Вы тут

Як засцерагчыся ад халадоў?


Гэтыя Каляды ў Беларусі будуць марознымі. Прагназуецца, што раніцай 7 студзеня ртутны слупок рызыкуе «памацаць» дваццаціградусную адзнаку. Марознае надвор'е захаваецца і ў наступныя дні. Як жа засцерагчыся ад халадоў? Афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч дала некалькі карысных парад.


Без «затычкі» ў катле

— Пры выкарыстанні катлоў падчас тэмператур могуць замерзнуць трубаправоды сістэмы ацяплення, асабліва калі яны знаходзяцца на гарышчы і вельмі дрэнна ўцеплены. Трубу закаркоўвае лёд, вада не цыркулюе, ціск у катле расце — у выніку гэта заканчваецца выбухам. У памяшканне разава паступае велізарны аб'ём пары, які павышае ціск на сцены і перакрыцці. Як вынік — канструкцыі будынка складваюцца, як картачны домік.

Як жа засцерагчыся ад гэтага? Трэба пераканацца, што запорныя сістэмы на падаючым і зваротным трубаправодах да катла адкрыты, як і ўсе запорныя прылады. Кандэнсат з ніжняй кішэні коміна для катлоў, якія працуюць з натуральнай цягай, трэба зліць. А галоўкі комінаў не павінны замярзаць.

Перапал прыводзіць да пажару

— Гэта адна з распаўсюджаных прычын пажараў у халодную пару года. У моцныя маразы лепш займацца прапальваннем два разы за суткі. Гарачы попел з печаў трэба высыпаць у яму, якая выкапана як мага далей ад будынкаў. Папярэдне яго неабходна затушыць вадой, пяском або снегам. Усе трэшчыны, шчыліны на коміне і на корпусе печы — гэта патэнцыйныя шляхі распаўсюджвання полымя. А перад топачнай адтулінай павінны быць прыбіты металічны ліст памерам мінімум 50 на 70 сантыметраў.

Пазбегнуць абмаражэння

Канешне, халады лепш пераседзець дома — балазе афіцыйныя выхадныя гэтаму спрыяюць. Але што рабіць, калі ўсё ж трэба выйсці на вуліцу? Ратавальнікі раюць не піць і не курыць на марозе. Алкаголь стварае ілюзію камфорту, але пры гэтым з-за яго насамрэч цела губляе вельмі шмат цяпла. Тытунь жа змяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві ў арганізме. З-за гэтага рукі і ногі становяцца больш уразлівыя да холаду. Найлепшая вопратка ў такое надвор'е — у стылі капусты. Гэта значыць, вопратка павінна быць дастаткова вольнай і змяшчаць паміж сваімі слаямі праслойкі паветра. У ветранае надвор'е без крайняй патрэбы лепш наогул не выходзіць з хаты — магчымасць зарабіць абмаражэнне ўзрастае шматкроць.

— Што да абутку, то ў зоне рызыкі — тыя, хто носіць цеснаватыя боты і ў каго пацеюць ногі, — кажа Анастасія Швайбовіч. — Таму лепш за ўсё пакласці туды цёплыя вусцілкі, а звычайныя шкарпэткі часова замяніць на шарсцяныя. Без шапкі, шаліка і пальчатак на вуліцы рабіць няма чаго. Адкрытыя ўчасткі цела змажце крэмам.

Металічныя прадметы, у тым ліку ўпрыгажэнні, пакіньце дома. Метал на марозе настывае хутчэй за чалавечае цела і з-за гэтага можа прыліпнуць да скуры, што будзе суправаджацца болем і халадовай траўмай. Пярсцёнкі на пальцах перашкаджаюць нармальнай цыркуляцыі крыві.

Але што рабіць, калі стала зразумела, што нейкі ўчастак цела аказаўся абмарожаны? Самае першае, што трэба зрабіць, — гэта зайсці ў якое-небудзь цёплае месца. Гэта можа быць пад'езд, крама ці проста гарадскі аўтобус. Калі пад прыцэл марозу трапіла нага, то здымаць абутак з канечнасці нельга: надзець яго назад вы ўжо не здолееце. І як мага хутчэй выклічце «хуткую».

Калі замерзла паліва

Мінулым лютым краіну абляцела навіна пра тое, што ў Глыбоцкім раёне на трасе ледзь не замерзла сям'я немцаў, якія прыехалі гасцяваць. У баку замерзла дызельнае паліва. За бортам было мінус 23. У машыне — муж, жонка і трохгадовае дзіця. На шчасце, гісторыя скончылася добра: аўтамабіль адбуксіравалі да падраздзялення МНС, а людзей абагрэлі.

— Калі ў вас заглухла машына далёка ад населенага пункта або ў незнаёмай для вас мясцовасці, лепш заставацца ўнутры і выклікаць дапамогу па тэлефоне, — раіць Анастасія Швайбовіч. — І паралельна з гэтым чакаць, пакуль па дарозе пройдзе іншы аўтамабіль. Асаблівую ўвагу мы звяртаем на тое, што ні ў якім разе нельга разаграваць бакі з палівам адкрытым агнём, бо гэта можа прывесці да трагедыі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.