Вы тут

1000 тон макулатуры за два месяцы сабралі школьнікі Беларусі


З верасня па лістапад падчас акцыі «Макулатура ў перапрацоўку. Наш клопат, а не янота» вучні гарадскіх школ сабралі па шэсць кілаграмаў макулатуры, а навучэнцы з сельскай мясцовасці — па 9,5. Арганізатар конкурсу, Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, вызначыў 12 школ-пераможцаў, кожная з якіх атрымае ў падарунак ноўтбук.


З 15 верасня па 10 лістапада 447 устаноў адукацыі па ўсёй Беларусі, якія паўдзельнічалі ў акцыі, сабралі 1163 тоны паперы і кардону. Карысную другасную сыравіну перадалі арганізацыям-нарыхтоўшчыкам і на папяровыя фабрыкі краіны, якія выкарыстоўваюць макулатуру для вырабу новай паперы.

Дзякуючы сабранаму школьнікамі аб'ёму макулатуры ўдалося выратаваць ад высечкі такую плошчу лесу, што яе б хапіла на чатыры футбольныя палі. А яшчэ з такой колькасці сыравіны можна вырабіць амаль 23 мільёны сшыткаў па 12 аркушаў, запэўніла Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— Каб усе ўдзельнікі конкурсу мелі роўныя магчымасці, пры вызначэнні пераможцаў параўноўваліся аб'ёмы сабранай другаснай сыравіны на аднаго навучэнца. А найлепшыя тры ўстановы, якія здалі найбольшую масу макулатуры ў разліку на аднаго школьніка, вызначаліся ў кожнай з чатырох катэгорый у залежнасці ад колькасці вучняў і месца знаходжання школы: у горадзе ці раёне.

Першае месца ў намінацыі «Найлепшая сельская школа з агульнай колькасцю навучэнцаў да 80 чалавек» заняла Вяжноўская базавая школа Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Яе вучні — бясспрэчныя лідары сярод усіх удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу і найлепшыя — сярод сельскіх школ Беларусі. Вынік гэтых школьнікаў — 61,5 кілаграма макулатуры на аднаго вучня.

Найлепшай сельскай школай з агульнай колькасцю навучэнцаў звыш 80 чалавек у адпаведнай намінацыі стаў Пашкоўскі дзіцячы сад — базавая школа Магілёўскага раёна, выхаванцы якога сабралі па 37,4 кілаграма макулатуры на чалавека.

Галоўны прыз у катэгорыі «Найлепшая гарадская школа з агульнай колькасцю навучэнцаў да 800 чалавек» атрымала сярэдняя школа № 9 г. Віцебска. Тут сабралі 20,6 кілаграма макулатуры на аднаго вучня, што зрабіла ўстанову лідарам сярод гарадскіх школ краіны.

Лідар намінацыі «Найлепшая гарадская школа з агульнай колькасцю навучэнцаў больш за 800 чалавек» — гімназія № 1 г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. Яе вучні сабралі 18,5 кілаграма папяровай сыравіны на аднаго школьніка.

Дарэчы, за дзесяць месяцаў сёлета праз сістэму кантэйнернага збору адходаў і пункты нарыхтоўкі другаснай сыравіны сабралі ўжо 291 тысячу тон паперы і кардону, што на 10,5 % больш, чым за такі ж перыяд летась.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.