Вы тут

Што паглядзець на Новы год?


Старыя і новыя камедыі, любімыя серыялы, традыцыйныя «капуснікі» і зборныя канцэрты — напярэдадні галоўнага свята тэлеканалы працягваюць змагацца за рэйтынгі і гледачоў усімі даступнымі спосабамі.


Тэлеканал «Беларусь 1» правядзе апошні ў 2018-м «Галоўны эфір» літаральна з-пад ёлкі — 30 снежня выязная студыя праграмы размесціцца каля нулявога кіламетра на Кастрычніцкай плошчы Мінска і нагадае пра самыя важныя падзеі года. А 31 снежня пасля шэрагу камедый, у тым ліку фільма «Навагодні перапалох» ад беларуса Кірыла Папакуля (КВЗ БДУ), гледачоў чакае вялізны канцэрт «З Новым годам, Беларусь!», «фішкі» якога — беларускамоўнасць (прынамсі, з боку вядучых) і спалучэнне правераных часам хітоў з зімовымі песеннымі навінкамі ад айчынных выканаўцаў. 1 студзеня тэлеканал прапануе яшчэ раз успомніць дзіцячае «Еўрабачанне», якое прымаў Мінск, і пакажа тэлеверсію фіналу: 20 яркіх нумароў, кілаваты гуку ды святла і ключавы момант узнагароджвання пераможцы.

Сабраць усю сям'ю каля тэлевізара плануе «Беларусь 2», і спосаб для гэтага, трэба адзначыць, абраны нетрывіяльны: навошта паўтараць за ўсімі навагоднія канцэрты, калі ёсць любімыя фільмы-фэнтэзі і мультфільмы! 31 снежня ў эфіры — суцэльны марафон з камедый «101 далмацінец», «102 далмацінцы», казак «Аліса ў Краіне цудаў» і «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», анімацыйных фільмаў «Храбрая сэрцам», «Халоднае сэрца», «Мадагаскар», а раніцой для самых трывалых — прыгоды Індыяны Джонса.

Сацыякультурны канал «Беларусь 3», верны ўласным традыцыям, прапануе шаноўнай публіцы «Новы год у класічным стылі» — канцэрт, дзе ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра прагучаць як знакамітыя творы класічнай музыкі, так і ўлюбёныя рэтра-хіты, напрыклад з кінастужак «Звычайны цуд» і «Іронія лёсу». Таксама 31 снежня можна будзе накрыць святочны стол разам з вядучымі «Беларускай кухні», якія падзеляцца цікавымі рэцэптамі печанай гусі, запечанага сала з паранай капустай, фаршыраванага ліня, «банкухі» і «шышак».


На АНТ увечары 31 снежня можна будзе ўбачыць нязменную «Іронію лёсу», а пазней — прадукт расійскага Першага канала — шоу «Навагодняя ноч», дзе студыйныя віншаванні і кадры з квадракоптараў як след перамяшаны з папулярнымі артыстамі, ад Кіркорава да моднай Манетачкі. 1 студзеня — цэлы россып камедый: «Дзяўчаты», «Джэнтльмены ўдачы», «Брыльянтавая рука», «Любоў і галубы», а пад занавес «Навагодні каляндар»: зборнік найлепшых тэлевізійных «агеньчыкаў» ад 1960-х да сучаснасці.


Чарговы раз перарабілі на новы лад старую казку на канале «Расія»: тут знялі мюзікл «Папялушка». Галоўную ролю ў ім выканала былая ўдзельніца «Камедзі Вумен» Наталля Мядзведзева, яе мачахай стала гумарыстка Алена Сцепаненка, а злымі сёстрамі — Ганна Семяновіч і Настасся Стоцкая, роля ж чароўнага прынца дасталася... а вось і не Баскаву, а Сяргею Лазараву. Але не хвалюйцеся, Баскаў таксама будзе. І Філіп Кіркораў, і Юрый Гальцаў, і Крысціна Арбакайтэ, і... Зрэшты, лепш паглядзець гэту сучасную казку ў эфіры 31 снежня і самастойна знайсці адрозненні ад папярэдняй «Папялушкі» 2002 года.


Сёлета ўпершыню правядзе ўласны навагодні эфір сацыяльная сетка «Аднакласнікі», чыё шоу «Сапраўдны Новы год» можна будзе ўбачыць і па-за межамі сеціва, на тэлеканале «МІР». Адметнасць праекта ў тым, што яго ўдзельнікаў, дэкарацыі і асобныя сцэны выбіралі самі гледачы. Праз апытанне ў сацсетцы загадзя былі сабраныя пажаданні карыстальнікаў, якія папрасілі, каб вядомыя артысты і музычныя калектывы рыхтаваліся да свята разам з усімі: гэта значыць, не толькі выконвалі песні, але і рэзалі салаты, жангліравалі мандарынамі, афармлялі падарункі і г. д.

НТБ запрасіў на «Навагодні кватэрнік» тых артыстаў, якія прынцыпова не ходзяць на «Блакітны агеньчык» і не спяваюць пад фанаграму, — атрымалася выдатная рок-кампанія з аксакалаў і пачаткоўцаў. Бі-2, напрыклад, спяюць дуэтам з піцерскім «Нейраманахам Феафанам», Алена Свірыдава — з рокерам Павуком, а некаторыя ўдзельнікі выступяць цэлымі сем'ямі. Зрэшты, без гламуру (канцэрт «Усе зоркі ў Новы год») таксама не абыдзецца, але са сваім каларытам: так, у студыі, акрамя запрошаных артыстаў, сустрэнуцца сабака і свіння, а Снягурка апране чорнае...

Словам, як бы вы ні пераключалі каналы — свята дакладна не прапусціце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?