Вы тут

Happy New Year: віншуюць беларускія зоркі


Да навагодняй ночы засталося ўсяго нічога. Кожны куток краіны прасякнуты чарадзействам, вокны і вітрыны будынкаў ззяюць гірляндамі, а плошчы ўпрыгожваюць зялёныя прыгажуні ёлкі. Для ўсіх людзей гэта свята асаблівае. Кожны хоча, каб жаданні, загаданыя апоўначы пад бой курантаў, споўніліся, а побач былі самыя блізкія людзі. Словы, сказаныя ад душы, заўсёды спраўджваюцца. Спецыяльна для чытачоў «Звязды» зоркі беларускай эстрады, тэатра і тэлебачання перадалі свае віншаванні са святам і пажадалі ўсяго самага лепшага ў новым годзе!


Гурт «PRАвакацыя»:

— Дарагія чытачы газеты, нашы прыхільнікі! З вялікай любоўю і ад чыстага сэрца мы віншуем вас з надыходзячым Новым годам. Няхай усе вашы мары здзейсняцца. Упэўненыя, надыходзячы год прынясе вам шмат станоўчых эмоцый і шчаслівых момантаў. Вялікай любові, моцнага здароўя і невычэрпнай энергіі. Слухайце добрую музыку, а значыць, слухайце песні гурта «PRАвакацыя». Усяго добрага вам!


Дзядзя Ваня, спявак, артыст, вядучы «Таткі-Шоу» на Радыё АНТ:

— Жадаю ўсім забраць у надыходзячы год усё добрае з адыходзячага. Напрыклад, мы выпусцілі ў гэтым годзе новы альбом, таму ўсе прапановы будуць пабудаваны на назвах нашых песень з яго. Жадаю, каб у надыходзячым годзе побач з намі заўсёды былі «Прыемныя людзі», каб у душы гучаў «Пакаёвы рок», каб мы не ведалі, што такое «Вайна», каб кожны адчуваў «Крылы» за спінай, каб нас абавязкова закранула такое пачуцце, як «Каханне», і тады кожны з нас адчуе на сабе, што значыць простае чалавечае «Шчасце»! З Новым годам!


Вольга САЦЮК, спявачка, першая прадстаўніца Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні»:

— Новы год — час цудаў. Дык хай яны здараюцца з намі! Жадаю кожнаму ў жыцці казачных дзён, чароўных імгненняў, цудоўных людзей на жыццёвым шляху і неверагодных эмоцый! Няхай Новы год стане непаўторным, годам адкрыццяў, смелым на жаданні, падорыць толькі радасць і шчасце вам і вашым блізкім! Хай збываюцца мары! Не пераставайце верыць у цуды і марыць!


Вольга ЖАЛЕЗКАЯ, актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра:

— Дарагія сябры! Напярэдадні самага чароўнага і казачнага свята ў годзе я хачу павіншаваць вас! Пажадаць міру і любові вашым сем'ям, дабрабыту і поспехаў у дасягненні ўсіх пастаўленых мэт! Хай у гэтым годзе ў вашых сем'ях пануюць радасць, шчасце, гармонія і ўтульнасць! І хай у кожнага збудзецца хоць бы адно, але самае запаветнае жаданне!!!

З надыходзячым Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым!!!


Ларыса ГРЫБАЛЁВА, спявачка, актрыса, тэлевядучая:

— Гэта быў няпросты год для мяне і маёй сям'і. Жадаю вам, як і сабе, і сваім родным і блізкім, моцнага здароўя, спакою ў душы і агню ў сэрцы. Беражыце сябе і сваіх дарагіх людзей! Будзьце больш простымі і сумленнымі перад сабой. А ад новага года чакаю і вам жадаю шчасця, лёгкасці і шмат добрых цікавых падзей. І самае галоўнае, каб не было вайны і голаду на ўсім белым свеце. З Новым шчаслівым годам, людзі!


Герман ЦІТОЎ, спявак, тэлевядучы:

— Ад усёй сваёй творчай душы жадаю чытачам натхнення! Жадаю ажыццявіць у новым годзе самыя смелыя мары, напаўняць сябе пазітыўнай энергіяй кожны дзень і рабіць навакольны свет крыху лепшым! Хай магчымасці заўсёды даганяюць вашы мары.


Лідзія ЗАБЛОЦКАЯ, спявачка, лаўрэат дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне-2011»:

— Перакананая, што сёння кожны з нас здольны стаць сапраўдным «ньюсмейкерам» свайго жыцця. Гэта як? Прыносіць дзень пры дні толькі добрыя навіны, эмоцыі і настрой. Памятайце, што праблемы нараджаюцца ў нашай галаве, а ўсё добрае заўсёды адбываецца толькі тады, калі мы моцна таго хочам і робім. Шчыра жадаю вам насычацца выдатнай інфармацыяй з любімай газеты, шукаць нешта новае для сябе і натхняцца.


Гурт «Тяни-Толкай»:

— Дарагія чытачы!!! У першую чаргу хочацца павіншаваць вас з тым, што вы чытачы, што вы чытаеце, цікавіцеся і працягваеце быць разумнымі і адукаванымі людзьмі! З Новым годам усіх!!! Хай гэты год прынясе вам толькі радасныя і станоўчыя моманты!!! Усе задуманыя планы ажыццявяцца ў самым спрыяльным выглядзе!!! Няхай вы і вашы блізкія будуць здаровыя!!!

Чытайце кнігі, слухайце музыку, атрымлівайце асалоду ад прыроды!!! Няхай ва ўсіх усё будзе добра, а менавіта ў вас яшчэ крышачку лепш!!!

Ангеліна НОВІКАВА,  студэнтка ІІ курса  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?