Вы тут

Нараджэнне Святла


Пасланне да Раства Хрыстовага Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, манахам
і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы


Царства Тваё, Хрысце Божа, — Царства ўсіх вякоў,

І Валадарства Тваё

ва ўсякім родзе і родзе.

Ты ўцялесніўся

ад Духа Святога

і ад Вечнадзевы Марыі

ўчалавечыўся.

Святло нам запаліла,

Хрысце Божа, Тваё прышэсце.

Святло ад Святла,

Айцоўскае ззянне,

усё стварэнне азарыў Ты;

усё, што дыхае, хваліць Цябе.

Вобраз славы Айца,

Існы, і спрадвеку Існы,

Які заззяў ад Дзевы,

памілуй нас!

Сціхіра навячэр'я

Раства Хрыстовага.

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры! Сардэчна віншую вас з вялікім светаспасіцельным святам Раства Хрыстовага і малітоўна жадаю ўсім нам, усыноўленым Госпадам і сябрам Хрыстовым (Ін. 15, 15), духоўнай радасці ў здзяйсненні сённяшняга свята веры! Зноў гучаць ва ўсіх нашых храмах радасныя словы: «Хрыстос нараджаецца, слаўце! Хрыстос з нябёсаў, сустракайце!»

Надышоў той дзень, калі мы зноў чуем словы зладжанага хору Ангельскіх сіл і роду чалавечага, які ўслаўляе Таго, Чыя любоў да Свайго стварэння бяскрайняя, бязмежная: «Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля!» (Лк. 2, 13—14). На нашу зямлю пажадаў сысці Сам Гасподзь. Тварэц, прыпадобніўшыся да стварэння, прыняўшы прыроду чалавечую, зазнаўшы знявагу і смерць на крыжы, уваскрэснуўшы з мёртвых, прынёс чалавечаму роду спасенне ад улады граху і дыявала. Хрыстос дараваў кожнаму чалавеку, які паверыў у Яго і рушыў за Ім, магчымасць праабражэння паўшай чалавечай прыроды, каб ад тлення ўзвесці да нятлення, ад смерці — да неўміручасці, ад зямлі — на неба: каб «кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін. 3, 16).

Благадатная, светлая і ціхая радасць напаўняе нашы сэрцы ў гэтую калядную ноч, таму што Сам «Бог явіў Сябе ў плоці» (1 Цім. 3, 16), каб знішчыць зло, грэх і смерць! Праз нараджэнне па плоці ад Духа Святога і Прачыстай Дзевы Марыі, праз Яго ўцялесненне чалавек, які прыходзіць у свет, атрымлівае бясцэнны дар — Божую любоў і магчымасць прасвятлення Святлом Ісціны (Ін. 1, 9). Спасіцель звяртаецца да ўсіх, хто любіць Яго, з такімі словамі: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28, 20).

Ад гэтага часу з намі — Бог, мы бачым Яго Прачысты вобраз, чуем Яго дзівосныя словы, запісаныя ў Святым Евангеллі, у пасланнях Яго вучняў — апосталаў, звернутыя да свету і да кожнага чалавека. Сын Божы — Гасподзь Іісус Хрыстос праз Сваіх апосталаў даў нам найвялікшы дар — Святую Царкву. Менавіта яна заклікана кіраваць справай нашага спасення, у ёй мы ўдзельнічаем у царкоўных Таінствах, у здзяйсненні Бяскроўнай Ахвяры і спажываем Цела і Кроў Хрыстовы. У смутку і спакусах Хрыстос Спасіцель умацоўвае нас, асвячае благадаццю Сваёю ўсю нашу сутнасць, ачышчае ад усялякага бруду, супакойвае і дае жыццё. Гасподзь чакае кожнага з нас: «Вось, стаю ля дзвярэй і стукаю: і калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзверы, то Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім» (Адкр. 3, 20).

Гасподзь стукае ў наша сэрца ў любым узросце і ў любым месцы, сярод любога народа. Стукае Сваёю благадаццю, звяртаючыся да нас пранікнёнымі словамі, ціха, лагодна і з любоўю: «Сыне, дай Мне сваё сэрца» (Прытч. 23, 26)... Госпаду нічога ад нас не патрэбна, Ён шукае толькі нашай любові ў адказ.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Нараджаючыся на зямлі, Хрыстос Спасіцель гатовы нарадзіцца ў сэрцы кожнага, хто створыць у сваім сэрцы месца, у якім няма зла і граху, у якім пануе сапраўдная хрысціянская любоў. Захоўваючы вернасць Спасіцелю і заснаванай Ім Царкве, выконваючы Хрыстовы запаведзі, чалавек заўсёды знаходзіцца з Богам, бо калі мы будзем нястомна ачышчаць сэрца, клапоцячыся пра «адно патрэбнае» (гл. Лк. 10, 42), намаганні нашы не застануцца марнымі; Гасподзь усё ведае: «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13, 34—35).

На працягу двух тысячагоддзяў людзі, паўтараючы подзвіг дабрадзейных мудрацоў, імкнуцца прынесці Народжанаму ў Віфлееме Богадзіцяці свае запаветныя прынашэнні. А якія дары мы можам прынесці сёння да ясляў Немаўляці Хрыста? У нас свайго нічога няма, усё, што маем, — дар Божы. Але нашымі дарамі Яму могуць стаць плады нашай любові да Бога, плады духу: «любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць», бо калі «мы жывём духам, то паводле духу і ўчынкі рабіць павінны. Не будзем ганарыцца сабою, адзін аднаго раздражняць, адзін аднаму зайздросціць» (Гал. 5, 22—26). Спасіцель чакае ад нас дзейснай любові да нашых бліжніх — служэння ім: «Насіце цяжары адзін аднаго, і гэтак выканаеце закон Хрыстоў» (Гал. 6, 2); пакрывайце ўсё любоўю; «цярпеннем вашым здабудзьце душы вашы» (Лк. 21, 19); будзьце «уважлівымі адно да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых спраў» (Яўр. 10, 24), стаўцеся да навакольных людзей з любоўю і лагоднасцю, у мірным духу, каб справамі мы маглі сведчыць аб духоўнай сіле і прыгажосці Праваслаўя, каб у святле Хрыстовым ішлі прадвызначаным Богам жыццёвым шляхам, усхваляючы Госпада і Спасіцеля нашага і дзякуючы Яму.

Наследуючы ў любові Спасіцелю, молячыся за тых, што крыўдзяць нас і гоняць нас (гл. Мф. 5, 44), клапоцячыся пра дабро не толькі праваслаўных, але і ўсяго народа, Бацькаўшчыны нашай і Царквы Хрыстовай, будзем імкнуцца рабіць добрыя справы, якія ператвораць нас і будуць спрыяць змене да лепшага навакольнага свету. Здабыўшы Божую любоў і знаходзячыся ў Святой Праваслаўнай Царкве, захоўваючы яе адзінства, мы робімся адзіным Целам Хрыстовым, Якое не зможа ў гэтым свеце перамагчы ніякае зло і беззаконне, бо «святло ў цемры свеціць» і святло ісціннага жыцця цемра агарнуць не можа (Ін. 1, 5).

Праасвяшчэнныя архіпастыры, шаноўныя айцы, пачэсныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры, апяваючы ў гэтую святую ноч светаспасіцельнае свята Раства Хрыстовага, хачу малітоўна пажадаць кожнаму з вас здароўя душэўнага і цялеснага, міру ў вашых сем'ях.

Навалецце, якое надышло, няхай будзе для ўсіх народаў Бацькаўшчыны нашай годам благаславёнага міру і стваральнай працы! Божае благаславенне няхай будзе з усімі вамі на ўсіх шляхах вашага жыцця.

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Раство Хрыстова 2018/19 гг., горад Мінск

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».