Вы тут

Праца над Бібліяй на беларускай мове ўсё яшчэ працягваецца


Беларусы — адзін з першых народаў, які атрымаў Біблію на роднай мове. Францыск Скарына пераклаў яе, калі яшчэ не існавала англамоўных друкаваных выданняў Пісання. Сёння мы маем ужо 18 беларускіх перакладаў Новага Запавету, і гэта без уліку асобных біблейных кніг, якія выйшлі ў свет на нашай мове.

І тым не менш праца над Бібліяй на беларускай мове ўсё яшчэ працягваецца. Ці з'явіцца ў нас адзіны пераклад, які прымуць прадстаўнікі розных канфесій? Як падаваць Біблію сучасным чытачам? Якія тэрміны з яе трэба ўводзіць у беларускія слоўнікі? І на што абапірацца пры стварэнні сучаснага перакладу, калі беларуская мова не задзейнічана не толькі ў царкве, але і ў многіх іншых сферах? Пра гэта адбылася зацікаўленая размова спецыялістаў у Нацыянальнай бібліятэцы.


Біблію чалавецтва ўсё яшчэ працягвае адкрываць, невыпадкова яе назвалі «жывой кнігай». «Практыка іншых краін, дзе Святое Пісанне перакладаецца рэгулярна, паказвае, што чым большая колькасць якасных перакладаў, тым большая магчымасць у спажыўца мовы наблізіцца да разумення Бібліі. Кожны новы пераклад будзе іншы, і гэта чарговы скарб, — заўважае доктар сакральнай тэалогіі, біблеіст Ірына Дубянецкая. — Біблію не трэба перапісваць, яе трэба перачытваць. На маю думку, ідэальны пераклад для ХХІ стагоддзя павінен патлумачыць сучаснаму чытачу тое, што мог зразумець чалавек у старажытныя часы. Для гэтага абавязкова патрэбны каментарыі, важна паспрабаваць актуалізаваць тэкст, які быў напісаны ў першым тысячагоддзі да нашай эры».

Многія даследчыкі ўпэўненыя, што Святое Пісанне трэба перакладаць менавіта з арыгінала, тым больш што людзі, якія валодаюць старажытнымі мовамі, могуць адкрываць новыя словы і іх значэнні. Але, на жаль, сёння старыя мовы не запатрабаваныя, той жа іўрыт перастае выкладацца не толькі ў Беларусі, але і ў многіх замежных універсітэтах. Калі ж пры стварэнні Бібліі па-беларуску выкарыстоўваць ужо існуючыя пераклады, можна не толькі скапіяваць чужыя памылкі, але і нарабіць сваіх. Тым больш што перакладчыкі сутыкнуліся з шэрагам праблем. Напрыклад, ім трэба было вырашаць, як падаць назвы раслін, музычных інструментаў, прадметаў штодзённага побыту, пра якія згадваецца ў «жывой кнізе», але сёння цяжка альбо наогул немагчыма ўявіць, як яны выглядалі.

Пры стварэнні беларускай Бібліі важна максімальна перадаць не толькі яе змест. У кожнага евангеліста непаўторны стыль, свая манера аповеду. Бяспрэчна, каб захаваць жанравыя прыкметы, падаць вершы з «Кнігі кніг», да працы над сучаснымі выданнямі неабходна далучаць і літаратараў, паэтаў. «Трэба максімальна перадаць усё, што ёсць у Бібліі, у тым ліку і яе паэтычнае хараство. Слова Божае не даходзіць да сэрцаў, калі яно не выказана так, як у Бібліі, у адзіна магчымай форме», — упэўнена Галіна Сініла, кандыдат філалагічных навук, прафесар кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ.

Неаднолькавае выкарыстанне рэлігійнай лексікі ў практыцы канфесій нашай краіны прывяло да таго, што сёння нават геаграфічныя назвы і асабовыя імёны падаюцца па-рознаму. Але ці на карысць такія разыходжанні літаратурнай беларускай мове? Ужо не раз падымалася пытанне аб неабходнасці стварэння адзінага для ўсіх перакладу, тым больш што Біблія старэйшая за рэлігіі і канфесіі.

«Калі б мы ўзялі нават пераклады 30-гадовай даўнасці, то казалі б аб «розных мовах», таму што там выкарыстана не толькі іншая лексіка, але і розныя арфаграфічныя і граматычныя традыцыі. Зараз мы ўжо не гаворым пра разнабой у арфаграфіі і граматыцы, усё ж набліжэнне у гэтых адносінах ідзе. Мы маем нарматыўную беларускую мову, — заўважае кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Будзько. — Сёння мы гаворым толькі пра розніцу пры ўжыванні лексем, слоў. Але варыянтнасць у нейкай тэрміналагічнай групе — гэта нармальна, асабліва для моў, якія развіваюцца. Тут важная проста фіксацыя».

Трэба вырашаць і пытанне з тым, як сакральную лексіку падаваць у сучасных лексікаграфічных выданнях. Напрыклад, зараз вядзецца работа над вялікім тлумачальным слоўнікам беларускай мовы. Вучоныя Інстытута мовазнаўства прапанавалі падаваць у ім розныя варыянты з перакладаў біблійных тэкстаў, але пры гэтым выпрацаваць сістэму памет (накшталт «праваслаўнае», «каталіцкае», «пратэстанцкае»), каб было бачна, якая форма ўжываецца ў царкве, а якая ў касцёле.

«Пераклад Слова Божага, які не прызначаны для выкарыстання ў храме, нельга лічыць паўнавартасным у місійным прызначэнні», — упэўнены доктар філалагічных навук, прафесар, член аўтарскага калектыву па перакладзе кніг Бібліі на беларускую мову Іван Чарота. Але Біблія не стане «жывой кнігай», калі яна не дойдзе да чытача па-за царквой. І тут важна, каб беларускі пераклад яе быў даступны, бо, напрыклад, яшчэ пару гадоў таму набыць Біблію на роднай мове было даволі праблематычна.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Святое Пісанне па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».