Вы тут

«Краязнаўчая прэзентацыя першага Года малой радзімы» прайшла ў Мінску


Краязнаўства — справа апантаных. Ім займаюцца тыя, хто насамрэч любіць сваю родную мясцовасць і гатовы ўкласці сілы і час у тое, каб лепш зразумець, адчуць, даведацца, што ўяўляе сабой аб'ект гэтай любові. «Краязнаўчая прэзентацыя першага Года малой радзімы», якая гэтымі днямі прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, сабрала разам такіх неабыякавых людзей, з іскрынкай у вачах, з сапраўдным агнём даследчыка ў душы. Адметна і тое, што гэты год — толькі першы. Следам за ім будзе яшчэ два гады, афіцыйна прысвечаныя малой радзіме.


— Без чалавека, без апантанай асобы, якая займаецца краязнаўствам, яно не было б на такім узроўні, як сёння, — мяркуе адзін з вядучых краязнаўчай прэзентацыі, дырэктар  галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. — Шкада, што выдатныя вынікі такой працы не ўсе разумеюць і бачаць. Выдатна і тое, што кожны з нас лічыць сваю малую радзіму самай прыгожай... Дзякуй усім, хто вывучае родную мясцовасць, папулярызуе веды пра яе, і тым самым робіць нашу краіну яшчэ лепшай.

Прысутныя не толькі падводзілі вынікі года, які прайшоў. Многае ўжо цяпер планавалася наперад. Так старшыня «Беларускага фонду культуры» Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ падзяліўся сваімі планамі:

— Краязнаўцы адкрываюць для нас многія малавядомыя рэчы, выклікаюць сапраўднае захапленне. А далей усё залежыць ад кожнага чалавека — як далёка мы пойдзем у далейшым вывучэнні, ці наведаем месца. Будзем уносіць прапановы аб правядзенні ў наступным годзе Рэспубліканскай краязнаўчай канферэнцыі. Мы да гэтага гатовы, ёсць дастаткова зацікаўленых людзей, можна падрыхтаваць дзясяткі цікавых дакладаў — і зрабіць гэта публічна, шырока. А на канферэнцыі яшчэ раз вярнуцца да даўняй ідэі Рэспубліканскага краязнаўчага таварыства. Ёсць і іншыя думкі, якія варта было б зноў агучыць — гэта аднаўленне і працяг унікальнага навукова-даследчага выдавецкага праекта «Памяць». Дзякуючы яму былі напісаны гістарычныя даведнікі аб усіх раёнах нашай краіны. Але сёння, мы ўпэўнены, застаецца яшчэ шмат белых плямаў, якія выявіліся дзякуючы краязнаўчай дзейнасці. Ёсць шмат новых цікавых гістарычных фактаў, якія патрабуюць асэнсавання і, самае галоўнае, захавання для гісторыі. Таксама мяркую, што ў Нацыянальнай бібліятэцы трэба зрабіць паўнавартасны фонд краязнаўчай літаратуры. Бо тое, што захоўваецца ў фондах бібліятэкі, — толькі частка таго, што выдалі краязнаўцы. А іх кнігі насамрэч з'яўляюцца вельмі карыснымі для даследчыкаў і навукоўцаў. Праз стварэнне такога фонду будзе фарміравацца больш поўная палітра краязнаўчай дзейнасці ў нашай краіне. Хачу звярнуць увагу, што нам трэба вельмі ашчадна ставіцца да тых вёсак, сяліб, якія знікаюць. Бо сапраўды многія з іх зносяцца бульдозерамі. А разам з імі прападаюць і ўнікальныя экспанаты, якія з'яўляюцца незваротнымі. Здавалася б, самая лепшая крыніца для фарміравання фондаў краязнаўчых музеяў — гэта даследаванне такіх будынкаў, якія разбураюцца і не маюць гаспадароў — гэта трэба даказваць і ў сябе на месцах, і на ўзроўні рэспублікі. Наша гісторыя нашмат больш багатая, чым мы сёння ўяўляем.

Краязнаўства, памяць пра сваю малую радзіму — яно і ў гаворках, агульных успамінах блізкіх людзей ці цяпер ужо проста знаёмых. Памяць ажывае, калі ёсць той, хто памятае. Пра гэта расказаў галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Гілеп:

— Мы, магчыма, забылі тыя фэсты, якія раней былі ў кожнай вёсцы. На маёй малой радзіме ў Капыльскім раёне таксама ладзіўся такі фэст. Гэта быў дзень
12 верасня, калі ў вёску з'язджаліся ўсе родзічы. Пазней такія зборы забаранілі. Сёння трэба аднавіць гэтую традыцыю, вярнуцца да сходкі людзей, каб мы не забывалі адзін аднаго. Я раз на год бываю ў роднай вёсцы: у такія моманты адчуваеш, як людзі хочуць цябе бачыць, і ты іх хочаш бачыць. Нешта мы пачалі забываць гэту векавечную традыцыю беларусаў — пэўна, XXІ стагоддзе накладае свой адбітак. Варта адзначыць, што кожны сельсавет павінен думаць пра тое, што, калі на месцы вёскі і пройдзе бульдозер, там павінен стаяць камень, на якім будуць напісаны прозвішчы людзей гэтай вёскі. Я сваю радню з пачатку XVІІІ стагоддзя ведаю. А прозвішчы жыхароў сваёй вёскі ведаю ўсе — яны захаваліся да сённяшняга дня. Нашы з вамі прозвішчы — гэта самы цікавы помнік для гісторыі. У Год малой радзімы трэба паглыбляцца ў такія тэмы.

Цікавы промысел на сваёй Бацькаўшчыне апантана адраджае Іван Восіпаў. Ён нават аграсядзібе даў адпаведную арыгінальную назву — «Братэрства босых бортнікаў»...

— Дваццаць гадоў я займаюся вывучэннем не толькі тэмы бортніцтва, але і сваёй роднай вёскі, — кажа Восіпаў. — Таксама я вылучыў для сябе такі кірунак, як вывучэнне лакальнай культуры — гэта ўсё тое, што датычыцца самой вёскі, яе адносін з іншымі рэгіёнамі. За гэты час было назбірана шмат матэрыялу. Пакуль я пішу адну кнігу: ужо назбіраны звесткі пра тую нематэрыяльную спадчыну, якая існавала раней, існуе зараз, захоўваецца носьбітамі... У дзяцінстве я жыў і працаваў у вёсцы з бабуляй і дзядулем — і кароў пасвіў, і сена зграбаў, і шмат іншага рабіў. Таму вырашыў сабраць звесткі пра вясковы лад — для тых, хто жыў там раней, цяпер жыве ці будзе жыць! І данесці свой пасыл калі не да ўсіх, то да тых, хто звязаны з гэтым месцам. Зараз я раблю кнігу, у якой апісаў метады здабычы рыбы, мясціны, дзе можна гэта зрабіць, прылады, якімі можна карыстацца. Я займаўся гэтым разам з дзедам і бацькам, калі быў малы, — для традыцыйнай вёскі звычайная справа. Аднак акрамя краязнаўча-этнаграфічнай працы я ўжо 12 гадоў вывучаю і папулярызую дагэтуль мала вядомы промысел бортніцтва. Гэта форма пчалярства, а таксама людзі, якія ім займаюцца, асяроддзе. Гэты высакародны промысел захаваўся дзякуючы падыходам мясцовага чалавека да сваёй справы, бо бортніцтва немагчыма перанесці ў іншы рэгіён. Гэты промысел звязвае чалавека са сваім асяроддзем і краем. Бортнікі ведаюць усё — дзе расце пэўная расліна, дзе жыў той ці іншы звер, дзе ён прабягаў. Таксама трэба ведаць і адчуваць паводзіны кожнай істоты. І таксама разумець з'явы прыроды, якія з'яўляюцца станоўчымі ці адмоўнымі для гэтага промыслу: калі яны адбываюцца — што прыносяць з сабой. Натуральна, што папулярызацыя такіх спецыфічных промыслаў — даволі складаная справа, хоць і цікавая.

Яшчэ шмат надзвычай цікавых дакладаў гучала на краязнаўчай прэзентацыі. Аднак хіба змесціш іх усе ў адным артыкуле? Кожны раён багаты, асаблівы па-свойму. Калі мы будзем глядзець на свет раскрытымі вачыма, пабачым яшчэ шмат чаго цікавага.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Каб мы не забывалі адзін аднаго».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.