Вы тут

У Брэст. І да Дзеда Мароза!


Госці з Ліепаі наведалі ў Брэсце сяброў-школьнікаў, музеі горада  і знакамітую Белавежскую пушчу


Ліепайская дэлегацыя ў гасцях у белавежскага Дзеда Мароза

Чытачы газеты “Голас Радзімы” ведаюць, што актывісты Ліепайскай беларускай суполкі “Мара” імкнуцца спрыяць таму, каб у Беларусі больш ведалі пра Латвію, і наадварот. Так з’явіўся ў нас і пачаў развівацца праект “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму”, у якога пяты ўжо сезон. (Сябры з Ліепаі дасылалі ў рэдакцыю інфармацыю, фотаздымкі пра тое, як у кастрычніку мясцовыя школьнікі ў плыні праекта, які сёлета прысвечаны Году малой радзімы ў Беларусі, наведвалі Ліепайскі занальны дзяржархіў. Там ім паказалі, як працаваць з базай дадзеных “Родословная” (Радавод). Мяркуецца, інфармацыя будзе карыснай для тых, хто цікавіцца родавымі каранямі, для латышскіх беларусаў. А на пачатку снежня ўдзельнікі праекта з актывістамі суполкі “Мара” пабывалі ў Ліепайскім музеі — на занятках “Вару, вару кашу...”. Ім расказалі пра традыцыі вырошчвання злакавых культур у рэгіёне Паўднёвая Курземэ, іх значэнне, выкарыстанне ў ежу. Напрыканцы заняткаў гасцей частавалі там жа згатаванай кашай са злакаў, найбольш папулярных у Латвіі: ячменю, пшаніцы, аўса й жыта. — Рэд.)

Кіруе праектам “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму” Жанна Буйніцкая, у ім удзельнічаюць навучэнцы ліепайскіх сярэдніх школ і мясцовага тэхнікума. Яны ж разам з актывістамі суполкі “Мара” выправіліся ў больш далёкую вандроўку: 14-16 снежня наведалі Брэст і Белавежскую пушчу. Спачатку мы ў суправаджэнні прадстаўнікоў “Цэнтра юных маракоў з Флатыліяй горада Брэста” пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, у Музеі гісторыі горада. Потым дэлегацыя наведала сярэднюю школу №1. Намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Цярэшчанка правяла цікавую экскурсію. Школа мае сучасны будынак — ён прыняў школьнікаў 1 верасня 2014 года. Гэта праект вядомага брэсцкага архітэктара, лаўрэата Дзяржпрэміі Валерыя Кяскевіча. Па словах Таццяны Леанідаўны, гэтая школа цяпер — адна з найвялікіх, прыгожых і арыгінальных па архітэктурнай задуме ў Беларусі. Нам паказалі бібліятэку, спартыўную, трэнажорную й актавую залы, майстэрні па апрацоўцы тканін, металаў, драўніны, столяра, розныя кабінеты. Экскурсія завяршылася выступам танцавальнага калектыву з Ліепайскага тэхнікума “Одзиня”: госці паказалі латышскія народныя танцы.

У апошні дзень вандроўкі мы наведалі рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза ў глыбіні Белавежскай пушчы — запаведнага лесу. Гэта было вельмі здорава! Рэзідэнцыю ўпрыгожваюць аздобленыя ажурнай разьбой драўляныя домікі, там навокал шмат усялякіх скульптур чароўных персанажаў. На тэрыторыі пабудаваны вятрак, чароўная студня і шэраг іншых казачных аб’ектаў. У рэзідэнцыі госці з Ліепаі сустрэліся з Дзедам Марозам і Снягуркай, пазнаёміліся з героямі розных паданняў і казак. Мы мелі магчымасць загадаць 100 жаданняў — і ўсе атрымалі навагоднія падарункі.

Вось такім цікавым ён у нас атрымліваецца: гэты шлях насустрач адзін аднаму.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».