У апошнія дні снежня ў многіх арганізацыях, установах краіны пануе святочная атмасфера: і дарослыя, і дзеці з нецярпеннем чакаюць прыемных падарункаў і сюрпрызаў. Арганізатары рэспубліканскага экалагічнага конкурсу ідэй «Прырода малой радзімы» — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Выдавецкі дом «Звязда» — таксама выбралі пераднавагодні час, каб павіншаваць яго пераможцаў.
— У справе навядзення парадку на зямлі, у тым ліку на малой радзіме, няма пытанняў, якія не заслугоўваюць увагі, — звярнуўся да пераможцаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель. — І прыемна бачыць, што вы, маладыя грамадзяне нашай дзяржавы, разумееце гэта і прымаеце актыўны ўдзел у іх рашэнні. Так вы будуеце сваю будучыню ў экалагічна чыстай краіне.
Як адзначыў намеснік міністра, праца ў сферы экалогіі — вельмі важны складнік дзяржаўнай палітыкі, і без увагі да гэтага кірунку будучыня любой краіны бесперспектыўная і, у прынцыпе, немагчымая. Менавіта таму Мінпрыроды шмат працуе па пытаннях выхавання экалагічна свядомага падрастаючага пакалення.
Пры падтрымцы міністэрства беларуская каманда два гады запар прымала ўдзел у палявой алімпіядзе юных геолагаў, якая праводзіцца ў Расіі. Прыродаахоўнае ведамства стала адным з ініцыятараў адкрыцця ў г. п. Копысь рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра па пытаннях абыходжання са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і небяспечнымі хімічнымі рэчывамі, на базе якога праходзяць навучанне валанцёрскія групы з удзелам моладзі для выяўлення несанкцыянаваных звалак і складаў з небяспечнымі хімікатамі. Сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Моладзь за чысціню гарадоў і сёл», які таксама праводзіцца па ініцыятыве Мінпрыроды, — валанцёрскія атрады школьнікаў і студэнтаў з усёй краіны. Да «зялёнага» руху юныя беларусы прыцягваюцца праз экалагічную кампанію «Уладкуем малую радзіму», працу грамадскіх аб'яднанняў і інш.
— Пытанні навакольнага асяроддзя, аховы прыроды — адна з прыярытэтных тэм не толькі для часопіса «Родная прырода», але і для іншых выданняў Выдавецкага дома, — падкрэсліў дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Павел Сухарукаў. — Як паказвае сусветны вопыт, толькі ўкладаючы рэсурсы, сродкі ў маладое пакаленне, мы ўбачым добрыя вынікі ў будучыні. І конкурс «Прырода малой радзімы», які мы ладзілі разам з Мінпрыроды, яшчэ раз паказвае: узаемадзейнічаючы адно з адным, мы можам дасягнуць лепшага выніку.
Акрамя цёплых слоў у свой адрас, аўтары найлепшых работ атрымалі дыпломы, камплект «Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь», цікавыя кніжныя выданні і сувеніры ад Мінпрыроды і «Выдавецкага дома «Звязда». Ад праекта ПРААН-ГЭФ «Ветландс», каардынатарам якога выступае прыродаахоўнае ведамства, спецыяліст па камунікацыях ПРААН Кацярына Якубенка ўручыла пераможцам конкурсу сярод калектыўных работ сертыфікаты на паездку ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі».
— І праект, і Праграма развіцця ААН вельмі рады, што пытанні экалогіі знаходзяць інтарэс у дзяцей і моладзі, — сказала Кацярына Якубенка. — І самае галоўнае, што з гэтага інтарэсу нараджаюцца такія творчыя інавацыйныя ідэі, якія былі пададзены на конкурс. Вы — будучыня планеты. Той выбар, які вы робіце сёння, той экалагічны след, які вы пакінеце, уплывае на тое, у якіх умовах будуць жыць наступныя пакаленні. Таму такія цікавыя інавацыйныя ідэі вартыя ўвагі, заахвочвання і ўзнагарод.
Найлепшыя конкурсныя работы былі прысвечаны выкарыстанню аднаўляльных крыніц энергіі і экалагічна бяспечных тэхналогій вытворчасці паперы, вырашэнню праблем распаўсюджвання інвазійных відаў раслін і росту колькасці бытавых адходаў, а таксама развіццю экалагічнага турызму ў краіне.
Вераніка КОЛАСАВА
Фота Андрэя САЗОНАВА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.