Вы тут

Мастацтва сябраваць дамамі


На традыцыйнай ужо сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці лейтматывам стала тэма беларуска-расійскай інтэграцыі.


Фота БЕЛТА

Як праходзіла сустрэча — пераказваць не буду: калегі папрацавалі, можна глянуць спасылку на сайце Прэзідэнта пад рубрыкай “Сустрэчы” за 14 снежня. А паразважаць у плынях інтэграцыйных — варта: бо вельмі ж надзённая тэма. І шмат беларускіх суполак замежжа, як вядома, працуюць у Расіі. Прычым некаторыя, на жаль, схіляюцца ў дзейнасці, развагах да такой простай, бы лінейка школьніка, думкі: паміж беларусамі ды рускімі — ну аніякай розніцы. Адзін народ. Адзіныя карані... Так што ўсе межы, робяцца далей безаглядна смелыя высновы, у тым ліку й дзяржаўныя, паміж намі — лішнія. У суполках і кнігі з падобнымі меркаваннямі выдаюць. І дазваляюць нават прадстаўнікам іншых супольнасцяў гэтак паблажліва называць нас, беларусаў, мянушкамі рознымі: ну гэта ж па-свойску, па-сяброўску.

Што такое сапраўдная роднасць і роўнасць — мы, вядома ж, ведаем. А таксама й пішам часта пра тое, што ў Расіі шмат сапраўдных сяброў Беларусі, для якіх яна й Бацькаўшчына, зямля продкаў, зямля родная. Скажам, беларускія родавыя карані ў Ядзвігі Юферавай, аднаго з мэтраў расійскай журналістыкі. Згадваю, як на пачатку шляху ў журналістыку пашанцавала мне ўзяць у яе майстар-клас. У 80-я працавала Ядзвіга Браніславаўна ўласным карэспандэнтам “Комсомольской правды” па Беларусі. Я ж на той час, заканчваючы Ленінградскі дзяржуніверсітэт, марыў размеркавацца не ў туркменскі гарадок Мары, як прапаноўвалі, а ў Беларусь. Паверыла зямлячка, што дома будзе з мяне карысць, — і замовіла слоўца, і пасля стажыроўкі паехаў я ў Брэст на пару гадоў: уласным карэспандэнтам “Чырвонай змены”. Пазней у Мінску (здаецца, у 1985-м) мы з калегай перасякліся ў будынку ЦК — і, сеўшы побач, прайшліся па маім тэксце пра Брэсцкую крэпасць.

Такіх дэталёвых, уніклівых разбораў “ролі ды месца” не тое што кожнага сказа — кожнага слова! — не было ў маёй практыцы: ні да, ні пасля... Урок на ўсё жыццё: высокапрафесійны, строгі, але й прыязны, па-сяброўску добразычлівы.

Фота БЕЛТА

Чаму пра тое згадалася? Ядзвігі Юферавай на сёлетняй сустрэчы з Прэзідэнтам не было. Аднак жыццёвы шлях зямлячкі яскрава сведчыць, як шмат у нас з расіянамі агульнага, і як даўно ўжо ідуць на беларуска-расійскай прасторы працэсы глыбокай інтэграцыі. А калі нехта жадае гаварыць на тэму “манетызацыі адносін” паміж Беларуссю і Расіяй, то давайце, напрыклад, ацэнім: колькі каштуе хаця б яе адной, спадарыні Ядзвігі, высокі прафесіяналізм, унёсак у культуру, станоўчы імідж Расіі ў свеце? Бо якраз жа Ядзвіга Юферава — аўтар ідэі, старшыня аргкамітэта Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для педагогаў-русістаў у краінах блізкага і (з 2009) далёкага замежжа. Як ацаніць тое, што ў конкурсе паўдзельнічала больш за 6 тысяч педагогаў, і штогод 50 з іх становяцца лаўрэатамі? Спадарыня Ядзвіга яшчэ ўваходзіць у Апякунскую раду Фонду абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой (з 2011), які ўзначальвае Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Яна ж — аўтар ідэі,член аргкамітэта праекта #ЧитаемОнегина, і член журы прэміі “Большая книга”, і член Савета па рускай мове пры Прэзідэнце Расіі...

Таленавітымі, высокакультурнымі, працавітымі людзьмі Беларусь з Расіяй даўно дзеліцца: Іван Фёдараў, Сімяон Полацкі, Іван Чэрскі, архіепіскап Лука Война-Ясянецкі, Валянціна Церашкова, акадэмікі Валянцін Капцюг і Валянцін Пармон, касманаўты Алег Арцем’еў і Антон Шкаплераў — ва ўсіх іх, у тысяч іншых вядомых расіян родавыя карані з беларускіх земляў. Не ўсе, аднак, ведаюць: была пара, калі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй вяліся крывавыя войны, са шматлікімі ахвярамі. Тады многія нашы супляменнікі траплялі ў суседнюю дзяржаву — не па сваёй волі, у кайданах... Згадаем: Стэфан Еўзебіуш Грынеўскі (па-руску: Степан Евсеевич) (1843—1914), быў шляхціцам з родавага маёнтка Якубёнкі Дзісенскага павета (цяпер Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, Пліскі сельсавет). У 1863-м саслалі яго ў Томскую губерню за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. У 1868-м быў пераведзены на жыхарства ў Вяцкую губерню (цяпер Кіраўская вобласць). Там ажаніўся з рускай, і ў 1880-м у іх сям’і нарадзіўся сын Аляксандр, будучы знакаміты пісьменнік Аляксандр Грын.

Не ведаючы беларускай ментальнасці, нехта можа папракнуць спадарыню Ядзвігу: маўляў, аддае сілы й таленты не роднаму ж народу. І ён памыліцца! Бо ад яе дзейнасці мы ўсе (рускія, беларусы, украінцы й шмат хто яшчэ) становімся багацейшымі, хай сабе й не на рублі. Беларуская нацыянальная ідэя — зусім не ў тым, каб цягнуць усё ў сваю норку, ад іншых адгароджвацца. У аснову беларускай нацыянальнай палітыкі, выказаўся днямі Аляксандр Лукашэнка, павінна быць пакладзена справядлівасць у дачыненні да людзей. А ў Ядзвігі Юферавай, я ўпэўнены, міжнацыянальнае сяброўства, талерантнасць — ад нараджэння ў крыві. Тое пацвердзіць кожны, хто маскоўскую журналістку ведае. Тры гады таму яна была ў камандзіроўцы ў Амурскай вобласці, расказвала на радыё “Эхо Москвы в Благовещенске” й пра роднае Іўе. Тады яе, вітаючы, так прадставіў вядучы Міхаіл Мітрафанаў: “Заслужаны работнік культуры, акадэмік Акадэміі Расійскай прэсы, намесніца галоўрэда “Российской газеты” і ганаровы грамадзянін горада Іўе”. Госця гаварыла пра маленькі гарадок у Заходняй Беларусі, што ганарыцца: “Мы, вось дыяспара, тыя, хто нарадзіўся ў Іўі, пару гадоў таму паставілі, мне здаецца (можа быць у некага й ёсць) адзіны ў свеце Помнік талерантнасці. Яўрэі, татары, праваслаўныя, каталікі... У Іўі вельмі вялікая татарская абшчына, была ў савецкі час адзіная мячэць. Да вайны жыло шмат яўрэяў: было тры сінагогі. Калі я сябрам кажу, што я, каталічка, нарадзілася ў царкве, кажуць — гэта немагчыма. Ды сапраўды ж так!”.

Помнік талерантнасці адкрылі ў Іўі ў 2012 годзе. Фота holiday.by

У 1995-м у Іўі царкву адкрывалі ў былым радзільным доме. Тады маці й паказала ёй, ля якога вакна дачушка нарадзілася. І шмат іншых людзей там пабачыла свет. Тады ж з’явілася думка: зрабіць Помнік талерантнасці. Гэта чатыры стэлы — як сімвал таго, што ўсім трэба жыць у міры й згодзе. Помнік адкрылі ў 2012 годзе. Расказваючы пра тое, расіянка з беларускага Іўя дадае, што ўсюды цяпер важныя мір ды згода: і ў прынцыпе, і ў сваёй прафесіі, і ў жыцці... А чатыры стэлы — гэта знак згоды яўрэяў, праваслаўных, каталікоў і мусульман. Журналістка прыводзіць прыклады таго, што ў Іўі на самой справе канфесіі не спаборнічаюць, нацыянальнасці — таксама. І гаворыць: “Знайдзіце месца і час для дыялогу ў галаве і ў душы”.

Пра шляхі дыялогу, пошукі згоды, паразумення ў няпростых пытаннях беларуска-расійскай інтэграцыі гранічна шчырая размова ішла на нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі расійскай медыясупольнасці ў мінскім Палацы Незалежнасці. З яе вынікае: нельга ставіць знак роўнасці паміж такімі паняццямі, як роднасць беларусаў з рускімі (крэўная, моўная, культурная, духоўная...), наша гістарычная блізкасць — і дзяржаўнасць, незалежнасць, суверэнітэт. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ён у свой час уносіў мноства прапаноў па развіцці Саюзнай дзяржавы, ды не ўсе былі ўспрыняты расійскім бокам, а цяпер зноў пачалі ўзнімацца тыя пытанні, але схематычна, пры тым блытаецца палітыка й эканоміка. “У імя чаго? Навошта раптам цяпер...” — пытаў у прадстаўнікоў расійскай медыясупольнасці Прэзідэнт. А, пытанне, на мой погляд, можна ж адрасаваць усім, хто намагаецца, як кажуць, не заўважаць межаў: як дзяржаўных, так і нацыянальных, а таксама этычных. Хто лічыць, нібыта Беларусь з’явілася на палітычнай карце свету “ніадкуль”, проста з балота, дзякуючы рэвалюцыі, Маскве, бальшавікам... 

У Беларусі даўно ўмеюць жыць побач, сябруючы дамамі, людзі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Каб сябраваць — нам не трэба, каб усе жылі абавязкова ў адным доме (казарма, камуналка, інтэрнат?) альбо хадзілі ў адну царкву. Мастацтва сябраваць дамамі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, незалежнай дзяржавы ў цэнтры Еўропы, асвоілі даўно, і каштоўным досведам гатовы дзяліцца з іншымі. Але свой дом аддаваць нават родным людзям — ці ж разумна?

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.