Вы тут

Як захаваць псіхічнае здароўе ў сталым узросце


Зімой, здаецца, сама прырода распарадзілася маркоціцца і хандрыць: дні стаяць кароткія, а сонца мы амаль не бачым. Пасумаваць пару дзён, канешне, не страшна. Але калі дрэнны настрой цягнецца тыднямі, тут размова можа ісці пра дэпрэсію. Да яе схільныя ўсё больш людзей у свеце. І паводле прагнозаў вучоных, да 2020 года яна выйдзе на другое месца па распаўсюджанасці пасля сардэчна-сасудзістых хвароб.


Медыкі тлумачаць, што стрэс — гэта сітуацыя, у якой чалавек аказаўся ўпершыню, і ў яго яшчэ няма вопыту, як вырашыць сваю праблему, няма ведаў пра тое, якія наступствы яго чакаюць. Такая невядомасць сур'ёзна ўплывае на нервовую сістэму, але звычайна востры стан доўжыцца тры-чатыры дні, а затым праходзіць. Калі ж чалавек зноў і зноў аказваецца ў цісках абставін і выдатна ведае, чым для яго абернецца страта работы, скасаванне шлюбу ці фінансавы крызіс, і гэтыя непрыемнасці ідуць чарадой, — атрымліваецца, што ён пастаянна жыве ў стане стрэсу. І вось тут нервовая сістэма, якая не можа справіцца з непасільнай нагрузкай, дае збой. Як ні сумна, перад дэспрэсіяй, як і перад каханнем, усе ўзросты скараюцца. І людзі сталага веку — не выключэнне. Сыход з работы, адзінота і ўзроставыя хваробы толькі пагаршаюць эмацыянальны стан.

Прыкметы дэпрэсіі

Асноўнымі характарыстыкамі дэпрэсіі з'яўляюцца адчуванне стомленасці і апустошанасці, безнадзейнасці і непапраўнасці, маркоты і тугі, у гэтым стане завышана самакрытыка, прысутнічае пачуццё глыбокай віны.

— Чалавек пачынае займацца самаедствам, бясконца сябе вінаваціць, пастаянна наракаючы на абставіны і жыццё ўвогуле, часта крытыкуе навакольных і блізкіх за адсутнасць разумення яго стану, яго раздражняюць пазітыўныя людзі, ён ва ўсім шукае недахопы, ходзячы па крузе, і зноў вяртаецца да сваіх светаадчуванняў, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марына Шчаслянок. — Тое, што раней прыносіла задавальненне, яго ўжо не радуе, ён і хацеў бы знайсці гэтаму замену, але не атрымліваецца. Ён жыве ў сваім свеце — адзінокі і не зразумелы нікім, абыякавы да таго, што яго акружае.

Цяжкі эмацыянальны стан узмацняецца фізічнымі недамаганнямі, ці гэта будуць парушэнні функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы і абмену рэчываў, ці бяссонніца, адсутнасць апетыту і іншае.

Узроставы крызіс

Больш складаным відам з'яўляецца ўзроставая дэпрэсія. Яна мае свае прычыны: эмацыянальны стан ускладняе пагаршэнне фізічнага здароўя, звязанае з пэўнымі ўзроставымі змяненнямі ў арганізме. Чалавек, які выходзіць на заслужаны адпачынак, вельмі выразна адчувае розніцу паміж сваім ранейшым ладам жыцця і цяперашнім.

Незапатрабаванасць, марнасць, адзінота і адчай становяцца спадарожнікамі пажылога чалавека. Жыццё цячэ марудна і аднастайна. У сувязі з узроставымі абмежаваннямі ўладкавацца на работу праблемна, дзеці выраслі і ў іх свае сем'і, больш за тое, ім ужо не патрэбна бацькоўская апека. Узнікаюць праблемы са здароўем, непазбежныя ўзроставыя змены знешнасці. Мяняецца і асяроддзе кантактавання.

Таму вельмі важна, каб блізкія не пакідалі без увагі сваіх пажылых бацькоў і сваякоў. А тым больш не ігнаравалі стан узроставай дэпрэсіі. Ні ў якім разе нельга наракаць на ўзрост ды непазбежнасць такога стану і ў сувязі з гэтым адсутнасць метадаў лячэння. Не пакідайце чалавека на волю лёсу і сам насам з хваробай.

— Як правіла, да пажылых бацькоў мы прыходзім залечваць свае раны, калі нам цяжка. Аднак забываем, што яны таксама перажываюць і, хутчэй за ўсё, у адзіноце, — нагадвае Марына Шчаслянок.

Як яе пераадолець

  • Скараціце да мінімуму кантактаванне з людзьмі, якія выклікаюць у вас адмоўныя эмоцыі. Стрэс не падаўжае жыццё. Вам патрэбны станоўчыя эмоцыі. Вы іх атрымаеце, калі не будзеце замыкацца, а застаняцеся адкрытымі да кантактавання.
  • Абавязкова павінен быць чалавек, які вас выслухае, паколькі вельмі важна ведаць, што вы не адзінокія. Замыкаючыся ў сабе, вы дапамагаеце назапашвацца негатыву ўнутры, адчуваючы адзіноту і непатрэбнасць. Не трэба сябе «зажыва хаваць». Кантактуйце з людзьмі пазітыўнымі, гэта надасць вам моцы і веры ва ўласныя сілы.
  • Можаце заняцца прысядзібнай гаспадаркай, кветкаводствам. Гэта выдатнае спалучэнне адпачынку на свежым паветры і фізічнай актыўнасці. Можна разводзіць і хатнія расліны ці завесці хатняга гадаванца, які патрабуе любві і клопату, і прысвяціць яму свой час, падарыць цеплыню. А сумесныя прагулкі на свежым паветры будуць карыснымі для вас абаіх.
  • Карысныя павольныя шпацыры на свежым паветры, гімнастыка раніцай, абціранне і абліванні, плаванне — усё, што засцеражэ вас ад сядзячага ладу жыцця і што вам па сілах.
  • Неабходныя паўнавартасны сон і добры адпачынак.
  • Маючы вялізны жыццёвы вопыт, вы пастаянна азіраецеся назад, і, звяртаючыся да сваіх успамінаў, прымаеце рашэнні, грунтуючыся менавіта на гэтым вопыце. Але варта навучыцца жыць днём сённяшнім, не азіраючыся назад. Цалкам аднолькавых сітуацый не бывае. Прымаючы рашэнне, варта ўсведамляць, што вы знаходзіцеся тут і цяпер і сённяшні час адрозніваецца ад вашага мінулага. Безумоўна, вопыт ранейшых памылак важны, але фактары, якія ўплываюць на прыняцце рашэння, могуць значна адрознівацца ад тых, што былі ў вашым мінулым вопыце.

Пастарайцеся планаваць сваю будучыню, і не трэба баяцца перамен — услед за імі ваша жыццё напоўніцца новым сэнсам, а паставіўшы перад сабой мэту і імкнучыся да яе, вы не пакінеце ў сваім жыцці месца для дэпрэсіі. Але ваш пасыл у будучыню павінен быць толькі пазітыўным і несці аптымізм, а не смутак.

І самае галоўнае — не бойцеся радавацца жыццю і атрымліваць ад яго асалоду, не хавайце сваіх пачуццяў і эмоцый. Пенсія — гэта не прыгавор. А вашы гады — ваша багацце.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ад дрэннага настрою да дэпрэсіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».