Вы тут

Спірыдон Собаль. Жыццёвы шлях


Ён усё жыццё нёс людзям асвету. Сам сябе Спірыдон Собаль называў «друкаром пісанняў боскіх». Друкаваў ён кнігі, навучаў дзетак і бачыў у гэтым сваё пакліканне.


Сын магілёўскага бурмістра Багдана Собаля быў актыўным сябрам Магілёўскага праваслаўнага брацтва. Ён валодаў грэчаскай, лацінскай і нямецкай мовамі, меў вялікія веды і шчодра дзяліўся імі. Быў «ректором школы Могилевское». Вучыў ён — вучыўся і сам. Школа дала Спірыдону Собалю багаты досвед настаўніцтва, і ён выпрацаваў сваю методыку навучання дзяцей грамаце, што, зрэшты, і спатрэбілася яму ў асветніцкай дзейнасці.

Пасля 1624 года Собаль пераехаў у Кіеў, дзе таксама ўзначаліў школку праваслаўнага брацтва. Аднак Спірыдону хацелася большага — друкавання «писаний божественных». Собаль заснаваў друкарню, у якой у 1628 годзе і выдаў сваю першую кнігу «Лімінар, сірэч кветнік» візантыйскага пісьменніка Яна Мосха. Гэта быў зборнік маральна-павучальных апавяданняў, перакладзены на царкоўнаславянскую мову.

За два гады працы ў сваёй кіеўскай друкарні Собаль выдаў яшчэ некалькі кніг, сярод якіх і «Апостал». У 1630 годзе Спірыдон Собаль па запрашэнні мсціслаўскага кашталяна Багдана Статкевіча ўзначаліў друкарню ў Куцеінскім манастыры каля Оршы. Работа ў Куцеінскай друкарні была плённай. Адна за адной выходзілі кнігі: «Псалтыр» (пад назвай «Брашна духоўнае»), «Буквар», «Малітвы паўсядзённыя» (1631 год), «Часаслоў» (1632 год). Пэўна, галоўнай для сябе кнігай Собаль лічыў «Буквар», у якім ён выкарыстаў сваю методыку «учения детям начинающим чтению» — простую для авалодання граматай. Методыку Собаля выкарыстаў маскоўскі друкар Васіль Бурцаў, які ўслед за беларускім асветнікам назваў сваю граматыку «Букваром». Так гэтая назва з цягам часу замацавалася за падручнікамі па граматыцы. Такім чынам, Спірыдон Собаль як бы стаў «хросным бацькам» буквара.

Для беларускага асветніка важна было і выхаванне дзяцей у хрысціянскім духу, таму ў «Буквар» ён уключыў найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры і малітвы.

Спірыдон Собаль добра разумеў значэнне друкарскага станка для пашырэння асветы і адукацыі народа. Друкар жадаў пашыраць друкарню і выдаваць шмат «знаметных книг». Аднак з-за недахопу сродкаў ён мусіў перавыдаваць свае ранейшыя кнігі. У 1635 годзе Собаль заснаваў друкарню ў Буйнічах, дзе выдаў «Псалтыр». А пасля перабраўся ў родны Магілёў. Тут у 1636 годзе Собаль перавыдаў свой «Буквар языка словеньска», значна перапрацаваны і ўдасканалены «Псалтыр» (1637 год) і «Тастамент» (1638 год). Гэта былі апошнія выдадзеныя Спірыдонам Собалем кнігі.

Нешта не заладзілася ў Собаля ў Магілёве, і ён вырашыў перанесці сваю дзейнасць у Маскву. Як яму здавалася, там ён мог зрабіць шмат. У 1637 годзе Спірыдон Собаль разам з магілёўскімі купцамі пабываў у Маскве. Ён сустрэўся з маскоўскім друкаром Васілём Бурцавым. Той не толькі прызнаў высокае майстэрства беларускага друкара, але і набыў у яго друкарскія прылады. Акрылены надзеямі на лепшае, Спірыдон Собаль вярнуўся ў Магілёў, распрадаў сваю маёмасць і адправіўся ў Маскву. Навучаць «словалитному делу» маскоўскіх друкароў, скласці такія патрэбныя слоўнікі лацінскай, нямецкай і грэчаскай моў. Як гэта часта бывае — шчырыя памкненні падзвіжніка разбіваюцца аб глухую сцяну абыякавасці, а то і звычайнай боязі новага... Так здарылася і з Собалем. Друкара затрымалі ў Вязьме для вырашэння яго лёсу. Цару Міхаілу Фёдаравічу паведамілі аб жаданні магілёўскага друкара перакладаць на рускую мову «богоносныя» кнігі і навучаць дзяцей грэчаскай, лацінскай і польскай «писмени». Ды і сам Собаль пісаў цару чалабітную з просьбай дазволу «издавати и прочая книги божесвенныя, душеполезныя и языка научити ся или толмачити». Спірыдон Собаль прапаноўваў цэлую асветніцкую праграму: кнігадрукаванне, пераклад кніг, стварэнне школы для навучання дзяцей замежным мовам. Разам з Собалем ехалі і «паспешнікі»-паплечнікі яго асветніцкай дзейнасці. Можна ўявіць маштабы дзейнасці Собаля: у спрыяльных умовах ён мог стварыць сапраўдны культурна-асветніцкі цэнтр у Маскве.

Нарэшце ў Вязьму прыйшоў загад: «Государь указал того могилевца Спиридона Собаля из Вязьмы отпустить назад у Литву, а в Москву его отпущать не велел, чтоб в его ученья и в книгах смуты не было... и от него б, Спиридона, какая ересь не объявилась». Са скрухай Спірыдон прызнаўся: «О сих ответу не прием, по смотрению Божию, нужди настоящаго дела моего печатного возвратихся к себе». Расчараванне было такое вялікае, што Собаль сыходзіць ад свецкай мітусні ў Кіева-Пячэрскі манастыр і прымае манаства.

Славу асветніка неслі па свеце яго выданні. З далёкай Валахіі ў 1645 годзе да былога друкара прыйшло запрашэнне друкаваць там кнігі. Зноў можна было жыць сваім пакліканнем. Немалады ўжо Собаль сабраўся ў дарогу. Толькі дарога была апошняй. У канцы таго ж 1645 года Спірыдон Собаль «печатник писаний божественных» памёр.

Шкада апантаных людзей, якія не змаглі ажыццявіць напоўніцу свае добрыя і патрэбныя намеры. Гэта не загублены талент — гэта згублены ў часе талент, які абавязкова адкрыюць іншыя. Калі талент і маленькі — ён камусьці спатрэбіцца. А на «Букварах» Спірыдона Собаля ўзгадавалася некалькі пакаленняў, і паводле яго методыкі навучаюць граматыцы і цяпер. Дык, што ні кажы, усё ж увасобіў ён свой талент высока і годна.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».