Вы тут

Святло ў снежаньскай цемры


Чамусьці заўсёды менавіта вечарам перад каталіцкімі Калядамі ў нашай вёсцы знікала святло. Ці то прычына ў мяцеліцы, якая ў гэты час любіла разгуляцца і закручвала-рвала правады дзесьці ў чыстым полі, ці то нейкі жартаўнік спецыяльна абясточваў вёску з нейкіх сваіх меркаванняў, ці то так проста задумана было — каб вячэралі ўсёй сям'ёй пры святле газавай лямпы, каб таямніча паблісквала ў кутку дожджыкам ёлка, каб не знікалі пад яркай электрычнасцю чароўнасць і незвычайнасць гэтага вечара. Ад якога сапраўды чакаў нейкіх цудаў, які быў поўны дзівоснымі прыгодамі, што і праз гады згадваюцца нейкім суцэльным адчуваннем бесклапотнага шчасця.


Праўда, варта сказаць, што нашы тагачасныя калядныя прыгоды з пункту гледжання дарослага чалавека назваць зусім бяскрыўднымі можна з вялікай нацяжкай. Дый да свята Божага Нараджэння і да ўласна калядавання яны мелі адносіны абсалютна ўмоўныя — проста была нагода сабрацца разам і, як кажа сучасная моладзь, «патусіць». Але «тусілі» арганізавана і нават са спробай выканання нейкіх спрадвечных традыцый.

Пакуль старэйшыя яшчэ засядалі за перадкаляднай вячэрай (у нашай каталіцкай мясцовасці да святкавання з ахвотай далучаліся і праваслаўныя, і перакананыя атэісты), мы ішлі варажыць. Звычайна рабілі гэта ў Мірановічавай хаце: двое іхніх дзяўчат-пагодак былі ў нашым хаўрусе. Гаспадыня цётка Ядзя напякала для гэтай мэты міску посных аладак, кожны браў сабе па адной. У хату з сенцаў упускалі Пузыра — сабаку, які, папярэдне добра накормлены (так патрабавала варажба), вельмі нават сваёй мянушцы адпавядаў. Аладкі клаліся перад Пузыром на падлогу: чыю з'есць першую — тая замуж выйдзе раней. Чыю нават не панюхае — так у дзеўках і застанецца. Сыты сабака ляніва пазіраў на не вельмі апетытны пачастунак і імкнуўся выскачыць у сенцы. Яго лавілі на выхадзе, за шкірку зноў падводзілі да аладак. З пакутлівым выглядам ён браў адну ў рот, пакаштаваўшы, выплёўваў. «Значыць, нейкі пажуе цябе ды выплюне», — чуўся вердыкт кагосьці з дарослых. Ахвяра сабачай абкормленасці ледзь не плакала, астатнія хуценька падымалі з падлогі свае аладкі, радуючыся, што іх мінавала такая незайздросная доля...

Праз нейкае імгненне ўсе і пра сабаку, і пра тое, што ён напрарочыў, забываліся і несліся натоўпам на вуліцу — абдымаць штыкеты ў плоце, цягнуць паленні з дрывотні (калі парная колькасць штыкет — будзеш у пары, якое палена выцягнеш — такога і кавалера займееш: тоўстага ці худога, роўнага ці крывога). Асабліва цікавым было кіданне ботаў з нагі над страхой хаты (у якім кірунку нос бота ляжа, у той бок і замуж пойдзеш). Каторыя недаляталі, каторыя пераляталі, і даводзілася шукаць іх упоцемку на заснежаным агародзе, і ўжо зусім не да таго было, у які бок той нос глядзіць. Адзін ці два боцікі абавязкова прызямляліся проста на страху, і тады надыходзіла чарга хлопцаў праяўляць свой спрыт, а то і сімпатыю да гаспадыні абутку...

Хлопцы, якіх у нашай кампаніі было нямала, да варажбы не прычыняліся, у іх быў іншы клопат — прыдумаць штосьці такое, што ў вёсцы надоўга запомніцца, пра што будуць пасля казаць. Дзяўчаты да такога дробнага шкодніцтва далучаліся з радасцю. Зняць і знесці брамку — гэта банальна. А вось падперці ёй дзверы ў галоўнай вясковай пляткаркі — сама тое. Ці брыкетам, выцягнутым з найбліжэйшай павеці, выкласці на ўсю вуліцу вялізнае: «З Калядамі!». У апошнія свае школьныя прыгоды, у 11-м класе, хлопцы звялі з-пад носа ў саўгаснага вартаўніка, які спаў у сене, насвяткаваўшыся, запрэжанага ў сані каня, і мы ўсёй кампаніяй паехалі катацца па суседніх вёсках, рагочучы, гарлаючы песні, і нават звезлі з сабой нашу маладую настаўніцу фізікі (кантрольную, запланаваную на заўтра, яна адмяніла)... Дарослыя ставіліся да нашых прыгод паблажліва, толькі раніцай чулася праз сон: «Васілеўна, спытайце ў Алёны, дзе мая брамка...» Але хто ж выдае яўкі і паролі? Даводзілася накрывацца коўдрай з галавой, а потым, улучыўшы момант, імгненна выскокваць з хаты з крыкам: «Мне раней у школу трэба!»...

 Пішу гэта, успамінаю, а па сэрцы бы нечая пяшчотная рука гладзіць. І вось пра што думаецца. Малая радзіма — гэта не каліна ў двары, не крыніца за агародамі, не хата, якая стаіць зімой настылая і гадае, ці ажыве вясной. Не буслянка над домам, не дзверы роднай хаты, у якіх «клямка пальцы пячэ балюча», нават не самыя родныя людзі, якія, калі надыходзіць іх час, нас пакідаюць. Малая радзіма — гэта мы самі. Нашы пачуцці, нашы ўспаміны, наша сэрца, дзе ў кожным куточку — людзі, рэчы, словы, дотыкі, пахі з ёй звязаныя. Кожны носіць яе з сабой. Нават калі здаецца, што гасне астатняе святло, яна кволым агеньчыкам ратуе нас ад забыцця, дае нам знак, што мы жывыя...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?