Вы тут

Сакрэт «Вялікага каменя»


Усё часцей Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» СМІ называюць сталічным спадарожнікам. І гэта апраўдана: дарога, якую пабудуюць у хуткім часе, напрамую злучыць Мінск з будучым буйным эканамічным цэнтрам.


«Вялікі камень» ноччу з вышыні птушынага палёту. Фота прадастаўлена Кітайска-Беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень»

Хаця і цяпер туды даехаць няцяжка: ёсць рэйсавыя аўтобусы. Але я вырашыла скарыстацца аўтамабілем, каб паспець на працягу дня больш убачыць самой і паспрабаваць зразумець, наколькі амбіцыйнае вызначэнне парка адпавядае рэальнасці.

З Мінска 35 хвілін у дарозе — а вось ён і стаіць: «вялікі» камень. Сімвал парка, абкружаны сцягамі розных краін. А вакол — будоўля, будоўля… Праязджаю ўздоўж велізарных плошчаў перакапаных зямель…

У асноўным будынку, дзе сканцэнтраваны і адміністрацыя, і офісы рэзідэнтаў, і так званая «адна станцыя», што іх абслугоўвае, ёсць вялікае электроннае табло. На ім у рэжыме анлайн можна сачыць за надвор’ем у розных гарадах планеты, за раскладам авіярэйсаў Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», які непадалёку. Глядзіш на табло — і ўяўляеш сабе, як сюды плаўна сцякаюцца сусветныя інвестыцыйныя плыні… Усе службы размешчаны тут разам, тлумачыць мне прэс-сакратар адміністрацыі парка Вольга Рудая. І мы пачынаем міні-экскурсію па тэрыторыі. Побач з асноўным будынкам — бізнес-цэнтр, узведзены кітайскай карпарацыяй «Чайна Мерчантс Груп». На даху — вялізны гадзіннік, які апярэджвае беларускі час на пяць гадзін, паказвае пекінскі.

Побач з бізнес-цэнтрам — манументальны выставачны комплекс. Дарэчы, самы вялікі ў Беларусі на сённяшні дзень. У наступным годзе тут плануецца правесці некалькі выставаў. Першыя экспанаты ўжо выстаўлены: пажарныя робаты, суперкандэнсатары, святладыёдная прадукцыя… Паглядзелі мы і на мытныя склады, да якіх увесь час пад’язджалі фуры, на магутныя пабудовы замежных рэзідэнтаў. А потым пайшлі ў кабінет Аляксандра Ярашэнкі, кіраўніка адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Як пераўтворыцца нацыянальная эканоміка і беларускае жыццё пасля заканчэння будаўніцтва парка — пра тое наша размова з ім.

Беспадатковы рай

— Аляксандр Рыгоравіч, памятаю, у дзяцінстве — гэта было ў 90‑я гады — я пыталася дарослых: што такое камунізм. Мама тады казала: «Камунізм — гэта калі ва ўсіх усё ёсць, і грошы ўжо не патрэбныя». Гэта як у раю, падумала я тады. Напэўна, калі б у тым пяшчотным узросце трапіла ў ваш індустрыяльны парк, то вырашыла б, што «будаўніцтва камунізму» выглядае прыкладна так… Што скажаце?

Аляксандр Ярашэнка

— Так, параўнанне з раем, вядома ж, у нашым выпадку можна выкарыстаць. Калі ў лістападзе на Шанхайскай выставе я, прэзентуючы праект, сказаў, што для інвестараў у нас створаны беспадатковы рай, кітайскія перакладчыкі збянтэжаліся. Як правільна па сэнсе перавесці гэты сказ, яны не ведалі. Пацешная выйшла сітуацыя…

Упершыню пра гэта выказаўся Прэзідэнт Беларусі, падкрэсліваючы, што ў «Вялікім камені» сапраўды беспрэцэдэнтныя ўмовы для працы. Канкрэтна: на ўвесь перыяд рэалізацыі праекта — а гэта палова стагоддзя, да 2062 года, калі лічыць з моманту ўступлення ў сілу Першага Указа Прэзідэнта аб нашым праекце ад 12 чэрвеня 2012 года,— мы даем магчымасць рэзідэнтам не выплочваць падаткі на зямлю і нерухомую маёмасць. Ніякіх прававых змяненняў за гэты перыяд не ўзнікне, гэта замацавана ў нарматыўных дакументах. Умовы для інвестараў могуць толькі рабіцца лепшымі, але ніяк не горшымі! Таксама першыя 10 гадоў нашы рэзідэнты вызваляюцца ад выплаты падаткаў на прыбытак, і — гэта важна! — пункт адліку пачынаецца з моманту яе атрымання, не раней. Потым падатак ужо збіраецца, але паменшаны на 50%. У цэлым, прэферэнцый шмат па ўсіх напрамках: гэта і бязвізавае знаходжанне ў Беларусі да 180 дзён, і вызваленне ад мытных пошлін на сыравіну, матэрыялы, абсталяванне, што ўвозяцца для арганізацый парку, і паменшаны падаходны падатак — 9%, а не 13%. А яшчэ — магчымасць набыць зямлю ў прыватную ўласнасць! Ну чым не рай?

— Вы неаднаразова казалі ў СМІ пра запазычанне досведу ў кітайскіх партнёраў. У чым яно, раскажыце, калі ласка.

— Так, ствараючы ўнікальны для Беларусі праект на плошчы памерам як трэцяя частка Мінска, мы звярнуліся да досведу Кітая. У свой час там з дапамогай такіх праектаў, як «Вялікі камень», падымалі нацыянальную эканоміку. І за 40 гадоў, з моманту абвяшчэння ў КНР рэформы адкрытасці эканомікі, краіна дасягнула, на мой погляд, проста фантастычных вынікаў! Адбылося гэта шмат у чым, паўтаруся, дзякуючы развіццю такіх жа спецыяльных зон. Напрыклад, Кітайска-Сінгапурскі прамысловы парк горада Суджоу: гэты міждзяржаўны праект быў створаны ў 1998-м годзе. А ў горадзе Шэньчжэнь ёсць знакаміты парк Шэкоу: ён даў штуршок развіццю Паўднёвага Кітая.

Аляксандр Ярашэнка: «З вышыні лепш бачныя перспектывы будаўніцтва»

Але, трэба прызнацца, нават кітайцаў уразіў размах тэрыторыі ды перспектыў «Вялікага каменя». Сам Сі Цзіньпін назваў яго пярлінай эканамічнага пояса Шаўковага шляху: гэта самы вялікі пункт, які знаходзіцца на сухапутным Эканамічным поясе Шаўковага шляху, самы буйны праект КНР.

А яшчэ мы паўтарылі мадэль кіравання паркам. У аснове — дзве юрыдычныя арганізацыі, інтарэсы якіх не перасякаюцца. Адміністрацыя парка, якую я маю гонар узначальваць, займаецца рашэннем адміністрацыйных пытанняў: заключаем дамовы з інвестарамі аб статусе рэзідэнта, забяспечваем ім ільготныя палітыкі ды гэтак далей. Кампанія ж па развіцці парка — гэта сумеснае закрытае акцыянернае таварыства, куды ўваходзяць такія буйныя дзяржкарпарацыі, як SINOMACH, China Merchants Group. 68% устаўнога капіталу кампаніі ў нашых кітайскіх партнёраў, 31% валодаюць беларусы. Кампанія кантралюе камерцыйнае асваенне тэрыторыі, яе ўладкаванне, развіццё інфраструктуры, вырашае пытанні экалагічнай бяспекі. Бо інвестарам, якія прыходзяць да нас, павінна быць камфортна тут працаваць! Дарэчы, калі мы прэзентавалі наш парк на Люксембурскім форуме ў Германіі, дэманструючы тэхнічныя характарыстыкі ды сістэму інтэрнэтмагчымасцяў, а гэта хуткасць 10 Гб у секунду, нямецкія бізнесмены вельмі здзівіліся. Казалі, нават у іх такіх магчымасцяў няма! У нас — ёсць, дзякуючы оптавалакну.

І, нарэшце, над намі стаіць Міжурадавая кіраўнічая структура, якая распрацоўвае стратэгію развіцця праекта, займаецца глабальнымі пытаннямі.

— Раскрыйце сакрэт: каму належыць аўтарства назвы індустрыяльнага парка?

— Давайце разгорнем нашу карту  — і разгледзім мясцовасць, дзе мы цяпер знаходзімся. Магчыма, вы здзівіцеся, але тут у ваколіцах ёсць 15 вёсак. Адна з іх называецца Вялікі камень. Так што ў нашага інтэрнацыянальнага праекта спрадвечна беларуская назва! Абмяркоўваючы яе таксама з кітайцамі, мы прапаноўвалі ім і іншыя варыянты: Сінія горы, Загор’е, Чырвоны лужок… Але «Вялікі камень» кітайцам спадабаўся больш за ўсё, ён падышоў ім па ментальнасці, мілагучнасці. Цяпер гэта запатэнтаваная назва нашага парка.

Месца хопіць усім

— Хто можа стаць рэзідэнтам індустрыяльнага парка?

Прэс-сакратар Вольга Рудая расказвае пра рэзідэнтаў парка

— Любая юрыдычная асоба. Для гэтага трэба зарэгістравацца ў «Вялікім камені», стаўшы рэзідэнтам Беларусі. Сама працэдура простая і ажыццяўляецца хутка ў рэжыме «адной станцыі». Мы яе адмыслова стварылі для максімальнай зручнасці. Вы пішыце заяву, падаяце ўстаноўчыя дакументы, плаціце сімвалічную, на наш погляд, суму — адну базавую велічыню, гэта каля 10 долараў, за рэгістрацыю. Далей мы ўсё робім самі: ставім рэзідэнтаў на падатковы статыстычны ўлікі, калі неабходна — выклікаем прадстаўнікоў беларускіх міністэрстваў і ведамстваў. Падкрэсліваю: усё робіцца на месцы, нікуды не трэба ехаць. Працэдура займае пару гадзін. Хаця было і такое: за 8  хвілін зарэгістравалі рэзідэнта. Яго заснавала нямецкая кампанія Dieffenbacher сумесна з партнёрамі з Кітая, Беларусі ды Расіі. Яна працуе з кампазітнымі матэрыяламі, у аснове якіх ляжыць выкарыстанне новых матэрыялаў — не металу! — у машынабудаванні. Праект на 220 млн еўра. Акрамя фармальных юрыдычных нюансаў, каб стаць рэзідэнтам, трэба прадставіць інвестыцыйны праект, які павінен быць арыентаваны на высокатэхналагічны інавацыйны прадукт. Гэта электроніка, новыя матэрыялы, фармацыя, машынабудаванне, якое заўсёды ў нас у прыярытэце, таму што Беларусь можна назваць машынабудаўнічым кластарам, гэта аснова нашай эканомікі… Таксама электронная камерцыя, апрацоўка і захоўванне вялікіх аб’ёмаў інфармацыі, навукова-даследчыя распрацоўкі. Інвестыцыйны ўваходны білет — усяго 500 тысяч долараў. Калі рэзідэнт заяўляе праект на доўгатэрміновую перспектыву, то інвестыцыі павінны скласці не менш за 5 млн долараў. Для рэалізацыі праектаў малога ды сярэдняга бізнесу інвестыцыйныя рэсурсы ў бліжэйшыя тры гады павінны таксама скласці не менш за 500 тысяч долараў.

— А колькі рэзідэнтаў змогуць увайсці ў «Вялікі камень» увогуле?

— Такую лічбу складана мне назваць. Цяпер іх 41. Бліжэйшая перспектыва на 2020 год — 100 прадпрыемстваў, іх мы здольныя размясціць на плошчы звыш за 850 гектараў.

— Высокая планка, аднак!

— Не здзіўляйцеся, лічбы цалкам рэальныя. Два гады таму, седзячы ў гэтым крэсле, я казаў пра запланаванае падваенне нашых рэзідэнтаў. А цяпер вось разумею: трэба было гаварыць пра пяцікратнае павелічэнне іх колькасці. Зразумела, што далей лічбы не будуць расці гэтак жа імкліва, але трэба ставіць амбіцыйныя задачы! Аб’ём заяўленых інвестыцый да 2020 года хочам — не менш за 2 млрд долараў, аб’ём выпускаемай прадукцыі  — 1  млрд, стварэнне дадатковых працоўных месцаў — не менш за 6 000 чалавек. Увогуле, улічваючы, што праект размесціцца на 112 квадратных кіламетрах — гэта 11 247 гектараў! — месца хопіць усім.

— Раскажыце больш падрабязна пра тых, хто ўжо ўвайшоў у праект. Пра беларускіх прадстаўнікоў, у тым ліку.

— Больш за ўсё рэзідэнтаў з КНР: іх 24. Ёсць з Германіі, Амерыкі, Ізраіля, Літвы, Расіі, Аўстрыі… Мы пазіцыянуем сябе як міжнародная пляцоўка і прыцягваем інвестараў з усіх куткоў свету. Беларускіх рэзідэнтаў 9. Гэта нямала. Напрыклад, «Леванта Груп» вырабляе сістэмы кандыцыявання й вентыляцыі. Дарэчы, яны актыўна выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве айчыннай атамнай электрастанцыі, а таксама замежных. «Ассомедика» — яшчэ адзін беларускі, цікавы праект. Таксама арыентаваны на экспартныя пастаўкі. Выпускае медыцынскія вырабы рознага прызначэння. У перспектыве ў іх — і выпуск абсталявання для УГД (ультрагукавая дыягностыка — Аўт.). Чакаем яшчэ некалькі прадпрыемстваў, якія вось-вось пачнуць будаваць заводы па выпуску харчовай біяраскладальнай упакоўкі. Вельмі спадзяемся, што гэтымі распрацоўкамі будуць карыстацца буйныя харчовыя вытворцы накшталт «Санта-Брэмар» ды іншыя. Ёсць беларускія перспектыўныя праекты ў галіне выпуску металічных вырабаў у 3D-фармаце для карабельнага, аэракасмічнага будаўніцт ва. Я падкрэсліваю на кожным інтэрв’ю, што мы вельмі і вельмі рады бачыць у шэрагах «Вялікага каменя» беларускіх інвестараў! Для іх дзейнічаюць такія ж льготныя палітыкі. Мы хацелі б, каб яны развівалі цікавыя праекты, працуючы побач з замежнымі кампаніямі. Каб вучыліся тэхналагічнай, тэхнічнай культуры, пераймалі перадавы досвед, мелі заказы ад рэзідэнтаў з замежных краін. Паверце, менавіта такім чынам можна дасягнуць вялікіх вынікаў, працуючы, што называецца, па суседстве. Вось, да прыкладу, наш амерыканскі рэзідэнт «Рухтех», які вырабляе лазернае абсталяванне, валодае вельмі высокімі тэхналагічнымі працэсамі: у нас яны яшчэ не засвоены, нідзе не прымяняюцца. Адпаведна, няма і кваліфікаваных кадраў. Тады заснавальнікі праекта пабудавалі тут жа — дарэчы, будавалі беларусы! — адукацыйны цэнтр. Такім чынам працоўныя рэсурсы — зноў жа, беларускія! — могуць вучыцца без адрыву, як кажуць, ад вытворчасці.

Горад — чысты «изумруд»

— Гляджу на цудоўныя лімоны — сімвал фінансавага дабрабыту, якія растуць у вашым кабінеце і яго ўпрыгожваюць, і не магу не спытаць пра эка-горад «Вялікага каменя». Калі чытала на сайце парка яго апісанне, мне ўспомніліся радкі з вядомай дзіцячай песні: «Мы в город изумрудный идем дорогой трудной…». Ці цяжка, наогул, ці магчыма сумясціць на адной тэрыторыі маштабную вытворчасць з заводамі ды экалагічна чысты горад для жыцця?

У холе адміністрацыйнага будынка

— Не думайце, што сучасная вытворчасць і экалогія — не сумяшчальныя. Наш праект — першы і пакуль адзіны ў Беларусі, які атрымаў еўрапейскі сертыфікат EMAS (агульнаеўрапейская сістэма абароны навакольнага асяроддзя ды кантролю над яе забруджваннем.— Аўт.). Атрымалі мы яго ад нашых замежных партнёраў, у прыватнасці, ад нямецкіх экспертаў. Яны неаднаразова сюды прыязджалі: абследавалі тэрыторыю, вытворчасць будучую і ўжо тую, што дзейнічае. Увогуле, праводзілі сур’ёзны маніто рынг. І цяпер статус эка-горада мы абавязаны пацвярджаць кожны год. Дарэчы, для кітайцаў пытанне абароны навакольнага асяроддзя стаіць асабліва востра. Яны ж і заўважылі, што ў маім кабінеце не хапае зялёных фарбаў. І вось — у мяне цяпер лімоны выраслі, дазваляю сарваць адзін на памяць! Пажаданні партнёраў улічаны: мы пастараліся максімальна захаваць прыродны ландшафт, гэта — «зялёная аўра» нашага парка. У яго паўночнай і паўднёвай частках ёсць рэспубліканскія запаведнікі. Дарэчы, яшчэ на поўдні у нас Пятровіцкае вадасховішча, дзе цячэ рака Волма. У перспектыве плануем зрабіць там рэкрэацыйную зону для камфортнага адпачынку.

— Гучыць вельмі прывабна! Хто зможа атрымаць тут прапіску?

— Гэта будзе адкрытая тэрыторыя, і я думаю, што гадоў праз 10–15 мінчане, вы з дзецьмі, а я з унукамі або нават з праўнукамі — час так хутка ляціць! — будзем прыязджаць сюды і адпачываць з задавальненнем. Прызнацца, планы ў нас амбіцыйныя. Вядома, на ўсё свой час, але мы разлічваем, што да 2030-га года асноўныя мэты развіцця ў сярэднетэрміновай перспектыве рэалізуюцца. У эка-горадзе будуць жыць, перш за ўсё, рэзідэнты ды ўсе тыя, хто мае дачыненне да будаўніцтва будучай эканомікі нашай краіны. Пагадзіцеся, гэта зручна: на месцы вырашаць надзённыя пытанні, тут жа і жыць. Па генплане ў горадзе будзе больш за 130 тысяч чалавек, а працоўных рэсурсаў спатрэбіцца каля 120 тысяч чалавек.

Узаемная выгада

Самы вялікі ў Беларусі выставачны комплекс

У сярэдзіне выставачнага комплексу прасторна

Шмат дэлегацый пабывала ў выставачным комплексе

— А якую выгаду атрымлівае Беларусь ад дзейнасці замежных кампаній, што вызвалены ад шматлікіх выплат?

— Адкажу так: тэхналогіі, інавацыі ўзамен на прэферэнцыі. Паспрабую расшыфраваць гэты тэзіс. Мы хацелі б надаць імпульс развіццю новых галін і падгалін, укараніць у эканоміку высокатэхналагічныя элементы. Гэта адзін з асноўных момантаў, які адказвае на пытанне: навошта нам гэта? Прывяду некалькі прыкладаў. Кампанія «МАЗВейчай» ужо запусціла ў вытворчасць выпуск дызельных агрэгатаў. Да гэтага наш Мінскі аўтамабільны завод, пры ўсёй яго пазнавальнасці як беларускага брэнда, не меў уласнага рухавіка. Мы карысталіся агрэгатамі з Расійскай Федэрацыі ды іншых краін. Цяпер мы тут, у «Вялікім камені» пачынаем пісаць новую гісторыю: будзе пабудаваны завод, які стане выпускаць уласны дызельны агрэгат. Яшчэ прыклад з іншым рэзідэнтам — карпарацыяй Zoomlion. Гэта адзін з сусветных лідараў па выпуску будаўнічай тэхнікі. Менавіта на базе Мінскага аўтамабільнага завода будуць стварацца вялікагрузныя аўтакраны, бетонамяшалкі ды іншая будаўнічая тэхніка. Хочаце яшчэ адзін прыклад тэхналагічнага ды выгаднага эканамічнага ўзаемадзеяння? Калі ласка: выпуск адным з нашых першых рэзідэнтаў — карпарацыяй «Чэнду Сіньджу Шаўковы Шлях Развіццё» — суперкандэнсатараў. А гэта ж энергетычнае «сэрца» нашых электробусаў, якія выпусціў «Белкамунмаш». І, нарэшце, большую частку прадукцыі мы будзем арыентаваць на экспарт, разлічваючы такім чынам на прыбытак.

Першыя экспанаты — пажарныя робаты

 Cуперкандэнсатары ўжо на сваіх месцах

Кітайскія госці знаёмяцца з макетам «Вялікага каменя»

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».