Вы тут

Названыя новыя стыпендыяты Прэзідэнцкага спартыўнага клуба


У іх лік трапілі маладыя спартсмены (да 25 гадоў), якія на працягу года змаглі аказацца ў васьмёрцы найлепшых на міжнародных спаборніцтвах, а таксама найбольш паспяховыя трэнеры-выкладчыкі.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Усяго сёлета стыпендыю Прэзідэнцкага спартыўнага клуба атрымаюць 253 чалавекі: 209 спартсменаў і 44 трэнеры, гэта прадстаўнікі 35 відаў спорту.

— Спартсмены сёння атрымаюць свае заслужаныя стыпендыі, пераважная большасць гэтых атлетаў ужо паспелі пабываць на п'едэсталах сусветных і еўрапейскіх спаборніцтваў у сваіх узростах, — адзначыў старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка. — Спадзяёмся, на гэтым вы не спыніцеся, і гэтыя поспехі стануць адпраўным пунктам у вашай спартыўнай кар'еры, а не вяршыняй. Мы не сумняваемся, што вы самастойна ставіце перад сабой высокія мэты. Вядома, для вашага прагрэсу неабходна добрая дапамога, гэтым можа стаць стыпендыя Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Для рэалізацыі таленту трэба не толькі ўпарта трэніравацца, але і правільна размяркоўваць гэтыя рэсурсы. Ваш прагрэс і будучы поспех стане ацэнкай не толькі вашых вынікаў, але і нашай работы, памятайце, акрамя стыпендыі ў вас укладаюць старанне яшчэ трэнеры і родныя.

Дарэчы, 67 спартсменаў будуць стыпендыятамі другі год запар. Толькі 13 з іх пагоршылі свае вынікі адносна мінулага года. А вось Яна Шут (більярд), Уладзіслаў Зарубіцкі і Вольга Бадэлька (абодва — шахматы) сталі стыпендыятамі клуба ўжо пяты год запар. Сярод спартсменаў, якія ў 2019 годзе атрымаюць фінансавую падтрымку, ужо ёсць, хоць юныя, але вядомыя атлеты, напрыклад, плыўчыха Настасся Шкурдай, баскетбалісткі Ганна Лапо
і Настасся Сушчык, гімнаст Святаслаў Драніцкі і мастацкая гімнастка Ганна Каменшчыкава, дзюдаіст Арцём Коласаў і іншыя.

— Мне прыемна знаходзіцца ў гэтай атмасферы, прадстаўлены спартсмены з 35 відаў спорту, гэта вельмі шмат, прыемна, што столькі відаў спорту дынамічна развіваецца ў нашай краіне, — падкрэсліў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. — 253 стыпендыяты — гэта таксама вельмі шмат, галоўнае, каб яны перайшлі годна ў дарослы спорт, як многія ўжо паспяхова гэта робяць. Спорт — гэта вялікая праца, таму жадаю вам сіл і цярпення. Дзякуй арганізатарам, цырымонія ўручэння стыпендый праходзіць ужо 13-ы раз. Неабходна падтрымліваць таленавітых людзей, калі мы разам будзем працаваць, мы дасягнём выніку, для нас ён сёння вельмі важны.

Самая вялікая прызначаная стыпендыя на 2019 год — 14 000 рублёў. Мінімальная прызначаная гадавая стыпендыя — 2000 рублёў. Сярэдняя гадавая стыпендыя на 2019 год складае 7487 рублёў. Калі спартсмен быў стыпендыятам у гэтым годзе і паказаў вынік, які дазваляе прэтэндаваць на стыпендыю ў наступным годзе, то яго стыпендыя можа павялічыцца на 10 %, калі спартсмен паказаў аналагічны вынік — і на 20 %, калі дамогся прагрэсу. Трэнеры-выкладчыкі атрымаюць аднолькавую стыпендыю, якая прыкладна адпавядае значэнню сярэдняй стыпендыі спартсменаў на год, — 8000 рублёў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Старт для будучых перамог

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?