Вы тут

За 11 месяцаў у міліцыю паступіла 11 ілжывых паведамленняў аб небяспецы


Аператыўна-дзяжурная служба нясе велізарную нагрузку. Ад насельніцтва прымаюцца літаральна ўсе званкі, і на кожны з іх вынікае пэўнае дзеянне.


А колькі такіх званкоў паступае ўсяго? Наколькі яны ўсе значныя? І ці такімі бяскрыўднымі бываюць ілжывыя выклікі?

Па словах намесніка начальніка УАДС МУС палкоўніка міліцыі Дзяніса Шукіса, за 11 месяцаў 2018 года ў аператыўна-дзяжурныя службы УУС паступіла больш за 1,5 мільёна заяў і паведамленняў.

— Не па кампетэнцыі міліцыі паступае каля 10 працэнтаў паведамленняў, — кажа Дзяніс Сяргеевіч. — Напрыклад, не працуе святлафор (перадаём інфармацыю ў СМЭП), адкрытыя люкі — перадаём інфармацыю ў службу 115.

У буйных населеных пунктах найбольш часта паступаюць паведамленні па лініі ДАІ (ДТЗ, парушэнні правілаў паркоўкі і стаянкі), асабліва ў час пік. У летні перыяд у населеных пунктах паступае больш аб тым, што ў двары кампаніі распіваюць спіртное, шумяць, гучна слухаюць музыку, тады як у зімовы яны здараюцца радзей.

Заведама лжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху, падпале ці іншых дзеяннях, якія ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей, спараджае страх, нервовасць і сацыяльную напружанасць. У сувязі з пошукам і магчымым абясшкоджваннем выбуховых, хімічных і іншых рэчываў адцягваюцца вялікія сілы і сродкі падраздзяленняў і службаў МУС, МНС, а таксама органаў улады і кіравання. Такія паведамленні дэстабілізуюць абстаноўку ў рэгіёнах, цягнуць парушэнне рытму працы прадпрыемстваў, устаноў, службаў жыццезабеспячэння, нярэдка выклікаюць неабходнасць эвакуацыі рабочых, служачых, навучэнцаў, насельніцтва з жылых памяшканняў, якія знаходзяцца побач.

Як правіла, у злачынцаў дамінуюць матывы помсты альбо хуліганскія матывы. Таксама на «подзвігі» штурхае элементарнае глупства, алкаголь, розныя парушэнні псіхічнага здароўя. Мэтамі заведама лжывага паведамлення аб небяспецы ў асноўным з'яўляюцца: зрыў масавых мерапрыемстваў; спыненне работы ўстаноў і прадпрыемстваў; дастаўленне клопатаў асобам, з якімі вінаватыя знаходзяцца ў непрыязных адносінах; зрыў вучэбна-выхаваўчага працэсу ў навучальных установах.

У аператыўна-дзяжурныя службы органаў унутраных спраў паступаюць званкі аб мініраванні вакзалаў, навучальных устаноў, адміністрацыйных будынкаў, жылых дамоў і іншых месцаў грамадскага карыстання.

Усяго сёлета за 11 месяцаў зарэгістравана 19 ілжывых паведамленняў аб небяспецы: у Мінску — 7, у Мінскай вобласці — 3, у Брэсце — 2, у Гродне — 2, у Гомельскай вобласці — 1, у Магілёўскай вобласці — 1, у Віцебскай вобласці — 3.

Толькі за мінулы перыяд бягучага года па артыкуле 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (заведама лжывае паведамленне аб небяспецы) прыцягнутыя да адказнасці 15 чалавек, не лічачы людзей, да якіх ужыты прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Адказнасць за такую правіну надыходзіць з 14 гадоў і прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

Неабходна падкрэсліць, што за дзіцячыя свавольствы расплачваюцца дарослыя. Калі падлетку, які паведаміў аб ілжывым мініраванні, не споўнілася 14 гадоў, надыходзіць адміністрацыйная адказнасць бацькоў, а самога «жартаўніка» ставяць на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Зараз органы ўнутраных спраў аснашчаны цэлым комплексам тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць у самыя кароткія тэрміны ўстанавіць асобу, якая здзейсніла лжывае паведамленне аб небяспецы, і прыцягнуць яе да ўстаноўленай законам адказнасці. Практыка паказвае, што раскрывальнасць правапарушэння — каля 87,5 працэнта.

Таму перш чым «пажартаваць», заўсёды неабходна памятаць аб немінучых наступствах і дакладна ведаць мяжу, за якой ужо будзе не да жартаў.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».