Вы тут

Як асуджаныя рыхтуюцца да жыцця на волі


За 17 гадоў у Беларусі з'явіліся паштаматы і зарадныя станцыі для электрамабіляў. Тавары стала можна заказваць праз інтэрнэт у адзін клік, а разумны гадзіннік купіць па цане звычайнага. Таццяна апошнія 17 гадоў правяла ў месцах пазбаўлення волі і наўрад ці ўмее карыстацца нават самым простым смартфонам і банкаматам. Яна наогул многае прапусціла: і скачок у развіцці тэхналогій, і тое, як яе дзіця скончыла школу.

Зняволеным, якія адбываюць доўгія тэрміны, пасля складана вяртацца да звычайнага жыцця. Работа, дом, сацыяльныя сувязі — усё можа быць страчана. Як праходзіць сацыяльная адаптацыя асуджаных, мы паглядзелі ў папраўчай калоніі-пасяленні № 21, што знаходзіцца ў пасёлку Шубіна Веткаўскага раёна.


«Тут зняволеныя на поўным самазабеспячэнні»

Тут няма калючага дроту, канвою і вартавых сабак. Зняволеныя не носяць адзіную форму: жанчыны могуць хадзіць у звычайных спадніцах, а мужчыны — у джынсах. Яны спакойна шпацыруюць па тэрыторыі і размаўляюць у альтанцы па тэлефоне: пры сабе дазваляюць мець самы просты мабільнік, без камеры і доступу ў інтэрнэт.

Сама калонія больш падобная на інтэрнат — магчыма, таму, што змяшчаецца ў будынку былога санаторыя. Жанчыны жывуць у пакоях па два—чатыры чалавекі, мужчыны — па чатыры—восем. На першым паверсе знаходзіцца агульны душавы пакой і кухня. Адзінае, што нагадвае, што тут заселены не студэнты, а асуджаныя, — таблічкі на ложках, дзе ўказаны артыкул, па якім адбывае пакаранне зняволены. І шэраг строгіх правілаў, па якіх неабходна жыць.

Хтосьці трапіў у калонію-пасяленне за незаконны абарот наркотыкаў, хтосьці за ДТЗ. Але большасць (70 працэнтаў) — за забойства і цяжкія цялесныя пашкоджанні.

— Сюды пераводзяць з іншых папраўчых устаноў асуджаных з доўгімі тэрмінамі (10 гадоў і больш), бо ім неабходна адаптацыя. Ім трэба вучыцца наноў элементарным рэчам — гатаваць самастойна ежу, мыць свае рэчы, зарабляць, размяркоўваць грошы, — расказвае намеснік начальніка па папраўчым працэсе калоніі-пасялення маёр унутранай службы Наталля РАСЛЯКОВА. — Тут зняволеныя на поўным самазабеспячэнні. І за камунальныя паслугі плацяць самі.

Людзі, якія сюды пераводзяцца, праходзяць сур'ёзны адбор. «Не трапляюць тыя, хто можа здзейсніць уцёкі. Тут, як вы бачыце, ніякіх сродкаў аховы — толькі нагляд. Добраахвотна выконваючы правілы, асуджаныя даказваюць, што стаяць на шляху выпраўлення».

Шэсць дзён на тыдзень зняволеныя працуюць (адразу пасля змены яны абавязаны вярнуцца на тэрыторыю калоніі). На работу іх бяруць у асноўным сельгаспрадпрыемствы. Запатрабаваны «пасяленцы» і ў будаўнічых арганізацыях.

— Там, дзе складаныя ўмовы — кароткія тэрміны, важны аб'ект, — працуе наша брыгада (з ліку асуджаных. — Аўт.). Мы на сто працэнтаў упэўнены, што гэтыя людзі змогуць пасля вызвалення зарабляць — навыкі адточаны. Тыя, хто працуе артапедамі ў калгасах (абразае капыты жывёлам), таксама пасля ўладкоўваюцца па гэтай прафесіі, — дзеліцца Наталля Раслякова.

Адукацыя зніжае рызыку паўторных злачынстваў

У верасні ў калоніі стартаваў праект па сацыяльнай адаптацыі асуджаных праз адукацыю і валанцёрства. Па нядзелях — у свой выхадны — яны збіраліся слухаць лекцыі і праходзіць трэнінгі па такіх курсах, як «Валанцёрскі менеджмент», «Школа здароўя», «Правы на кожны дзень». Даведваліся, як спраўляцца з залежнасцю, якія правы і абавязкі прапісаны ў працоўным заканадаўстве і Кодэксе аб шлюбе і сям'і. Зняволеных, напрыклад, вельмі цікавіла тэма наладжвання сацыяльных сувязяў, аднаўлення ў бацькоўскіх правах.

— Асуджаныя стварылі аб'яднанне валанцёраў «Дабрадзея». Яны хочуць прымяняць сябе ў розных кірунках: праводзіць чайныя цырымоніі і ёгу для пенсіянераў, майстар-класы па нарэзцы агародніны, шыць касцюмы для выхаванцаў дзіцячага прытулку, — пералічае куратар праекта, старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Амрыта» Марына ВАРОНІЧ.

Раз на тыдзень зняволеныя ходзяць у дом састарэлых у Шубіна. Прыбіраюцца, вывозяць яго пастаяльцаў на шпацыры, праводзяць у царкву на службу, мыюць, бо санітаркам фізічна цяжка гэта рабіць. Дапамагалі яны і з рамонтам Веткаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Зрабілі там гульнявы і спальны пакоі, падлаталі дах, абсталявалі пляцоўку ў двары.

— У праекце па сацыяльнай адаптацыі ўдзельнічалі 25 чалавек. Але на гэтым не ўсё. Па метадзе «роўны навучае роўнага» яны будуць перадаваць веды іншым асуджаным і некалькі разоў на месяц самі праводзяць заняткі, — дадае Марына Вароніч.

— Мы праводзілі даследаванне ў Беларусі: 80 працэнтаў апытаных у месцах пазбаўлення волі хацелі б атрымліваць адукацыю. Чаму ім гэта важна? Па-першае, каб у будучыні павысіць свае шанцы знайсці работу, па-другое — каб працягваць актыўную разумовую дзейнасць у папраўчых установах, — адзначае Марына МАЛІНІНА, прадстаўнік Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларусі, пры фінансавай падтрымцы якой праводзіўся праект.

Эксперт прыводзіць цікавую статыстыку. У ЗША падлічылі, што рызыка паўторных злачынстваў сярод асуджаных, якія праходзілі навучанне, на 13 працэнтаў ніжэйшая, чым сярод астатніх. На столькі ж павышаюцца іх шанцы на працаўладкаванне пасля вызвалення. А адзін долар, патрачаны на адукацыю зняволеных, дазваляе сэканоміць да пяці долараў на ўтрыманне тых, хто раней адбываў пакаранне.

«Пакуль сядзеў, асвоіў пяць прафесій»

Віталю 38 гадоў. 13 з іх ён правёў у папраўчых установах — за тое, што, напіўшыся, падчас бойкі забіў чалавека.

— Вядома, спачатку не прызнаваў сваёй віны. Трапіўшы пасля прысуду ў калонію ў Оршы (мне далі тэрмін у 16 гадоў), я спадзяваўся, што справу перагледзяць і мне прызначаць больш мяккае пакаранне. Жыў у нейкіх ілюзіях, — успамінае хударлявы мужчына. — Калі ж асэнсаваў, што ў калоніі ён надоўга, патэлефанаваў жонцы, якая засталася з васьмімесячным сынам, і папрасіў не чакаць яго.

У месцах пазбаўлення волі мужчына паспеў асвоіць пяць прафесій — машыніст-качагар кацельных установак, муляр, кравец, зваршчык і сталяр-станочнік.

— Перад ад'ездам у калонію-пасяленне вельмі хваляваўся: я столькі гадоў не займаўся нічым сур'ёзным. Тут я ўладкаваўся муляром у Ветцы. Цяпер ужо працую брыгадзірам. Магу сам выконваць усе работы — ад мантажу фундамента да ўнутранага адстройвання, — не без гонару заўважае Віталь. — Калі ў многіх асуджаных ёсць складанасці з тым, каб пракарміць сябе, то я, дзякуючы сваім рукам, не цярплю нястач. Год таму зарабляў па 300 рублёў, максімум 400, апошнім часам сярэдні заробак — 600—800 рублёў. Частку грошай маме высылаю, бо яна ўвесь тэрмін мне дапамагала, кожны месяц пераводжу нейкую суму сыну.

Бадай, самае вялікае ўражанне мужчыны пасля пераводу ў Шубіна — паход у звычайную краму. «Яна была такой вялікай, што я разгубіўся. Мяне за ручку вадзілі, як маленькае дзіця», — усміхаецца.

Віталь нават паспеў другі раз ажаніцца. З новай жонкай ён пазнаёміўся, калі рабіў рамонт у Веткаўскай бальніцы, — жанчына працуе там у аддзяленні рэанімацыі. Разам пара ўжо два гады. Гэтым летам, калі асуджанаму далі водпуск, ён звазіў абранніцу да сябе ў Талачын і павянчаўся.

Пытаюся, дзе ён будзе жыць пасля вызвалення. Мужчына апісвае расклад: у жонкі ёсць кватэра ў Ветцы, у яго — цагляны дом на радзіме, таму без даху над галавой не застанецца.

— Я рады, што ўсё атрымліваецца. У мяне столькі планаў! На рабоце мне прапануюць ісці на завочнае навучанне, каб пасля працаваць прарабам. Хачу яшчэ, каб у мяне з'явілася дачка.

«Гляджу на лёсы маіх сяброў — добрых прыкладаў наогул няма»

Максім — дужы хлопец з Добруша — трапіў у калонію з той жа прычыны, што і Віталь. Таму, што аказаўся за кратамі, не здзівіўся — усё юнацтва ён хуліганіў. «Такі час быў, напэўна, калі гэта лічылася модным», — коратка тлумачыць.

За дзесяць гадоў, што правёў у папраўчых установах, у Максіма было шмат часу ўсё абдумаць.

— Зразумеў, што магчымасцяў памыляцца больш няма. Ведаеш, крыўдна, што выкарыстаў сваё жыццё вось так. Але дзесьці я рады, што пасядзеў. Гляджу, як складваюцца лёсы маіх сяброў — адзін спіўся, другі скалоўся... Добрых прыкладаў наогул не было. Калі чуў навіны з дому, разумеў: я б мог скончыць гэтак жа, — кажа мужчына. — Тут вельмі пачынаеш цаніць блізкіх людзей.

Чаму былыя асуджаныя нярэдка зноў ідуць на злачынства і вяртаюцца за краты? Максім разважае: магчыма, яны адсядзелі год-два і гэта не стала для іх сур'ёзным урокам. «З іншага боку, калі ты адбываеш вялікі тэрмін, ты ўжо не ўяўляеш, што ёсць іншае жыццё, не звязанае з калоніяй. Ты прывыкаеш да гэтых умоў. Спецыяльна стараешся не думаць аб свабодзе, бо гэта перашкаджае — ходзіш тады, як прывід, сумуеш».

Да зняволення хлопец паспеў адвучыцца на электраманцёра. У калоніі ён працуе ў камунальнай гаспадарцы — займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

— Цяпер пачаў думаць аб адукацыі. Але я не вучыўся ў школе як след: з такімі прадметамі, як матэматыка, фізіка, хімія, у мяне наогул правал. Трэба садзіцца за падручнікі першага класа — не ўпэўнены, што магу столькі часу патраціць на вучобу, — не можа вызначыцца Максім.

За забойства падчас бойкі хлопцу далі 12 гадоў, але ён спадзяецца выйсці раней: у снежні адбудзецца пасяджэнне камісіі, якая вырашыць, ці можна перавесці асуджанага на хатнюю «хімію».

— Скажу так: у многіх, хто адбывае пакаранне, ёсць сваякі, якія рыхтуюць глебу, каб табе было дзе жыць і працаваць. Іншае пытанне, што не ўсе планы, якія прыдумваюць для цябе родныя, ты падзяляеш. Мне вось сям'я знайшла работу на лесапавале.

— І ты не прымаеш гэтага?

— Прымаю — а што мне застаецца? Я паспеў нафантазіраваць, але разумею, што на волі ўсё больш складана. А на лесапавале хоць грошы буду атрымліваць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, Веткаўскі раён

Загаловак у газеце: «Тут зня­во­ле­ныя на поў­ным са­ма­за­бес­пя­чэн­ні»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».