Вы тут

Калядны турнір па хакеі у самым разгары


Калядны турнір, або чэмпіянат свету сярод аматараў, як яго даўно прывыклі называць прыхільнікі хакея, у самым разгары

Удзельнікі ўжо паспелі правесці па некалькі гульняў і нядрэнна пазнаёміцца з сапернікамі не толькі на лёдзе, але і па-за яго межамі. Бо ў першую чаргу Калядны турнір не спартыўнае спаборніцтва, а свята для аматараў спорту.


Для былых гульцоў — магчымасць успомніць ранейшыя часы і яшчэ раз атрымаць асалоду ад выдатных момантаў гульні, а для балельшчыкаў — шыкоўны шанц стаць часткай вялікага шоу, бо ў Мінск прыехалі вядомыя гульцы. Напрыклад, у варотах зборнай Славакіі можна заўважыць сярэбранага прызёра чэмпіянату свету 2000 года Марціна Ліпоўскі, у складзе зборнай Фінляндыі тры гульцы, якія паспелі пагуляць у НХЛ, у чэхаў — прызёр Алімпіяды-1992 Радэк Тоўпал, у латышоў — уладальнік Кубка Стэнлі і мноства іншых узнагарод Сандзіс Озалінш. І ўсе яны ветла ўсміхаюцца трыбунам «Чыжоўка-Арэны», раздаюць аўтографы, фатаграфуюцца.

Адзначаецца цяперашні турнір і шэрагам новаўвядзенняў, у першую чаргу павялічылася колькасць камандаў, што кажа аб добрай рэпутацыі Каляднага турніру ў свеце. Сёлета ў сталіцу Беларусі прыехала ўжо дванаццаць хакейных дружын. Адна з новых — зборная ІІНF (Міжнароднай федэрацыі хакея). Пакуль яна ўкамплектавана ў асноўным прадстаўнікамі федэрацый хакея Аўстрыі, Венгрыі, Украіны, але ў далейшым плануецца, што да яе будзе далучацца ўсё больш прадстаўнікоў і іншых краін. Дарэчы, менавіта ў складзе каманды ІІНF у Калядным турніры ўпершыню прымае ўдзел жанчына — Сюзанна Колбенхаер, член савета Міжнароднай федэрацыі хакея і кіраўнік камітэта па жаночым хакеі гэтай арганізацыі. Менавіта яна ў стартавай сустрэчы для беларускай каманды тройчы паразіла вароты гаспадароў і была прызнана найлепшым гульцом у складзе сваёй каманды.

Як заўсёды акрамя спартыўнай праграмы для гледачоў Каляднага турніру арганізавана яшчэ і забаўляльная. А ўдзельнікі, хакеісты-аматары, не толькі атрымаюць асалоду ад спартыўных баталій, але і традыцыйна пазнаёмяцца з Беларуссю, яе гісторыяй і культурай.

Замежныя ўдзельнікі падзяліліся сваімі першымі ўражаннямі.

Капітан зборнай Славакіі Ёзэф Штумпел:

— Прыемна, што мяне запрасілі ў ветэранскую каманду Славакіі. Тут у Мінску гуляў за «Дынама», таму магу многае сваім партнёрам расказаць і паказаць. Мы рады першай перамозе над Швейцарыяй, а ў дзень адпачынку паглядзелі горад. Сёння важны матч у групе з Расіяй. На гэтым турніры мы ў кожным матчы будзем гуляць на перамогу. Пасля завяршэння прафесійнай кар'еры даўно хацеў прыехаць у Мінск. Цікава паглядзець і на «Чыжоўка-Арэну», у дынамаўскім клубе мы выступалі на «Мінск-Арэне», а тут іншы комплекс, цікава.

Капітан зборнай ААЭ Джума аль-Дахеры:

— Для нас выступаць у Мінску вельмі важна, рады перамозе ў стартавым матчы. З кожным годам мы вучымся ў сталіцы Беларусі. Наша каманда бачыць на гэтым турніры сур'ёзных гульцоў, якія ў мінулым дамагаліся гучных перамог, глядзім арганізацыю спаборніцтваў, як усё ўладкавана. Гэта вельмі важна і для развіцця хакея ў ААЭ. Удзячныя Прэзідэнту Беларусі і арганізатарам турніру, якія кожны год запрашаюць нашу зборную на Калядны турнір. Падняць узровень майстэрства нам дапамагаюць і беларускія спецыялісты, якія працуюць з нашымі камандамі ў ААЭ. У ранейшыя гады ў Мінску мы змаглі пазнаёміцца з многімі прафесіяналамі, якія працуюць цяпер у ААЭ. Гэта вядомыя ў Беларусі гульцы Арцём Сянькевіч, Сяргей Задзялёнаў. Мы выбудавалі дакладную сістэму падрыхтоўкі маладых хакеістаў. Мяне радуе, што дзеці ў нашай краіне актыўна ідуць у хакей.

Гулец зборнай Расіі Іван Навасельцаў:

— На такі навагодні турнір заўсёды прыемна прыехаць, сустрэць сяброў, з якімі раней гуляў, і пагутарыць. Вельмі прыгожа, вельмі добра ўсё. Навокал чысценька, прыемна пахадзіць, пагуляць. Таму ўражанні самыя добрыя.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Больш за дзесяць камандаў, пяць дзён і адзін кубак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?