэнцый спецыялісты адзначылі стыль 1990-х гадоў. І вось гэтыя рэчы чамусьці (ці не з падачы найперш маркетолагаў?) прыглянуліся сучаснаму пакаленню, хоць і час зараз іншы, і настальгіі па мінулым у яго быць не можа. («— Мне падабалася ў 90-я, я з задавальненнем бы туды вярнуўся. Можа, яшчэ і збудзецца, хто ведае. — Я вельмі выбачаюся, але вы з якога боку паяльніка былі?»)

Дарэчы, трэба асобна сказаць пра красоўкі. Шпількі, як канстатуюць спецыялісты ў гэтай галіне, імкліва выходзяць з моды. А «татавы шузы», якія дакладна капіруюць абутак усё тых жа 1990-х гадоў, такімі ж шпаркімі тэмпамі набіраюць папулярнасць. («Хачу, каб заўтра мама надзела на мяне футра і рукавічкі і павяла ў садок, а на работу я не хачу».) За 2017 год продажы туфляў на абцасах упалі ў ЗША на 11 працэнтаў, а за той жа год прыбытак ад рэалізацыі спартыўнага абутку дасягнуў 20 мільярдаў долараў. «Татавы красоўкі» ўжо стала модным насіць не толькі са спартыўным адзеннем, але і са... строгімі касцюмамі, і з сукенкамі. Ці маглі бацькі цяперашніх юнакоў і дзяўчат некалі нават уявіць такое? («У недалёкім будучым сядзяць дзед з унукам, размаўляюць: «Дзеда, а ты адкуль столькі ўсяго ведаеш?» — «Дык ты пагуглі з маё...») Тут галоўнае, каб на фоне ўсіх гэтых навамодных тэндэнцый абышлося без перагібаў, як яно часта бывае на Захадзе. («— У спартыўным абутку нельга. — Кеды з сукенкай — гэта трэнд, ведаць трэба! — Можа быць, але правілы ёсць правілы. Так што, мужчына, прабачце».)

А то вось вам гісторыя ў тэму — пра гарачых італьянскіх мужчын. Ну, сярод іх жа таксама могуць быць таты, так? («— Вы гарантуеце, што сродкі пойдуць менавіта дзецям? — Усе мы чые-небудзь дзеці...») У гэтай краіне кароткія штаны настолькі модныя і папулярныя, што нават надыход зімы не можа прымусіць моднікаў пераапрануцца ў нешта па сезоне. І ведаеце, што яны прыдумалі? Насіць маленькія шалікі на... кожнай шчыкалатцы. Далібог, гэта ж фэйк! Рынак такіх хустак (!) і шалікаў (!) у Італіі зараз, калі верыць сеціву, на ўздыме, дызайнеры прапануюць розныя мадэлі ў розных колерах. Ну, вось чаму такія таты могуць навучыць дзяцей? Хаця... («Пакаленне, якое зараджала ваду тэлевізарам, асуджае пакаленне, якое лавіла пакемонаў тэлефонам».)

Затое барадачы ў сацыяльных сетках проста пазабаўляліся, прыдумаўшы новы трэнд. Яны ж вясёлыя, чаму б не адарвацца! («Жывеш-жывеш сабе, а потым — бац! І шаснаццаць ужо не табе, а дзецям!») Барадачы сталі рабіць сэлфі з аптычным падманам: фатаграфуюць сваю расліннасць на твары, гледзячы ў столь. У залежнасці ад ракурсу вушы бачныя або не, шыя аказваецца на месцы твару, а барада выконвае ролю валасоў на галаве. Некаторыя нават малююць на шыі твары ці начэпліваць яшчэ і сонечныя акуляры. Карацей, гэта трэба бачыць (гл. фота). («Да таго часу, калі ты зразумееш, што твае бацькі мелі рацыю, у цябе ўжо будзе сын, які будзе лічыць, што ты не маеш рацыі».)

...Калі ж сур'ёзна, у нас па ўсёй краіне пачалі адкрывацца «ТатаЗалы» — месцы, дзе маладыя таты могуць бясплатна бавіць вольны час са сваімі дзецьмі, займацца фізкультурай. («— Тата, я больш ніколі не пайду з табой на санках катацца! — Маўчы, сынок! Вязі, давай!») Што можа быць лепш?! Татаў стыль — ён такі!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.