Вы тут

Ці можна выкарыстоўваць у назве фірмы назву геаграфічнага аб'екта?


Я прадпрымальнік. Некалькі гадоў працую на раённым рэчавым рынку. Надумаўся арганізаваць невялікую ўласную фірму і хачу назваць яе гэтаксама, як вёску, дзе нарадзіўся. Аднак мясцовыя ўлады кажуць, што выкарыстоўваць найменне геаграфічнага аб'екта ў назве кампаніі нельга. А калі і можна, то гэта прывілея толькі дзяржаўных юрыдычных асоб. Ці так гэта насамрэч?


Валянцін, г. Івацэвічы.

На пытанне адказвае Сяргей ЕЛІСЕЕЎ, юрыст:

— Хутчэй за ўсё супрацоўнік упаўнаважанага органа вашага раёна, з якім вы павінны ўзгадніць меркаваную назву, не мае права адмовіць вам у выкарыстанні ў найменні фірмы назвы вёскі, дзе вы нарадзіліся. За рэдкім выключэннем, назвы геаграфічных аб'ектаў дазваляецца свабодна выкарыстоўваць у найменнях юрыдычных асоб любых формаў уласнасці. Аднак пры гэтым павінны быць вытрыманы ўсе патрабаванні працэдуры ўзгаднення назваў камерцыйных і некамерцыйных арганізацый.

Дазвол на выкарыстанне

Згодна з п. 12 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.01.2009 года № 1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання» (далей — Палажэнне), уласнік маёмасці, заснавальнікі (удзельнікі) ствараемай камерцыйнай або некамерцыйнай арганізацыі павінны ўзгадніць найменне арганізацыі з органам, што праводзіць рэгістрацыю, перш чым падаць у яго дакументы, прадугледжаныя Палажэннем, для дзяржаўнай рэгістрацыі.

Ва ўпаўнаважаны орган неабходна прадставіць наступныя дакументы:

- заяву па форме;

- копію дакумента, які пацвярджае ва ўстаноўленым парадку паўнамоцтвы заяўніка, у выпадку падачы дакументаў прадстаўнікамі юрыдычнай або фізічнай асобы, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае;

- пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу;

- дазвол на выкарыстанне прозвішчаў, псеўданімаў вядомых асоб або выкарыстанне найменняў у выпадках, устаноўленых заканадаўствам.

Прававымі нормамі прадугледжана, што заяўнік можа прапанаваць адзін або некалькі варыянтаў назвы юрыдычнай асобы. Узгадняюцца варыяцыі ў той чарговасці, як яны былі пазначаны ў заяве, да першай назвы, якая адпавядае патрабаванням, устаноўленым заканадаўствам.

Упаўнаважаны супрацоўнік органа, што праводзіць рэгістрацыю, можа ўзгадніць прапанаваны заяўнікам варыянт наймення юрыдычнай асобы наступным чынам:

- пры асабістым звароце ў орган, што праводзіць рэгістрацыю, — у прысутнасці заяўніка ў дзень звароту;

- пры прадстаўленні дакументаў па пошце — цягам двух працоўных дзён з даты паступлення заявы;

- пры адпраўцы дакументаў у электронным выглядзе — не пазней наступнага рабочага дня з даты накіравання заявы.

Звяртаю вашу ўвагу на выпадкі, калі найменне юрыдычнай асобы нельга ўзгадніць.

Назва юрыдычнай асобы супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, у тым ліку патрабаванням па выкарыстанні найменняў, устаноўленым Міністэрствам юстыцыі.

У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ёсць запісы аб юрыдычных асобах, якія маюць найменні, тоесныя назвам, прапанаваным для ўзгаднення.

У базе даных узгодненых найменняў Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў узгоднены (зарэзерваваны) назвы, тоесныя прапанаваным, і тэрмін іх рэзервавання не скончыўся.

Не прадстаўлены неабходныя для ўзгаднення наймення дакументы або заява аформлена з парушэннем патрабаванняў заканадаўства.

Прапаную падрабязней разгледзець першую падставу для адмаўлення ва ўзгадненні назвы юрыдычнай асобы — калі яна супярэчыць заканадаўству.

Не дапускаецца да ўзгаднення ў якасці найменняў (часткі найменняў) юрыдычных асоб, у прыватнасці, наступнае:

- афіцыйныя назвы дзяржаў, у тым ліку былых (як поўныя, так і скарочаныя), за выключэннем выпадкаў узгаднення назваў юрыдычных асоб, якія ствараюцца па рашэнні дзяржаўных органаў і арганізацый альбо якія ім падпарадкаваны;

- абрэвіятуры арганізацыйна-прававых формаў юрыдычных асоб;

- найменні юрыдычных асоб, якія супадаюць з поўнай або скарочанай назвай дзяржаўных органаў;

- псеўданімы вядомых асоб;

- поўныя і скарочаныя найменні міжнародных і міжурадавых арганізацый;

- назвы, якія змяшчаюць элементы, што могуць выклікаць цяжкасці пры аўтаматызаванай апрацоўцы інфармацыі (знакі, якія не ўваходзяць у стандартны алфавіт, накшталт апострафа, коскі, кропкі, сімвала падкрэслівання, надрадковыя і падрадковыя лічбы і літары і г. д.), за выключэннем выпадкаў, калі выкарыстанне знакаў прыпынку абумоўлена агульнапрынятымі граматычнымі і арфаграфічнымі правіламі беларускай і (або) рускай моў;

- найменні з выкарыстаннем слоў у найвышэйшай ступені параўнання, а таксама назвы, якія дазваляюць пазіцыянаваць гэтую юрыдычную асобу ў якасці лідара пэўнай галіны (сферы дзейнасці) на падставе яе наймення, такія як «найлепшы», «першы», «адзіны» і г. д., у любым родзе, склоне, ліку.

Падкрэслю, што найменне геаграфічнага аб'екта ў назве суб'екта гаспадарання можа выкарыстоўвацца незалежна ад яго месцазнаходжання. Напрыклад, фірма размешчана ў Мінску, а ў назве мае слова «Лагойск».

Адзіны вядомы выпадак, калі найменне геаграфічнага аб'екта не можа свабодна выкарыстоўвацца ў назве юрыдычнай асобы, устаноўлены адпаведным рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Паводле п. 1 яго рашэння назва «Мінск» (і яе вытворныя) выкарыстоўваецца ў рэквізітах прадпрыемстваў і арганізацый толькі па рашэнні Мінгарвыканкама. Аднак і згаданы прыклад не ўтрымлівае забароны на выкарыстанне геаграфічнай назвы «Мінск». Каб ужываць гэтае найменне, неабходна папярэдне звярнуцца ў Мінгарвыканкам для прыняцця апошнім адпаведнага рашэння.

Ірына СІДАРОК

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.