Вы тут

Прадстаўнікі розных пакаленняў пра традыцыі святкавання Новага года


Новы год — свята, якое ва ўсіх без выключэння выклікае настальгію. Прадстаўнікі розных пакаленняў расказалі, якія традыцыі святкавання Новага года запомніліся ім з дзяцінства.


На­тал­ля Ка­зан­ко­ва ў воб­ра­зе Воль­гі Ла­ры­най.

50-я: баль-маскарад, факстрот, вінегрэт

Лунінчанка Наталля Казанкова трымае ў руках томік з чэхаўскімі апавяданнямі. На вокладцы пазначаны год выдання — 1954-ы, а на форзацы каліграфічны запіс, зроблены рукой дырэктара: «Першая прэмія за найлепшы касцюм на навагоднім вечары 1955 г. Валынец Н., вуч. 7 «Б» класа».

— Дэбютны «выхад у свет» я чакала не менш, чым Наташа Растова з «Вайны і міру». Школьны баль-маскарад быў галоўнай гарадской падзеяй на Новы год. Удзел у ім маглі браць толькі старшакласнікі, — прыгадвае Наталля Іванаўна.

І ўсё ж першыя навагоднія ўспаміны жанчыны звязаныя з пасляваенным часам.

— Маці казала нам з братам: «Будзеце добра сябе паводзіць — Дзед Мароз прынясе ёлку». Святочнай ноччу, калі мы засыналі, бацькі ціхенька ўносілі ў хату дрэва і ўпрыгожвалі яго. Мама-рукадзельніца з імпэтам майстравала цацкі сваімі рукамі. Са старых польскіх часопісаў выразала прыгожыя тварыкі, а з тканіны і ваты рабіла «цельцы» балерын, прынцэс і казачных герояў. На калючыя галінкі вешалі таксама маленькія яблычкі, цукеркі, пячэнне, пасыпанае цукрам, самаробныя гірлянды — арэхі, загорнутыя ў фольгу. Увенчвала гэта ўсё непаўторная бліскучая зорка, якую прыдумаў і сканструяваў мой дзядзька — настаўнік чарчэння. Раніцай мы, босыя, убягалі ў пакой і не маглі наглядзецца на зялёную прыгажуню! У паветры вітала неперадавальнае адчуванне шчасця з водарам хвоі. Праўда, аднойчы бацькоўскі сюрпрыз не атрымаўся. Будучы школьніцай, я дачакалася запаветнай ночы і сустрэла маму з татам на парозе, калі яны цягнулі ў дом дрэва: «Ага! Вось які Дзед Мароз нам ёлку прыносіць!» Мама тады, здаецца, расстроілася больш за мяне.

Перадсвяточнымі снежаньскімі вечарамі ў кампаніі сябровак Наталлі Іванаўны была традыцыя: збірацца ў кожнай па чарзе на салодкі стол. Бацькі гатавалі прысмакі, а дзяўчаты ладзілі дамашнія канцэрты.

— А навагоднюю ноч мы праводзілі... у школе! Пачыналася ўсё ў дзевяць вечара і працягвалася да гадзіны-другой. Ніякіх закусак ці шампанскага не было і ў паміне, — расказвае лунінчанка. — Затое танцы былі абавязкова парамі — танга, вальс, факстрот... Не ўмееш? Будзеш стаяць увесь вечар каля сценкі. А кожны з нас хацеў адчуць сябе казачным героем у гэтую ноч. Вядома, вадзілі і карагоды, гулялі ў ручаёк. На працягу вечара працавала святочная пошта.

У дванаццаць гадзін музыка сціхала і зала замірала. З хваляваннем мы слухалі па радыё бой курантаў і зварот-віншаванне да ўсяго савецкага народа. Пасля слова брала дырэктар школы. Яна заўсёды казала нешта пранікнёнае, шмат чаго жадала і шчыра дзякавала. Я і цяпер з асаблівай цеплынёй успамінаю гэтыя словы. Пасля афіцыйнай часткі пачыналася касцюміраванае шэсце вакол ёлкі. Строгае журы ацэньвала не толькі касцюм, але і яго падачу.

Мама Наталлі Іванаўны мела надзвычай тонкі густ і залатыя рукі.

— Я кружылася вакол святочнай ёлкі ў вобразах Чырвонай Шапачкі, Царэўны-Жабкі, Папялушкі, Вольгі Ларынай. Адны толькі маскі з карункаў да касцюмаў былі сапраўднымі творамі мастацтва!

Пасля балю ўсе прыходзілі дадому стомленыя і адразу ж клаліся спаць. Сямейным святам у Лунінцы ў 50-х заставалася Раство. У царкву не хадзілі, але збіраліся на вячэру 6 студзеня пасля ўзыходу першай зоркі. «12 страў, сярод якіх куцця, мой любімы вінегрэт, бульбяныя катлеты пад неверагодным соусам з сушаных грыбоў», – ажыўляе ў памяці смачныя ўспаміны жанчына.

— Зараз многія лунінчане не ўяўляюць сабе Новы год без ёлкі на плошчы Леніна ў цэнтры горада. Але да сярэдзіны 50-х на гэтым месцы быў базар. Ёлку ставілі на перакрыжаванні вуліц 17 Верасня і Чырвонай. Дом маёй сяброўкі Алы быў якраз насупраць. Яна звычайна дыхала на заінелае акно, каб шкло адтаяла і можна было любавацца бліскучым хараством у цемры.

70-я: паштоўкі, снежныя забавы, «даё́дванне»

Мінчанка Кацярына Верава правяла сваё дзяцінства ў раёне Нямігі.

— Зімы тады былі па-сапраўднаму снежныя і марозныя. Белы, іскрысты Мінск так і заманьваў выйсці на вуліцу. Разам з бацькам мы каталіся з горак насупраць Траецкага прадмесця, качаліся ў гурбах снегу каля Палаца спорту. Ніякіх кірмашоў з шашлыкамі і канцэртаў самадзейнасці там не было. Мы атрымлівалі асалоду ад простых рэчаў, — дзеліцца жанчына. — Пад ёлку мама клала «кулёк» — хрусткі цэлафанавы пакет, забіты цукеркамі. Бацькі на працы таксама атрымлівалі салодкія прэзенты ад прафкама. Праўда, яны на дзве трэці складаліся з ледзянцоў. Маці ж падыходзіла да адбору з густам і размахам: яшчэ з кастрычніка пачынала хадзіць па крамах у пошуках шакаладнага дэфіцыту — суфле, грыльяжу, «Мішак на Поўначы». Самае смешнае, што кожны з дзяцей у сям'і імкнуўся хутчэй з'есці свае цукерачныя запасы. Інакш прыйшлося б дзяліцца імі з астатнімі.

Другі абавязковы пункт перадсвяточнай праграмы — адпраўленне паштовак сваякам па ўсім СССР.

— У маміным спісе было не менш за паўсотні чалавек: браты, сёстры, пляменнікі. Для кожнай сям'і прыдумваўся арыгінальны тэкст віншавання. Паштоўкі, дарэчы, таксама закупляліся яшчэ з восені. У адказ, вядома, навагоднія весткі прыходзілі пачкамі. Шкада, але папяровая спадчына не захавалася: нешта загубілі пры пераездах, штосьці пайшло на дзіцячыя аплікацыі ў школу.

Бацькі Кацярыны Іванаўны былі з ваеннага пакалення, памяталі пра страшны голад. Калі з'явілася магчымасць накрываць багатыя сталы, яны карысталіся ёй па поўнай.

— Ежы заўсёды гатавалі настолькі многа, што даядаць прыходзілася яшчэ доўга. У нас нават паняцце такое было — «даёдванне». Прычым рабілі гэта ўсёй вялікай сям'ёй: 1-га збіраліся на вячэры ў адной мамінай сястры, 2-га — у іншай, 3-га ішлі да бацькавай радні.

Тэлевізар у сям'і Кацярыны Іванаўны з'явіўся яшчэ ў 60-х. Дзеці і дарослыя з задавальненнем глядзелі «Блакітны агеньчык». На думку жанчыны, сэнсу і душэўнасці ў іх было куды больш, чым цяпер. Адчуванне, што Новы год — вяха: «Пакуль на экране падводзіліся вынікі, ацэньваліся поспехі, строіліся планы для ўсёй краіны, мы рабілі тое ж самае, толькі ў сямейнай перспектыве».

— Самы вясёлы і бесшабашны Новы год у маёй біяграфіі здарыўся на другім курсе ўніверсітэта ўзімку 1978-га. Амаль усёй групай мы сабраліся на чатырохпакаёвай кватэры ў самым цэнтры горада. Каб свята не ператварылася ў звычайную «аб'ядалаўку-выпівалаўку», вырашылі зладзіць гумарыстычнае касцюміраванае прадстаўленне. Загадзя быў прапісаны сцэнарый. Мне выпала самая ганаровая роля — Дзеда Мароза. Вядома, адмысловага касцюма ў той час было не дастаць. У ход пайшло маё новенькае, на заказ пашытае паліто — у яго была шыкоўная ярка-чырвоная падкладка з шоўку. Бараду рабілі з сапраўднай ваты, што прадавалася ў аптэцы. Ідэя з пераапрананнямі дзяўчыны ў мужчыну і наадварот была тады надзвычай арыгінальнай. Таму і Снягуркай стаў галоўны ў кампаніі балака-гумарыст.

90-я: вёска, трансформеры, мандарыны

— Насуперак стэрэатыпам мы ў той час не галадалі. Навагоднія сталы былі накрытыя смачна і сытна. Дзед Мароз заўжды прыносіў падарункі. З іншага боку, цудоўна памятаю, як я з бацькамі хадзіў перад Новым годам «па палучку». Справа ў тым, што ў вялізных чэргах наперад прапускалі людзей з дзецьмі. Але ўсе роўна даводзілася стаяць па 1,5—2 гадзіны ў чаканні, — прыгадвае гамяльчанін Уладзімір Савачкін.

Была ў сям'і хлопца традыцыя — 31 снежня іх з сястрой везлі ў госці да бабулі ў вёску. Бацькі прыдумалі легенду: быццам калі нехта ў доме ёсць, то Дзед Мароз саромеецца прыходзіць. Таму, ад'язджаючы, абавязкова пакідалі адчыненай фортку — «павінен жа быў Дзед Мароз неяк у кватэру трапіць».

— Ідэя выдатная. Замест таго каб нудзіцца ў гарадской кватэры, мы цэлы дзень праводзілі на свежым паветры. У хату было не загнаць: каталіся на санках, гулялі з вясковымі ў сняжкі і ляпілі снежных баб. У гэты час маці з бабуляй маглі спакойна гатаваць святочную вячэру. Праўда, клопату дадавалася, калі мы вярталіся дадому — прамоклыя да ніткі, з расчырванелымі тварамі, — расказвае Уладзімір. — За стол сядалі гадзін у восем-дзевяць. Пад прагляд савецкіх фільмаў сястра ела сваю любімую салату з крабавымі палачкамі і кукурузай, а я — аліўе. Бульба, смажаная курыца, клубнічны кампот. Акрамя таго, нашае застолле ніколі не абыходзілася без пячоначнага торціка. І хаця мандарыны дэфіцытам не былі, для мяне яны і па сённяшні дзень застаюцца выключна навагоднім фруктам. Ем іх толькі ў ноч з 31-га на 1-е.

Хлопец успамінае, як кожны год яны з сястрой хацелі дачакацца таямнічых дванаццаці гадзін ночы, але засыналі яшчэ да адзінаццаці. Раніцай ехалі ў Гомель. Там чакаў працяг застолля і сюрпрызы пад ёлкай.

— Першым падарункам, які мне запомніўся, быў цацачны трактар. Нічога дзіўнага, улічваючы, што бацькі працавалі на заводах, якія выпускалі сельгастэхніку. У школьным узросце самымі жаданымі навагоднімі падарункамі сталі машынкі-трансформеры і пластыкавыя пісталеты...

Сёння амаль любое свята — ад юбілею і хрэсьбін да карпаратыву і вяселля — суправаджаецца феерверкамі. Для дзяцей 90-х агеньчыкі ў небе былі рэдкасцю. Пачуўшы залпы, малыя прыліпалі да вокнаў ці выбягалі на вуліцу, каб хоць на імгненне ўбачыць цуд піратэхнікі.

Адзіны момант, калі Уладзімір адчуў на сабе «цяжкасці» эпохі, — ранішнік у дзіцячым садку. Тады хлопца адзелі ў касцюм сняжынкі, які дастаўся ў спадчыну ад сястры. Але ніякай няёмкасці не было. Хто сказаў, што сняжынкамі могуць быць толькі дзяўчаты?

Ганна Курак

Мінск — Гомель — Лунінец — Мінск

Загаловак у газеце: Час цудаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.