Вы тут

У Мінску ўстанавілі кантэйнеры для збору адзення і абутку


Рэчы, якія кладуць туды, пасля перадаюцца малазабяспечаным грамадзянам. Такія кантэйнеры — распаўсюджаная ў свеце практыка. Іх можна ўбачыць у ЗША, Германіі, Польшчы. У Беларусі іх устанавілі па ініцыятыве Чырвонага Крыжа. Першыя з'явіліся ў Гомельскай вобласці яшчэ тры гады таму. Потым далучылася Брэстчына. А цяпер кантэйнеры для збору рэчаў з'явіліся ў сталіцы: на вуліцы Казіміраўскай, 39, Акадэмічнай, 34 і Баравой, 7.


— Калі ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях яны знаходзяцца ў жылых раёнах, то ў Мінску мы ўстанавілі іх на аўтазаправачных станцыях. Справа ў тым, што не ўсе ставяцца да кантэйнераў беражліва. Акты вандалізму здараюцца часта: боксы пашкоджваюць, спрабуюць адчыняць, падпальваць. Мы ўлічылі гэты вопыт і вырашылі знайсці месцы, дзе б кантэйнеры былі пад відэанаглядам, — кажа намеснік генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Раманія СКАМАРОШКА.

У боксы можна пакласці чыстыя адзенне і абутак — як тыя, што былі ва ўжытку, так і новыя, якія вы некалі набылі сабе, але так і не насілі. Пажадана, каб усё было запакавана ў поліэтыленавыя пакеты. Зімой асабліва актуальныя цёплыя рэчы: курткі, паліто, світары, шапкі, шалікі, пальчаткі, боты на нізкім ходзе.

— Калі размова пра ўжываныя рэчы, то мы заўсёды просім, каб яны былі ў прыдатным для нашэння стане. На жаль, большасць адзення, якое мы вымаем з кантэйнераў, нельга аднавіць: яно бруднае, парванае, паточанае моллю. Чым кіруюцца тыя, хто такія рэчы нам прыносіць, мы не ведаем. Але не адчайваемся і спадзяёмся на ўзаемапавагу, — заўважае Раманія Скамарошка.

Акрамя адзення, у боксы можна апусціць сумкі, рукзакі, цацкі, коўдры, пакрывалы.

Кантэйнеры адчыняюць па меры іх запаўнення — у сярэднім раз на тыдзень. Выманнем і сартаваннем займаюцца супрацоўнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа. Пасля рэчы перадаюць малазабяспечаным адзінокім старым, шматдзетным, апякунскім і прыёмным сем'ям, сіротам, людзям з інваліднасцю, ахвярам надзвычайных і крызісных сітуацый, бежанцам, вымушаным перасяленцам. Больш за ўсё запатрабаваны мужчынскія адзенне і абутак, пасля — дзіцячыя рэчы.

Каб паставіць больш кантэйнераў па ўсёй краіне, Чырвоны Крыж спадзяецца прыцягнуць партнёраў.

— Кошт вырабу і ўстаноўкі аднаго бокса цяпер складае больш за 800 рублёў. І калі выбіраць паміж кантэйнерамі і аплатай работы некалькіх сясцёр міласэрнасці, якія даглядаюць пяць-сем падапечных, то наша арганізацыя аддасць прыярытэт другому. Таму мы працягваем шукаць магчымасці для супрацоўніцтва.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Не носіш сукенку? Перадай другому

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.