Вы тут

Хелена Мерааі: Мару пра шматмільённую аўдыторыю


Пакуль яе аднагодкі вучацца ў школе, а ў вольны час гуляюць з сябрамі, яна скарае новыя музычныя вяршыні. Хелена Мерааі ў свае 15 гадоў ужо прыняла ўдзел у шматлікіх конкурсах і зараз не ўяўляе свайго жыцця без спеваў.


— Як у тваім жыцці з'явілася музыка?

— Упершыню я заспявала разам з маёй прабабуляй, гэта была вядомая «Нясе Галя воду». А мой дэбют на сцэне адбыўся ў тры гады на конкурсе для настаўнікаў. Я і мая выхавальніца разыгрывалі сцэнку з «Мэры Попінс». Я была дзяўчынкай Джэйн. Для гэтага нумара нават вопратку спецыяльна купілі, каб вобраз быў падобны на маю гераіню. Магчыма, менавіта ў той дзень я і зразумела, што сцэна — гэта тое месца, дзе я адчуваю сябе вельмі добра.

— Хто быў тваім настаўнікам на шляху да яе?

— Усяго ў мяне было чатыры педагогі: у дзіцячым садзе, гімназіі, музычнай школе і ў студыі. З апошнім я займаюся і дагэтуль. Яе завуць Вольга Драздова, з ёй я  ўдзельнічала ў розных праектах: «Х-Фактар», дзіцячая «Новая хваля — 2016», «Голас. Дзеці-3», дзіцячае «Еўрабачанне-2017». Ведаеце, думаю, на гэтым наш сумесны творчы шлях толькі пачынаецца.

— Шоу «Голас» было тваім першым маштабным праектам?

— Так, маеш рацыю. Першы раз падала на яго заяўку ў 2014 годзе, але тады не прайшла. Другая мая спроба была ў 2015 годзе, напэўна, з больш падыходзячымі песнямі. Дарэчы, тады я ўжо і перайшла да Вольгі Драздовай.

— Як даведалася, што прайшла кастынг?

— Насамрэч, каб патрапіць на тэлевізійны кастынг, трэба было спачатку прайсці перадкастынг. І вось пра тое, што прайшла яго, даведалася зусім нечакана. У пачатку верасня захварэла на бранхіт, і ў адну цудоўную раніцу ў пакой зайшла мама і паведаміла гэтую навіну. Шчыра, тады ў мяне ўзнікалі розныя эмоцыі: я і радавалася, і перажывала, што з-за хваробы доўга нічога не рэпеціравала. У выніку мы паехалі на кастынг, ён цягнуўся досыць доўга. Але ўсе гэтыя чаканні былі таго вартыя. Літаральна праз пару дзён нам патэлефанавалі і сказалі: «Вы прайшлі». Адчуванні былі тады такімі, што словамі не перадаць! Спачатку — шок, нічога не магла зразумець, потым была вельмі шчаслівая, ну а затым пачалася доўгая і карпатлівая падрыхтоўка да праекта.

— Як ты лічыш, на «Голасе» трапіла да «свайго» настаўніка?

— Спачатку думала, што буду ў Леаніда Агуціна. На жаль, калі да мяне дайшла чарга, у яго ўжо ўсе месцы ў камандзе былі занятыя. Але я не пашкадавала аб тым, што трапіла да Дзімы Білана. Ён цудоўны чалавек, адзін з самых шчырых настаўнікаў, з якімі ўдалося папрацаваць.

— Калі параўнаць гэты праект і ўдзел у дзіцячым «Еўрабачанні», які з іх быў для цябе цяжэйшым?

— «Голас» — самы першы праект і таму самы цяжкі. Хваляванне было каласальнае. А што датычыцца «Еўрабачання», у нацыянальным адборы эмоцыі, вядома, прысутнічалі, але я не магу сказаць, што гэта было таксама, як на «Голасе». Магчыма, з прычыны меншай колькасці канкурсантаў. І, як той казаў, дома і сцены дапамагаюць! Калі гаварыць пра фінал «Еўрабачання», там я была больш-менш спакойная. Можа, таму, што ў мяне былі і тэмпература, і кашаль, і я больш засяроджвалася не на хваляванні, а на тым, каб не закашляцца (смяецца). Калі ж зразумела, што нічога не адчуваю ў горле, ніякага пяршэння, стала самым упэўненым чалавекам!

— У цябе шмат часу займае творчае жыццё. Ці хапае яго на школу?

— Калі пачала прапускаць урокі з-за праектаў, настаўнікі пачалі гаварыць пра тое, што нехта нешта не давучыў... Паколькі я выдатніца, то гэтыя маленькія хібы былі досыць прыкметныя. Натуральна, мне такі вынік не падабаўся, таму пачала хутка выпраўляць гэту сітуацыю.

— Ты вучышся ў 10 класе. Ужо абрала, куды будзеш паступаць?

— Пакуль не задумвалася, куды мне ісці пасля 11 класа, хоць да заканчэння вучобы засталося менш як два гады. Але я дакладна ведаю, што ў далейшым хачу звязаць сваё жыццё з музыкай. Хачу дарыць слухачам найперш уласную. У мяне ёсць песні, якія напісала сама, але яны ляжаць у стале і мне здаецца, што я іх не хутка пакажу. Буду вельмі спадзявацца на тое, што мае мары некалі спраўдзяцца, што я нарэшце праспяваю свае кампазіцыі, выступаючы перад шматмільённай аўдыторыяй. Так, ведаю, што гэта мара, да якой прыйдзецца ісці доўга, упарта і праз слёзы, але я буду старацца.

— Нядаўна ты была вядучай дзіцячага «Еўрабачання» ў Мінску...

— Так, калі мне сказалі пра гэта, я не проста не паверыла, увогуле на хвіліну змоўкла, потым заплакала і праз слёзы спытала: «А хто са мной вядзе?» Я вельмі рада, што была адной з вядучых такога маштабнага конкурсу і працавала побач з такімі выдатнымі людзьмі, як Яўген Перлін і спявачка Зена.

— Ці ёсць у цябе хобі, акрамя музыкі?

— Я амаль увесь свой час аддаю ёй. Аднак у мяне ёсць і мноства іншых захапленняў. Вельмі люблю чытаць, часта знаёмлюся з біяграфіямі вядомых акцёраў або цікавых асабіста для мяне асоб. У прынцыпе люблю глядзець серыялы, як і любы падлетак. У будучыні вельмі хачу навучыцца іграць на барабанах і гітары, таму я гэта з году ў год буду сабе паўтараць, пакуль не навучуся (смяецца). Таксама апошнім часам мне вельмі падабаецца вывучаць мантаж, відэараскадроўку.
Акрамя таго, што люблю працаваць з камерай, мне падабаецца перад ёй пазіраваць.

— У цябе ёсць куміры, на якіх імкнешся быць падобнай?

— Я стараюся быць ні на каго не падобнай. Ёсць людзі, якія проста мяне зачароўваюць, скажам, Майкл Джэксан. Я сказала б, што гэта мой музычны эталон, ён адкрываў для нас новую музыку, новае гучанне, гэта чалавек, які ўвесь час працаваў. З новых імёнаў гэта Sevdalіza, Cardі. Як бы гэта дзіўна ні гучала для некага, але мне вельмі падабаецца слухаць класіку, асабліва Бетховена і Баха. З рок-гуртоў — Nirvana, AC/DC. Як бачыце, я сапраўдны меламан (смяецца).

— Ці падабаецца, калі на конкурсах спяваюць твае песні?

— Мінусоўкі маіх «Я самая» і «Stop», у прынцыпе, нельга знайсці ў інтэрнэце. Люблю, калі робяць каверы, і сама запісваю іх на кампазіцыі іншых выканаўцаў у сябе ў «Інстаграме». Што датычыцца менавіта выканання маёй песні, не ведаю чаму, але мне не падабаецца, калі яе выконваюць на нейкіх конкурсах. Калі б гэта было новае гучанне, а не дакладнае паўтарэнне майго выканання, то я толькі за!

— Як ставішся да крытыкі?

— Раней увогуле не заўважала. Цяпер рэагую толькі на канструктыўную, хоць у інтэрнэце мала такой. Пісалі рознае: што ў 15 выглядаю на 20, пра маю знешнасць, пра творчасць... Але я зразумела, што на гэта не варта звяртаць увагі. У падлеткавым узросце не выбіраюць, як выглядаць. І я гэта кажу не толькі пра сябе. Вельмі многія канкурсанты, якія былі на дзіцячым «Еўрабачанні», таксама чыталі падобныя каментарыі і ўспрымалі іх вельмі балюча. Ды і не толькі на гэтым конкурсе, на любым іншым праекце таксама такое ёсць. Таму я заўсёды шукаю ў людзях толькі станоўчыя якасці!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.