Вы тут

Бізнес-вуман і маці пецярых дзяцей пра каханне, кар'еру і планаванне часу


Вольга Жадзеева — журналістка, бізнес-вуман, да таго ж маці пецярых дзяцей. Яна стваральніца першага беларускага партала пра моду РRЕTАРОRTАL, саўладальніца крамы адзення і аксесуараў «Канцэпт-крама». Пра каханне, кар'ерны шлях, сакрэты ўдалага планавання часу і выдатнага мацярынства мы спыталі ў нашай прыгожай суразмоўніцы.


— Вольга, якой у юнацтве вам бачылася ідэальная сям'я?

— З дзяцінства ў галаве была выразная схема асабістага жыцця, дзе абавязкова павінен быць муж і максімум два дзіцяці. У 21 год я сустрэла каханага чалавека, які падчас нашага знаёмства сказаў, што я падобна на яго будучую жонку. Шчырыя пачуцці і жаданне мець дружную сям'ю паўплывалі на тое, што мы пажаніліся ўсяго праз паўгода стасункаў.

— Зараз у вас пяць цудоўных дзяцей. Знешне яны вельмі падобныя адно да аднаго: блакітнавокія, светленькія. А па характары?

— Нягледзячы на тое, што нарадзіліся малыя ў адных і тых жа бацькоў, растуць у адной і той жа сям'і, тэмпераменты ў іх розныя. Хоць, напэўна, няправільна казаць пра адных і тых жа бацькоў, бо ў пэўныя перыяды жыцця па ўнутраным адчуванні мы з мужам мяняліся. З кожным годам я і Саша станавіліся больш мудрымі, падрыхтаванымі.

Наша старэйшая дачка Арына, якой зараз 15 гадоў, з чатырох пачала прафесійна займацца фігурным катаннем, цяпер танцуе ў групе падтрымкі хакейнага клуба «Дынама». Калі дзіця «сябруе» са спортам, гэта пакідае свой адбітак на характары: яна баец. І яшчэ мой неаб'ектыўны мацярынскі погляд можа сказаць і аб тым, што Арына вельмі прыгожая і мэтанакіраваная.

Адзінаццацігадовы сын Андрэй — бунтар: заўсёды мае сваё меркаванне, якое гучна адстойвае. Не любіць вучыцца ў школе, але любіць спорт: займаецца дзюдо, футболам. З раніцы да вечара захоплены толькі гэтым.

Дачцэ Магдалене дзевяць гадоў, яна ў нас цікавая асоба: як казачная фея, ласкавая, жыве ў сваім свеце прынцэс і аднарогаў. А яшчэ дзяўчына вельмі высокая для свайго ўзросту, напэўна, будучая мадэль расце!

Стэфаніі шэсць гадоў. Яна, у адрозненне ад Андрэя, цягнецца да вучобы і любіць камандаваць. Ну, і самы маленькі ў сям'і — Мікіта, яму паўтара гадкі. З упэўненасцю магу сказаць, што ён вельмі актыўны і любіць паесці!

— Чым вы кіраваліся, калі напаўнялі кожную хвіліну вольнага часу сваіх сыноў і дачок дадатковымі заняткамі?

— Я ўпэўнена, што бацькам трэба займаць дзяцей рознымі актыўнымі дзеяннямі, тлумачыць ім, навошта гэта спатрэбіцца ў жыцці. А яно абавязкова спатрэбіцца. Напрыклад, Арыну мы аддалі на прафесійнае фігурнае катанне, калі ёй было чатыры гады. Штодзённыя трэніроўкі па некалькі гадзін, паралельна — гімнастыка. Часам дачцэ ўвогуле не хацелася ісці, але я заўсёды матывавала, падтрымлівала. Так і з іншымі дзецьмі. Да іх трэба прыслухоўвацца, але не патураць капрызам.

— Якая вы матуля?

— Дзеці кажуць, што я вельмі добрая мама. (Усміхаецца.) Але люблю быць паслядоўнай, бо разумею каштоўнасць свайго часу. Мае сілы, энергія патрэбны як для сям'і, так і для працы. Таму часам даручаю малым хатнія клопаты — яны ўсё выконваюць. Ведаюць, што калі чагосьці не зробяць, пакрыўджуся.

— А хто выконвае хатнія абавязкі, падтрымлівае чысціню ў доме?

— Ён у нас вялікі. Мыю, прыбіраю, гатую ў асноўным сама, але з нядаўняга часу ў нас з'явілася памочніца па доме, якая прыходзіць раз на тыдзень і прыбіраецца. Шчыра кажучы, гэтага хапае ненадоўга: у прасторы, дзе ёсць маленькія дзеці, парадак доўга не захоўваецца. Што датычыцца трэніровак, секцый, гурткоў, паездак па бальніцах (а гэта велізарны пласт работы), мы з мужам усё робім самі. Часам дапамагаюць дзядулі і бабулі, на шчасце, яны жывуць у Мінску.

— Вы выхоўваеце дзяцей, аглядваючыся на вопыт сваіх бацькоў, або абапіраецеся на ўласны?

— Так, часам лаўлю сябе на думцы, што некаторыя фразы, дзеянні раблю так, як мая мама. Але нельга ігнараваць тое, што цяпер іншы час, іншыя магчымасці, а значыць, іншыя метады выхавання. Напрыклад, мне ў маім дзяцінстве было забаронена глядзець тэлевізар, з-за гэтага я да 18 гадоў не бачыла савецкага кіно, нават самых вядомых кінакарцін. Затое вырасла начытаным чалавекам. А мае дзеці кожны дзень сядзяць у гаджэтах на фоне ўключанага тэлевізара. Я разумею, што забараняць ім карыстацца гэтымі магчымасцямі няма сэнсу, бо яны быццам нарадзіліся з уключанай функцыяй «гугліць, лайкаць, падпісвацца».

— Як мяняўся светапогляд з нараджэннем кожнага дзіцяці?

— Узрастала разуменне многіх рэчаў. Дзеці вучаць цярпенню: пакуль мы выхоўваем іх, яны выхоўваюць нас. Раней я была больш запальчывай, нервавалася без прычыны, цяпер гэта знікла. Малыя вучаць шанаваць простыя рэчы: яны па-асабліваму радуюцца першаму снегу або паходу ў лес. Да таго ж з часам дарослыя становяцца менш дапытлівымі, і дзеці ім з гэтым дапамагаюць, як ніхто іншы: расказваюць пра новыя модныя плыні, папулярныя кнігі, вядомых блогераў.

Калі б у мяне не было Арыны, Андрэя, Магдалены, Стэфаніі і Мікіты, думаю, маё жыццё было б такім жа насычаным, як зараз: шмат падарожжаў, цікавых сустрэч, але я б дакладна не шанавала... сон, напрыклад. Або магчымасць паесці ў адзіноце, калі ніхто не лезе рукамі ў талерку. (Усміхаецца.)

— У вас ідэальная фігура! Як хутка прыходзілі ў патрэбную форму пасля цяжарнасцяў?

— Дзякуй за камплімент. Быць у форме — не праблема. Магчыма, вялікую ролю іграюць гены і стыль жыцця. Дазваляю сабе розныя прысмакі, бо разумею, што тая энергія, якую я выдаткоўваю кожны дзень, нашмат большая, чым тая, якую атрымліваю. Першыя месяцы пасля родаў я не ставіла сабе звышмэты хутка прыйсці ў форму. Давала арганізму час на адпачынак, самааднаўленне. Чым старэйшай станавілася, тым больш разумела важныя рэчы: напрыклад, каб захаваць грудное малако, трэба добра харчавацца, не сядзець на дыетах.

— Заўважыла, што вялікую ўвагу вы аддаяце вонкаваму выгляду. Як сфарміраваўся ваш стыль?

— Пэўны ўплыў у гэтым аказала мама, нават у нялёгкі час дэфіцыту тавараў і фінансавых цяжкасцяў яна намагалася добра выглядаць і прыбіраць мяне: шыла, вязала, нешта прыдумляла.

— Вольга, як вы ўспрымалі час дэкрэтаў? Хацелася хутчэй збегчы на працу?

— Калі ў нас з мужам з'явілася старэйшая дачка Арына, я толькі скончыла ўніверсітэт. Першы дэкрэт я адседзела амаль увесь належны тэрмін — два з паловай гады, і аддавала сябе толькі сям'і. У наступных ужо сумавала, хацелася рэалізавацца. Здавалася, што дарэмна марную час, цяпер разумею, што разважала няправільна. Час знаходжання з малым дзіцем для жанчыны вельмі важны, прадукцыйны, ён дапамагае разабрацца з сабой, зразумець, чаго ты хочаш ад жыцця, усвядоміць жаночую сутнасць.

Цікава, што пасля нараджэння першынца я ставіла перад сабой мэту адразу нарадзіць дваіх, каб не страчваць час без працы. А працавала я журналістам у інфармацыйным агенцтве і для таго, каб знаходзіцца ўвесь час «на хвалі», павінна была мець кантакты, сувязі, сустрэчы. Маё жаданне ажыццявілася — за другі дэкрэт нарадзіла Андрэя і Магдалену. Апошнія два дэкрэты ў мяне былі прадукцыйнымі: з чацвёртым дзіцем стартаваў праект аб модзе РRЕTАРОRTАL, а калі нарадзіла самага маленькага Мікіту, я ўжо займалася «Канцэпт-крамай», паралельна выкладала дысцыпліну «Фэшн-журналістыкі» на факультэце журналістыкі БДУ.

— Звернемся да РRЕTАРОRTАL. Першы ў Беларусі партал пра моду быў створаны ў 2012 годзе. Чаму інтэрнэт-рэсурс, а не папяровае выданне?

— Таму што блог можна зрабіць любому чалавеку з адносна невялікімі ўкладаннямі. На той момант, калі стварала РRЕTАРОRTАL, у Беларусі не было вялікай разнастайнасці выданняў аб модзе, хацелася ажыццявіць тое, што будзе адпавядаць маім жаданням. Спачатку на сайт пісала толькі я, ужо пасля знайшла добрую каманду, з якой працую і дагэтуль. А да таго часу вяла розныя калонкі ў папяровых выданнях аб модзе, але разумела, што гэтага мала, — адзін тэкст у тыдзень. На сваім жа партале можна пісаць колькі заўгодна.

Увогуле, захапляцца моднай тэматыкай я пачала тады, калі ў мяне ўжо было трое дзяцей. Пісала пра ўсё, што мяне цікавіла, і метадам спроб і памылак зразумела, што добра атрымліваецца развівацца менавіта ў гэтым напрамку. Некаторым людзям здаецца, што мода — вузкая сфера, але гэта не так. Гэта паўнавартасны кірунак у журналістыцы. Калі не валодаеш патрэбнымі ведамі, уласнай пазіцыяй, то меркаванні і артыкулы будуць павярхоўнымі.

— Зацікаўленасць фэшн-сферай у Беларусі пяць гадоў таму і зараз: развіццё ёсць?

— Безумоўна. Кожныя некалькі месяцаў у краіне з'яўляюцца новыя дызайнеры, гэта я бачу па тым, як яны прыходзяць да нас у «Канцэпт-краму» і хочуць узаемадзейнічаць. «Канцэпт-крама» — гэта пляцоўка, дзе праводзяцца сустрэчы з аўдыторыяй, майстар-класы, прэзентацыі новых калекцый і імёнаў. Радуе, што гэта запатрабавана. А яшчэ прыемна, што мужчыны сталі нашмат больш цікавіцца модай. Па статыстыцы нашага партала, іх наяўнасць чатыры гады таму складала каля 6 %, цяпер — 40 %. Самы папулярны артыкул за мінулы год — падборка мужчынскіх вобразаў на пэўны сезон.

— Калі вы былі студэнткай і вучыліся на факультэце журналістыкі БДУ, таксама вылучаліся сярод іншых працалюбствам, як зараз?

— Працы я ніколі не баялася, энергіі было шмат, таму хацела паспрабаваць сябе ў розных сферах. Спачатку займалася мадэлінгам, супрацоўнічала з вядомым мадэльным агенцтвам, нават удзельнічала ў буйным конкурсе прыгажосці «Топ-мадэль» Беларусі (а калі ўжо нарадзіла чатырох дзяцей — у «Місіс Беларусь — 2014»). Дзякуючы гэтаму былі і паказы, і кішэнныя грошы. Таксама ўзаемадзейнічала з рэкламнымі акцыямі — піярыла пэўныя вядомыя прадукты. Памятаю, як падчас кастынгаў журы глядзелі не толькі на знешнасць, а і на камунікатыўныя навыкі, на стрэсаўстойлівасць. Ужо на апошніх курсах вучобы ва ўніверсітэце працавала сакратаром, паралельна супрацоўнічала з рознымі перыядычнымі выданнямі. Але праз некаторы час дакладна для сябе вызначыла, што журналістыка — у прыярытэце.

— Сям'я, журналістыка, бізнес... Як усё паспяваеце?

— У мяне не фіксаваная праца «з дзевяці раніцы да шасці вечара», яна аддаленая. З нашай сям'ёй мы жывём за горадам, на нейкія сустрэчы, мерапрыемствы выязджаю ў горад, займаюся важнымі справамі. Калі заканчвала ўніверсітэт, у галаве было: «Працаваць — значыць сядзець у офісе, выконваць даручэнні кіраўніцтва». А цяпер разумею, што рабіць гэта можна ў любым месцы: у машыне, у кавярні, дома.

Але магу сказаць, што да такога ўсведамлення прыйшла не адразу. На пачатку мацярынства я ўставала ў пяць гадзін раніцы, гатавала, збірала дзяцей, збіралася сама, адвозіла іх па напрамках, спяшалася на планёрку. А ўвечары ўсіх забірала, рабіла з дзецьмі ўрокі. У хуткім часе адчула эмацыянальнае выгаранне. Ператварылася ў чалавека-функцыю, таму вырашыла змяніць жыццё так, каб было добра і мне, і маім родным. Зараз мой унутраны стан знаходзіцца ў гармоніі, адчуваю сябе шчаслівай.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Паспець усё і нават больш

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.