Вы тут

Як вылечыць насмарк?


У халады рыніт (а папросту насмарк) становіцца частым і нават звыклым госцем для дарослых і дзяцей. Часам мы на яго і ўвагі не звяртаем, хіба што глушым каплямі. Ці трэба так рабіць?


Банальны насмарк (ці востры неспецыфічны) з'яўляецца запаленнем слізістай носа. І садзейнічаюць яго развіццю пераахалоджанне, зніжаная імунная сістэма, кантакт з хворымі на вострыя вірусныя рэспіраторныя хваробы (парагрып, грып, адэнавірус і інш.), а таксама ўнясенне ў насавую поласць патагенных мікраарганізмаў.

— Існуе шырока распаўсюджанае памылковае меркаванне, што немэтазгодна лячыць востры рыніт. Маўляў, лячы — не лячы, менш чым за тыдзень не пройдзе. Але пацыентам, якія кіруюцца такім стэрэатыпам, даводзіцца сутыкацца з ускладненнямі ў выглядзе запалення калянасавых пазух і сярэдняга вуха, дыхальных шляхоў — фарынгаларынгатрахеабранхітам, а таксама хранізацыі гэтых працэсаў, — папярэджвае загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Людміла КІПЦЭВІЧ. — Бацькам важна ведаць, да чаго можа прывесці парушэнне насавога дыхання на фоне частага ці доўгага насмарку ў дзяцінстве. Гэта парушэнні сну, хуткае ператамленне, зніжэнне памяці, парушэнне работы органаў дыхання і сардэчна-сасудзістай сістэмы, працэсаў метабалізму аж да спынення разумовага і фізічнага развіцця дзіцяці, дэфармацыі шкілета твару.

Пры своечасовым і правільным лячэнні насмарк доўжыцца ад 7 да 10—12 дзён. І важна своечасова звярнуцца да ўрача па дапамогу. Можна лячыць насмарк і ў хатніх умовах. Для гэтага варта памятаць, што метады лячэння залежаць ад стадыі хваробы.

На першай прымяняюць адцягвальныя працэдуры: нажныя ванны, расціранне ног, а таксама патагонныя сродкі (гарбата з малінай, мёдам, ліпавым цветам), фітанцыды (удыханне здробненага часнаку, цыбулі), прымяненне гарачкапаніжальных, супрацьвірусных і антыгістамінавых прэпаратаў. На другой і трэцяй стадыях падключаюць сасудазвужальныя каплі ў нос або спрэі. Але спачатку важна ачысціць нос ад слізі, для гэтага падыдзе звычайны фізраствор, які прадаецца ў аптэках. Яго трэба закапаць у нос і праз пару хвілін ачысціць яго. І толькі пасля гэтага закапаць сасудазвужальныя каплі. На трэцяй стадыі часам дадаюць антыбіётык у выглядзе капляў ці спрэяў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».