Вы тут

Што знаходзяць беларусы на шопінгу ва Украіне


У суседа трава заўсёды зелянейшая. «А яшчэ ежа смачнейшая, і шмат што таннейшае», — скажуць вам у цягніку, які ідзе з Баранавічаў да Удрыцка (Ровенская вобласць Украіны). Карэспандэнт «Звязды» даведалася, праз што даводзіцца прайсці ахвотнікам закупіцца ў найбліжэйшых суседзяў.


Усе бягуць — і ты бяжы

«На закупы» ў вёску Удрыцк мяне даўно клікала сваячка, якая жыве ў Лунінецкім раёне. Раз-два ў сезон яна разам з сяброўкамі наведваецца ў прыгранічча па тавары для дому і прадукты. Бывае, бярэ нешта з адзення і цацкі для ўнука. У абавязковае «замежнае» падарожжа жанчына адпраўляецца і перад кожным святам.

— Тут галоўнае — не лічыць варон і дакладна ведаць, што табе трэба. Інакш толькі дзень упустую патраціш і грошы на абы-што разыдуцца, — кансультуе мяне сваячка перад паездкай. — Амаль усе, хто будзе ў цягніку, — таксама «на закупы». Таму куды натоўп — туды і ты.

Сонечнай снежаньскай нядзелькай я сядаю ў дызель-цягнік у Лунінцы. Амаль усе месцы ўжо занятыя: шмат людзей едзе на Удрыцк з Баранавічаў, Ляхавічаў, Ганцавічаў.

Праз гадзіну мы прыбываем на станцыю Гарынь. Выйшаўшы з вагона, я тут жа трапляю ў людскую плынь. Куды рухаемся — невядома. Але ніякай панікі, бо памятаю запавет цёткі: «Усе бягуць — і ты бяжы». Фініш пяціхвілінай дыстанцыі — пункт мытнага кантролю. Тут ужо стаіць чалавек сто, нам нічога не застаецца, як далучыцца да іх. Амаль ва ўсіх у руках — дарожныя сумкі ці «пакеты з пакетамі». Кожныя дзесяць хвілін людзей становіцца ўсё больш...

На ўзгорку за карцінай назірае каларытная правадніца ў акулярах. У чаканні пасажыраў дызеля, які пойдзе назад на Баранавічы, яна лускае гарбузікі і спрабуе наставіць на розум людзей:

— Што вы тут стаіце? Раней, чым праз гадзіну прапускаць не пачнуць! А цягнік увогуле адпраўляецца толькі ў 14.00. Да таго ж ва ўкраінскіх дызелях ацяплення няма. Будзеце ўсю дарогу да Удрыцка зубамі ляскаць. Ідзіце пагрэйцеся ў вагончыку каля прыбіральні. Ён зараз замест залы чакання, — гучна заклікае жанчына, а пасля ў паўголаса тлумачыць мне: — Вакзал другую зіму на рамонце. Але нават калі б быў адчынены, гэтыя фанаты шопінгу па-ўкраінску ўсё адно не пайшлі б унутр.

І сапраўды, як ні старалася правадніца пераканаць народ, што лепш пасядзець у цяпле, чым таптацца па слоце, ніхто яе парады не слухаў.

Калі я ўжо была на самым падыходзе да мытні, літаральна з ніадкуль побач узніклі дзве жанчыны з некалькімі забітымі пад завязку сумкамі.

— Табе п'яць, мне п'яць і Васе п'яць. І людзям надо распіхаць, бо накрыюць нас, — хутка тараторыць адна другой.

Што было ў сумках, я так і не разглядзела. Але пасля заўважыла, што многія ўкраінцы цэлымі скрынямі вязуць з Беларусі сухое дзіцячае харчаванне і згушчанае малако. І тое, і другое бяруць не самае таннае. Толькі пэўных марак і з добрым працэнтам тлушчу.

Прайшоўшы кантроль, адразу трапляем на платформу. Старэнькі ўкраінскі дызялёк з іржавымі вагонамі быццам прыехаў у Гарынь з 90-х. Антуражу яму дадаюць немаладыя жанчыны ў норкавых шапках і з масіўнымі залатымі завушніцамі. Як высветлілася, гэта мясцовая «мафія» — у кожнай у руках было па пачку ўкраінскіх грывень. Іх яны абменьваюць на беларускія рублі проста ў тамбуры.

Цягнік хутка запаўняецца людзьмі, многія застаюцца ў тамбуры. І правільна робяць. Дарога займае ўсяго 15 хвілін. Ва Удрыцку чакае новае выпрабаванне — яшчэ адна чарга, але ўжо на мытным кантролі Украіны. Вялікая колькасць людзей з цяжкасцю ўмяшчаецца на вузенькай платформе. З аднаго боку натоўп стрымлівае высокі плот з пікамі, з другога — жанчына-пагранічніца з аўтаматам. У жудаснай цісканіне, на холадзе мы стаім паўтары гадзіны. Пэўна, збоку падобныя на статак бараноў, якія добраахвотна пагадзіліся на гэты цырк.

«А гузікі самі прышыеце...»

Удрыцк — вёска зусім невялікая. Будынак станцыі выглядае як традыцыйная «хатка-мазанка». Улетку беларускія пакупнікі падымаюць пыл на дарогах, а ўвосень і зімой абыходзяць вялізныя лужыны — асфальту няма. Мясцовы базар знаходзіцца за два крокі ад чыгункі. Ды і колькі там таго базару? З дзясятак палатак і драўляных столікаў, якія стаяць уздоўж адзінай вуліцы, плюс тры крамы. Ёсць яшчэ пара прадаўцоў, якія разгарнулі свой тавар проста на капотах старэнькіх «Жыгулёў».

Найперш адпраўляюся ў самую вялікую краму. Тут на суседніх палічках ляжаць коўдры і цацкі, галёшы і лазневыя халаты, жырандолі і сталовыя прыборы. Цэны не сказаць, каб дужа адрозніваліся ад беларускіх, але народ змятае ўсё, што бачыць.

У гэтым жа будынку знаходзіцца вінна-гарэлачны павільён. Не прапіхнуцца. Мужыкі абступілі прылавак, за якім пабліскваюць бурштынавымі адценнямі бутэлькі каньяку, моладзь і жанчыны прыцэньваюцца да мясцовага віна, «беленькую» хапаюць усе без разбору. Цэны на гарэлку стартуюць ад 2,5 беларускага рубля. Праўда, ахвотнікаў пакаштаваць гэты напой у натоўпе няма. Бяруць у асноўным тую, што каштуе тры-чатыры рублі. Прычым адной пляшкай тут ніхто не абмяжоўваецца. Не шкадуючы грошай, просяць у прадаўшчыц мінімум тры, часта — пяць і нават дзесяць.

А вось у краме, якая нагадвае сельскія ўнівермагі, амаль нікога няма. Якасны трыкатаж і баваўняная бялізна ўкраінскіх фабрык нашых людзей не цікавяць. Хоць цэны прыемныя і дызайн неблагі.

На вуліцы гандаль ідзе таксама не ва ўсіх. Прадаўцы цукерак пазяхаюць ад нуды: у іх бок беларускі пакупнік нават не глядзіць.

— Цукеркі тут я даўно не бяру. Гэта раней і выбар быў большы, і цэны меншыя. Цяпер цэны на шакаладныя ласункі параўняліся з айчыннымі. Акрамя таго, у нашы крамы пачалі завозіць недарагія цукеркі расійскіх кандытарскіх фабрык, лепш іх узяць, — падзялілася жанчына, якую ўдалося спыніць на вуліцы. — А вось хлеб тутэйшы купляю заўсёды, хоць і каштуе, як наш. У іх склад больш натуральны — толькі мука, вада, дрожджы ды соль.

Эпізод з разраду «і смех, і грэх» давялося назіраць каля прадаўца камізэлек са штучнага футра. Дзяўчына-студэнтка сабралася набываць адну, але заўважыла, што на ёй няма гузікаў.

— Коштуе вона 140 грывень, поступлю 10, — сказаў пакупніцы прадавец.

— Але ж мне прыйдзецца самой гэтыя гузікі і купіць, і прышыць.

— Зрозумій, якшчо поступлю больш — піду ў мінус. І так по собівартосці віддаю, — працягваў гнуць сваю лінію мужчына, але неўзабаве здаўся. — Хвіліну!

Схапіў нажніцы, зрэзаў чатыры гузікі з іншай камізэлькі і высыпаў іх у далонь дзяўчыне. Вось гэта сэрвіс!

Прыкладна за гадзіну да адпраўлення народ пачынае падцягвацца да мытнага паста. У кожнага па дзве, а то і па тры сумкі накупленага. Многія валакуць іх па зямлі — не падняць.

Побач у чарзе на праходжанне кантролю прыстроілася пара. Муж і жонка акуратненька хаваюць пад курткі па некалькі бутэлек спіртнога.

— Дазволена правозіць тры літры на душу, мы ў ліміт ніколі не ўкладваемся, — тлумачыць мужчына, усміхаючыся ў пышныя вусы.

Пакуль мы размаўляем, употай пазіраю да іх у сумкі: некалькі пакетаў з печывам, покрыўкі і абрусы, цацкі, фен і плойка. Пад рукой мужчына трымае сушылку для бялізны. Увогуле, кожны другі з Удрыцка чамусьці вёз ці сушылку, ці дошку для прасавання. Пыталася пра цэны — такія ж, як у нас. У чым сакрэт прыцягальнасці гэтых рэчаў для нашых людзей, я, прызнацца, так і не зразумела.

Сыр-касічка, шакаладкі, «Ё-маё»

Дарога з Удрыцка дадому таксама тоіць у сабе масу сюрпрызаў. Пагрузіўшыся ў цёпленькі і чысты цягнік з роднымі літарамі «БЧ» на вагонах, людзі не ўздыхаюць з палёгкай і не адкідваюцца на спінкі сядзенняў. Наадварот, пачынаецца незвычайнае ажыўленне. Шапацяць пакеты, і чуюцца гукі расшпільвання замкоў на сумках. Тут і там народ перапакоўвае набытае дабро.

Мая спадарожніца, што сядзіць насупраць, таксама выварочвае на сядзенне рэчы са сваіх сумак. Вялізныя пачкі сурвэтак, пакеты з зефірам і печывам, не менш за два кіло кількі, дзясяткі катушак нітак, пяць пачак вафельных карзінак для канапэ, партатыўная калонка... Дзіўны набор, увенчаны сушылкай для бялізны.

— Куды едзеце? — нечакана над намі паўстае жанчына ў ружовым пухавіку з чорным пакетам у руках. — Лунінец? Вазьміце, калі ласка, мае арэхі сабе. А то ў мяне пераважка па кілаграмах — на мытні могуць забраць.

За правоз дамачка прапаноўвае два рублі. Аказалася, што з Удрыцка яна вязе з сабой цэлы мех грэцкіх арэхаў, якія дома збіраецца прадаваць. Праўда, мяжу тавар перасякае ў расфасафаным выглядзе пад рознымі сядзеннямі вагона.

— Сыр-касічка, шакаладкі, «Ё-маё», — выкрыквае іншая жанчына назвы тавараў, якія пачынае прадаваць проста ў дарозе. Многія пакідаюць ёй апошнія дзясяткі грывень. «Чаго дамоў везці? Лепш яшчэ адну шакаладку дзецям вазьму», — разважаюць пасажыры.

* * *

Іронія лёсу: вярнуўшыся на вакзал у Лунінец, я ўбачыла па тэлевізары сюжэт з адкрыцця новай крамы ў горадзе. За апошнія некалькі гадоў тут з'явілася некалькі вялікіх супермаркетаў, а маленькія сеткавыя гастраномы працуюць нават у вёсках. І гэта не кажучы пра магазіны мясцовага спажывецкага таварыства, якія таксама ідуць у нагу з часам: пастаянна ладзяць акцыі і даюць зніжкі, нядаўна ўвялі ва ўжытак дысконтныя карты для пакупнікоў. Здаецца, купляй не хачу! Але ж, вядома, суседская трава зелянейшая...

Ганна КУРАК

Мінск — Удрыцк — Мінск

Загаловак у газеце: Хто шукае — той не блудзіць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».