Вы тут

Гэты гарачы снежань...


У Вялікім тэатры Беларусі 2018-ы заканчваецца галоўнай падзеяй года — ІХ Міжнародным Калядным оперным форумам, а таксама V Мінскім міжнародным Калядным конкурсам маладых вакалістаў. Акрамя таго, не засталася незаўважанай і прэм’ера балета «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы Валянціна Елізар'ева, мастацкага кіраўніка тэатра.

Што і казаць: снежань на самай справе для Вялікага тэатра — месяц асаблівы. Ён багаты на падзеі, якія для Мінска сталі традыцыйнымі. Прыхільнікі Вялікага тэатра іх чакаюць з прыемным хваляваннем, прадчуваючы моманты радасці, якую кожны раз можна перажываць, сустракаючыся з элітарным мастацтвам.


Яшчэ раз пра вечнае каханне 

Джульета і Рамэа, заслужаныя артысты Беларусі Людміла Хітрова і Алег Яромкін, танцавалі свае партыі з вялікім натхненнем, пражываючы на сцэне жыццё, напоўненае радасцю першага кахання і трагічным яго фіналам

З поспехам прайшла прэм’ера новай рэдакцыі балета «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. Як мы ведаем, героі твора Уільяма Шэкспіра — а «нет повести печальнее на свете, чем повесть о Ромео и Джульетте» — з’яўляюцца ў Мінску ў харэаграфічнай інтэрпрэтацыі не ўпершыню: балет быў пастаўлены Валянцінам Мікалаевічам у Вялікім тэатры ў 1988 годзе. Мы памятаем: наватарскі балет Елізар’ева, як правіла, заўсёды здзіўляў нечаканымі рэжысёрскімі знаходкамі. Не забываецца, з якім захапленнем быў успрыняты спектакль «Рамэа і Джульета» публікай і тэатральнымі крытыкамі. І зноў, праз трыццаць гадоў — захапленне. І маё ў тым ліку. Зноў свежасць, не абязлічанасць кожнага артыста кардэбалета, ды яркі артыстызм вядучых сольных партый. І праз стагоддзі не старэе ідэя вялікай сілы кахання, якое чым чысцей, тым шалёней нападкі на яго варожасці ды зла. І як жа сучасна гучаць словы Валянціна Елізар’ева пра свой спектакль, сказаныя ў мінулым:

— Наш спектакль пра каханне і нянавісць, пра шчырую дружбу і бессэнсоўную варожасць, несмяротную як каханне, моцную, як смерць, як вечнае пытанне, якое зноў і зноў задае сабе чалавецтва…

Мяркуцыа — Канстанцін Геронік, заслужаны артыст Беларусі

Публіка і на гэты раз натхнёна апладзіравала, калі апусцілася заслона. Авацыі, крыкі «брава», добразычлівыя ўсмешкі, букеты кветак…

А за гадзіну да пачатку спектакля ў Камернай зале (рэспект арганізатарам!) гледачы сустракаліся з балетным крытыкам Святланай Уланоўскай, якая здзейсніла кароткі экскурс у гісторыю пастановачных інтэрпрэтацый балета «Рамэа і Джульета». І такім чынам публіка змагла наладзіцца на ўспрыманне новага спектакля ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева, які зусім нядаўна вярнуўся ў тэатр у якасці мастацкага кіраўніка.

Дарэчы, на працягу многіх дзесяцігоддзяў цікавасць харэографаў да партытуры Сяргея Пракоф’ева не згасае. Пра гэта сведчаць пастаноўкі Юрыя Грыгаровіча, Кеннета Макмілана, Рудольфа Нурэева, Анжэлена Прэльжакажа, Раду Паклітару ды іншых.

Пяты — юбілейны!

Балет «Лебядзінае возера» карыстаецца вялікім поспехам па ўсім свеце

170 удзельнікаў з 18 краін прыехалі для ўдзелу ў Калядным конкурсе маладых вакалістаў, больш за ўсё з Беларусі, Расіі, Украіны. А таксама з Арменіі, Венесуэлы, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Кітая, Турцыі ды іншых краін. Традыцыйна больш за ўсё заявак было пададзена ад удзельнікаў з Расіі, Беларусі ды Украіны. Прыехалі спевакі з самымі рознымі галасамі: сапрана, мецца-сапрана, тэнары, барытоны, басы, бас-барытоны і нават контртэнары (самы высокі мужчынскі голас).

За гэтыя гады Калядны конкурс вакалістаў у Мінску стаў папулярным. А многіх яго ўдзельнікаў і фіналістаў ведаюць аматары оперы па ўсім свеце! Як і ў папярэднія гады, журы Каляднага конкурсу ў складзе 17 чалавек, якія прыбылі з Францыі, Германіі, Італіі, Балгарыі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Расіі ды Украіны, узначаліў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка. За чатыры гады існавання конкурсу ганаровыя члены журы ўручылі пераможцам 21 спецыяльную прэмію і 10 ангажэментаў Вялікага тэатра Беларусі.
Нагадаем, маладыя вакалісты праходзілі, як патрабуе таго конкурсны «пратакол», тры туры спаборніцтваў. Пасля першага засталося 30 удзельнікаў, а да фіналу дайшлі толькі 10. Менавіта яны і змагаліся за Гран-пры ў 10 тысяч долараў, першыя тры прэміі ў 8, 6 і 4 тысячы долараў адпаведна, а таксама былі й спецыяльныя прызы ад членаў журы і, вядома, традыцыйны Прыз глядацкіх сімпатый. Пераможцаў і лаўрэатаў называлі на Гала-канцэрце 19 снежня. Гэта Ксенія Несцярэнка (Расія) — Гран-пры, Ларэн Мішэль (ЗША) — лаўрэат Першай прэміі ды Прыза глядацкіх сімпатый, Дзмітрый Іванчэй (Расія) — лаўрэат Другой прэміі, Эмэт О’Хэнлан (ЗША) і Анастасія Малашкевіч (Беларусь) падзялілі Трэцюю прэмію. 

Ларэн Мішэль (ЗША) — лаўрэат Першай прэміі ды Прыза глядацкіх сімпатый

З надыходзячымі Калядамі!

Оперны форум-2018, дзявяты па ліку — гэта чатыры оперныя спектаклі плюс два вялікія гала-канцэрты. Адкрываўся ён 13 снежня ў адпаведнасці са статусам: святочна. Гэта значыць, чорныя фракі, вячэрнія сукенкі — неад’емныя атрыбуты падобных імпрэз асабліва для кіраўніцтва ды іншых службаў тэатра, хто сустракае ганаровых гасцей. І сярод гледачоў у партэры мільгалі вячэрнія туалеты. Атмасфера ў фае панавала пераднавагодняя. Ля велізарнай ёлкі яшчэ да пачатку спектакля на ўсю моц ішлі фотасэсіі ды сэлфі. Але самае характэрнае ў той вечар — зіхатлівыя ўсмешкі на тварах, што не дзіўна: бо ўсіх нас чакала прэм’ера спектакля «Дон Паскуале», опера-буф Гаэтана Даніцэці ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. Паводле яго слоў, рабіўся спектакль у стылістыцы «Севільскага цырульніка», сумясціўшы жанры камедыі дэль артэ і оперы-буф.

 ў оперы «Дон Паскуале» Міхаіл Панджавідзэ, рэжысёр-пастаноўшчык, праявіў сваю вынаходлівасць і выбудаваў спектакль так, што ніводнай хвіліны мы не сумавалі, а пільна сачылі за дзеяннем, атрымліваючы асалоду і ад спеваў выканаўцаў, і ад пацешнага сюжэта з пераапрананнямі

«Дон Паскуале», як сцвярджаюць спецыялісты, — практычна эталон жанру. Пацешны сюжэт, якасны гумар, камічныя становішчы з пераапрананнямі падарылі нам свята жыцця і тэатра. Але за гэтым святам жыцця праглядвае лёгкая туга, якую адчуваеш з узростам, калі сыходзіць маладосць. У інтэрнэце знайшла інфармацыю, што гэтая опера — адна з апошніх у Даніцэці. Напісаная ў зеніце славы, у перыяд росквіту творчых сіл — але ўжо і ў пачатку іх заняпаду. Як абвяшчае гісторыя, прагрэсавала хвароба кампазітара, з?за якой ужо праз два гады ён пакіне свараць музыку. «Я смяюся, але табе вядома, што на душы ў мяне смутак, які хаваю пад мішурой весялосці», — пісаў Даніцэці аднаму са сваіх сваякоў.

Як мы ведаем, жыццё ў любым узросце — каштоўнае. Пра тое і пра іншае — пра страсці чалавечыя, пра каханне — 15 снежня спявала Вольга Перацяцька, уладальніца каларатурнага сапрана, якую называюць другой Ганнай Нятрэбка і адной з самых запатрабаваных выканаўцаў сучаснасці. Ёй апладзіравалі гледачы Венскай і Берлінскай оперы, Цюрыхскага опернага тэатра, «Ла Скала» ў Мілане, Каралеўскага тэатра ў Мадрыдзе, Вялікага тэатра ў Маскве, Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбурзе, у Метраполітэн-оперы ў Нью-Ёрку… Сольны канцэрт гэтай опернай дзівы ўпершыню прагучаў на сцэне Вялікага.

Яе лёгкі і празрысты голас заварожваў. Дакладна кажуць, што нагадвае ён салаўіныя спевы. Вось такі крэатыўны падарунак гледачам у дні Каляднага опернага форуму зрабіў наш тэатр, тым самым узбагаціў праграму. За дырыжорскім пультам тварыў маэстра з Італіі Джанлука Марчано, галоўны запрошаны дырыжор Вялікага тэатра. 
У наступныя дні мы слухалі «Тоску» з удзелам сербскай выканаўцы Драганы Радаковіч, уладальніцы лірыка-драматычнага сапрана, якая выступае на шматлікіх сусветных оперных пляцоўках. Яе Флорыя была выдатнай. Партыю Марыа Каварадосі, каханага Тоскі, выконваў заслужаны артыст Расіі, народны артыст Татарстана, Ахмед Агадзі — адзін з улюбёнцаў і куміраў беларускіх прыхільнікаў оперы. Ролю каварнага Скарпіа з бляскам іграў і спяваў Станіслаў Трыфанаў.

У «Багеме» Джакома Пучыні, прэм’еры мінулага сезона вядомага маскоўскага рэжысёра-пастаноўшчыка Аляксандра Цітэля, радаваў публіку малады ўкраінскі тэнар Міхаіл Малафій, запрошаны саліст Вялікага тэатра Беларусі. Нагадаю: на 2-м Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў гэты саліст Львоўскай оперы атрымаў Першую прэмію і Прыз глядацкіх сімпатый. А ў «Саламеі» Рыхарда Штраўса, нядаўняй прэм’еры Міхаіла Панджавідзэ, спявалі нашы беларускія зоркі. Дырыжыраваў Віктар Пласкіна. Уразіла, як гэта і здараецца кожны раз, калі яна пераўвасабляецца ў розных гераінь, Кацярына Галаўлёва. З гэтай уладальніцай чыстага і шматфарбнага голасу я пазнаёмілася ў «Турандот», і з таго часу застаюся яе прыхільніцай.Валянцін Елізар’еў, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра: «Я хачу, каб гэты тэатр быў запатрабаваны на сусветным узроўні. Падкрэслю: не толькі на еўрапейскім, але і на сусветным. Вядома ж, наперадзе — шмат працы… Самае галоўнае для мяне — творчасць. Абяцаю: з мастацтвам у гэтым тэатры ўсё будзе добра…»

Завяршаўся Калядны оперны форум-2018 грандыёзным Гала-канцэртам зорак сусветнай оперы, у якім прынялі ўдзел лаўрэаты Мінскага конкурсу вакалістаў мінулых гадоў, а таксама пераможцы цяперашняга конкурсу. Дырыжыраваў Аляксандр Анісімаў.

Гастролі 

Як паведаміла вядучы рэдактар аддзела інфармацыі Вялікага тэатра Алена Балабановіч, у восьмы раз трупа балета Вялікага тэатра Беларусі адправілася на гастролі ў Аўстрыю і Германію, каб у чароўныя дні Каляд і Новага года падарыць жыхарам гэтых краін самае сапраўднае свята. З 14 снежня па 21 студзеня на найбуйнейшых тэатральных пляцоўках Франкфурта і Брэмена, Гамбурга і Лейпцыга, Берліна і Гановера, Мюнхена і Дортмунда, Зальцбурга і Вены гледачы ўбачаць легендарныя балеты Пятра Чайкоўскага — «Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок, або Яшчэ адна Калядная гісторыя». Усяго за гэты час будзе паказана 33 спектаклі. Вось што расказаў мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра, народны артыст Беларусі Юрый Траян:

Сцэна з балета Аляксандры Ціхаміравай “Шчаўкунок, ці Яшчэ адна Калядная гісторыя”

— З кожным годам лягчэй арганізацыйна, таму што, натуральна, многія рэчы ўжо напрацаваны. Але адначасова ўзрастае і адказнасць. Таму што мы едзем да публікі, якая нас чакае. Гадоў 5–6 назад гледачы прыйшлі на нашы спектаклі, палюбілі іх — і з тае пары ходзяць на іх кожны год. І падвесці іх проста не маем права. Мы ўжо едзем не да абстрактнай публікі, а да людзей, якія нас цёпла сустракаюць, радуюцца нашым поспехам і дасягненням, а гэта, паўтаруся, адказна ўдвая!

Жыхары Аўстрыі ды і Германіі зноў убачаць два вялікія балеты Чайкоўскага — з цудоўнай музыкай і цікавай харэаграфіяй. Так, магчыма, у гэтым шэрагу маглі быць таксама іншыя назвы спектакляў. Але з камерцыйнага пункту гледжання менавіта гэтыя балеты па-за канкурэнцыяй. І калі імпрэсарыа працуе з гэтымі пастаноўкамі ў добрым, — я падкрэсліваю: добрым! — выкананні, ён ніколі не пралічыцца.

«Лебядзінае возера» карыстаецца каласальным поспехам па ўсім свеце. Мне здаецца, няма такой краіны, дзе не любілі б гэты балет. У яго сапраўды існуе нейкая асаблівая магія.
Але тут ёсць і яшчэ адзін момант. Мы — славянская трупа са школай класічнага рускага балета — проста ўмеем танцаваць гэты спектакль. Заходнія калектывы, моцныя, добрыя, не заўсёды могуць усвядоміць спецыфіку «Лебядзінага возера», не дыхаюць музыкай Чайкоўскага, не адчуваюць яе волі, пявучасці, канцілены. Напэўна, у нас гэта разуменне закладзена дзесьці на генетычным узроўні, што і дазваляе танцаваць так, як мы гэта ўмеем. Таму «Лебядзінае возера» ў выкананні славянскіх труп вельмі шануецца ў Еўропе. А «Шчаўкунок» — цудоўная казка, якую таксама вельмі любяць, асабліва ў светлыя дні Каляд і Новага года.

А па вяртанні, пасля невялікага перапынку, беларускі балет ізноў адправіцца на гастролі, на гэты раз — у Мексіку… Цяпер ідзе абмеркаванне рэпертуару, з якім адправімся за акіян. Але магу сказаць, што павінны мы з’ехаць у канцы лютага і вярнуцца ў пачатку красавіка, паездка будзе доўжыцца прыблізна паўтара месяца. Калі ўсё будзе добра, то я зноў узначалю гэтыя гастролі. З маладых гадоў прывык да гастрольнага жыцця, нават не скажу дакладна, колькі аб’ездзіў краін і гарадоў…

Валянціна Ждановіч

Фотаздымкі прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.