Вы тут

Ян Геранімавіч Хадкевіч


«Завжды от часу лепшую годность служб своих в речи посполитой оказывал», — гэтак высока адзначаў старанні Яна Геранімавіча Хадкевіча вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. Высока цаніў Хадкевіча маскоўскі цар Іван Грозны. «Муж храбры, вялікаразумны і вельмі паважаны, варты ты ўзначаліць народ і ўладарыць! Даўно чуў пра храбрасць тваю і дзівіўся ёй, і хваліў цябе, і жадаў любіць і мілаваць на многія часы».


Геранім Хадкевіч. Фрагмент карціны Яна Матэйкі «Люблінская унія», 1869 год.

У маладосці Ян атрымаў добрую адукацыю. Вучыўся ён у Кракаўскім і Лейпцыгскім універсітэтах, служыў у імператарскім войску. Пасля вяртання ў Вялікае княства Ян Хадкевіч у 1560—1561 гадах ахоўваў лівонскі замак Люцен. У 1563 годзе, пасля неаднаразовых просьбаў жамойтаў, Жыгімонт Аўгуст назначыў яго на пасаду старасты жамойцкага, якую раней займаў ягоны бацька Геранім Хадкевіч. Вызначыўся Ян Геранімавіч у бітве з маскоўскім войскам каля ракі Ула 20 студзеня 1564 года. Кардынал Камендоне ў данясенні Папу Рымскаму адзначыў і яго «таленавітага не толькі вялікім розумам, але і вайсковай здатнасцю». А вялікі князь перадаў яму ў 1566 годзе пасаду маршалка земскага.

Значнай справай Яна Хадкевіча было канчатковае далучэнне Лівоніі да Вялікага Княства Літоўскага. На Берасцейскім сойме ў 1566 годзе было вырашана паслаць Хадкевіча ў Лівонію, ён атрымаў вялікакняжацкія паўнамоцтвы. Хадкевіч склікаў у Вендэне сойм усіх лівонскіх станаў і выступіў перад дэлегатамі. У сваёй прамове ён нагадаў, што менавіта з-за Лівоніі літвіны настроілі супраць сябе такога небяспечнага ворага, як Іван Грозны, і ў вайне з ім страцілі Полацк. А таму справядліва, каб лівонцы вернасцю і добразычлівасцю былі годныя пратэкцыі ВКЛ. Адмовіўшыся ад некаторых сваіх правоў, злучыліся з Вялікім княствам і сталі адной з ім дзяржавай ды адным народам. Пасля нядоўгіх спрэчак лівонцы пастанавілі: «У будучым не аддзяляцца ад Вялікага Княства Літоўскага, а быць у цеснай уніі, прыязні і братэрстве з Літвою. Нікога не прызнаваць сваім уладаром, апроч вялікага князя літоўскага, і ніякіх трактатаў супраць гэтай уніі не заключаць». Вендэнская унія была зацверджана 22 снежня 1566 года на Гарадзенскім сойме.

У Лівоніі Ян Хадкевіч правёў тэрытарыяльна-адміністрацыйную рэформу і выбары сенатараў і земскіх суддзяў, секулярызаваў землі рыжскага біскупства, адкрыў школы і прытулкі для бедных. Менавіта ў дыпламатычнай і адміністрацыйнай рабоце і праявіўся талент дзяржаўнага дзеяча Хадкевіча. Хоць ён і быў смелым і мужным чалавекам, але славы ваенных перамог не прыдбаў.

У 1567 годзе Ян Хадкевіч узначаліў аблогу пабудаванай на Полаччыне цвержы Ула. Шляхта без ахвоты ішла на штурм. Так што Хадкевіч асабіста «прозьбою и добротою» вёў яе ў бой, гатовы «там горло отдать». Цвержу ўзяць не ўдалося, але мужнасць Хадкевіча прызнаў сам Іван Грозны. У сваім лісце да яго маскоўскі ўладар пісаў: «Чуў пра твой вялікі розум і храбрасць пад Улаю і дзівіўся, як ты храбра там паводзіў сябе». А Жыгімонт Аўгуст у 1568 годзе за «накладанае старанье» надаў Хадкевічу «тытул, зацность і выменье, то есть грабство» на Шклове і Мышы.

Галоўныя свае баталіі вёў Ян Хадкевіч на дыпламатычным фронце. Шырокія веды па гісторыі і філасофіі, дар красамоўства, прыродны розум — вось зброя, якой ён змагаўся. Гэты «Сцыпіён Літвы», як называлі яго сучаснікі, выстаяў пад шалёным націскам польскай шляхты і магнатэрыі, калі яны ў 1569 годзе на Люблінскім сойме дамагаліся поўнай інкарпарацыі Вялікага княства ў склад Польскага каралеўства. Пасланцам з іншага часу выглядаў Ян Хадкевіч сярод раз'юшаных польскіх паноў і шляхты, гатовых на ўсё абы «зняволіць» Літву. Падман, сіла, нахабнасць і хітрасць сустрэліся з высакароднасцю і рыцарствам Яна Хадкевіча. Сваю мэту на сойме, дзе ён узначаліў літвінскую дэлегацыю, Хадкевіч вызначыў гэтак: «Нам трэба рупіцца, каб пакінуць нашай маці — Рэчы Паспалітай Літоўскай і нашым нашчадкам памяць, як верна і зычліва мы служылі ім не толькі справамі, але і мудрымі парадамі, каб пакінуць нашчадкам наша добрае імя».

Дзякуючы намаганням Хадкевіча ўдалося адстаяць тытул вялікага князя, свой урад і сенат, свае законы, дзяржаўныя пячаткі і скарб, сваё войска. Вялікае Княства Літоўскае не ўвайшло як правінцыя ў склад Каралеўства Польскага і захавала сваю дзяржаўнасць. Рэч Паспалітая ўяўляла сабой федэрацыю дзвюх дзяржаў Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага пад уладай агульнага ўладара і з супольным соймам.

Асабліва ўзрасла палітычная вага Яна Хадкевіча ў часы першых безгаспадарстваў. Пасля смерці ў 1572 годзе Жыгімонта Аўгуста, Хадкевіч і Мікалай Радзівіл Руды ўзначальвалі ўрад Вялікага Княства Літоўскага. Суровай рукой Хадкевіч трымаў край у спакоі. Асабіста вяршыў суд над ліхадзеямі і злачынцамі. У паездках па дзяржаве яго суправаджалі дванаццаць катаў, якія выконвалі прысуд бязлітаснага суддзі. І край не захлынула хваля разбою і ліхадзейства. Пад наглядам Хадкевіча і Рудога дзяржаўны механізм Вялікага княства працаваў без перабояў.

Пасля ўцёкаў у ліпені 1574 года караля Генрыха Валуа ў Францыю Хадкевіч выступіў як адзін з галоўных палітыкаў, ад якога залежаў лёс кандыдатаў на карону Рэчы Паспалітай. Яму прапаноўвалі вялікія грошы, але не падкупілі. Інтарэсы Бацькаўшчыны — вось чым кіраваўся Ян Хадкевіч. Ён прыняў бок сяміградскага ваяводы Стафана Баторыя. Хадкевіч пераконваў паноў і шляхту абвясціць Баторыя вялікім князем літоўскім, які не мае «злога вока на Літву» і пераканаў іх. Ад імя Вялікага княства Літоўскага Хадкевіч прад'явіў Баторыю ўмовы, прыняўшы якія той мог стаць вялікім князем літоўскім. Баторый прынёс прысягу ў выкананні ўсіх ранейшых прывілеяў Вялікага Княства і прызнаў яго самастойнасць ад Польшчы. Выракся ён на карысць княства ад гаспадарскіх уладанняў. Ад імя Вялікага княства Хадкевіч абвясціў Стафана Баторыя вялікім князем літоўскім і прынёс яму клятву.

Паміж Баторыем і Хадкевічам усталявалася блізкае супрацоўніцтва. Амаль па ўсіх «великоважных справах земских» звяртаўся Баторый па раду да Хадкевіча. Апошняе, што паспеў ён зрабіць для краіны, — выставіць у войска ВКЛ для паходу на Полацк свой аддзел у 900 вершнікаў. Памёр «Сцыпіён Літвы» 4 жніўня 1579 года. Беларускі пісьменнік і палітычны дзеяч Хведар Еўлашэўскі вельмі трапна сказаў пра Яна Хадкевіча: «Вялікі пан, а манархам справамі сваімі роўны».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.