Вы тут

Культпрастора прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» адкрыла новы творчы дом


Помнік, прататыпам якога паслужыў пісьменнік Уладзімір Караткевіч у юнацтве, стаў неад'емнай часткай культурнай прасторы прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», — новы творчы дом адкрылі напярэдадні 15-годдзя ўстановы.


Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, дырэктар ПЦ «Спамаш» Анжэліна Мікульская і намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч на адкрыцці новай культурнай прасторы.

Насамрэч скульптурная кампазіцыя «Прысвячэнне паэту» работы вядомага майстра Уладзіміра Слабодчыкава з'явілася ў сталічным раёне Асмалоўка яшчэ год таму. За гэты час бронзавы хлопец, падобны да Уладзіміра Караткевіча ў юныя гады, стаў добрым сябрам і крыніцай натхнення для больш чым 60 дзяцей і падлеткаў — столькі іх на сёння займаюцца ў творчых студыях прадзюсарскага цэнтра, дзверы ў які расчыняюцца літаральна праз некалькі крокаў. У чым адметнасць, і чаму гэты аповед не рэклама? Бо гаворка пра той рэдкі выпадак, калі бізнес не на словах, а на справе ўзяў пад крыло мастацтва: і помнік, і ўпісаны ў гістарычны раён сучасны чатырохпавярховы будынак узведзены цалкам за кошт сродкаў кампаніі «Амкадор». І, як сціпла заўважае яе кіраўнік, адзін з самых уплывовых айчынных бізнесменаў Аляксандр Шакуцін, тут усё зроблена для таго, каб не толькі раскрыць дзіцячыя таленты і вырасціць з іх артыстаў як мінімум еўрапейскага ўзроўню, але і каб гэтыя артысты не «ішлі на экспарт», а заставаліся беларускімі і садзейнічалі развіццю нашай культуры.

На адкрыцці новай творчай прасторы прысутнічаў таксама міністр культуры Юрый Бондар, які пажадаў педагогам і выхаванцам прадзюсарскага цэнтра высокага творчага палёту. «Безумоўна, у творчага дома, створанага камандай аднадумцаў, вялікія перспектывы. Тут будуць развівацца таленавітыя дзеці і творчая моладзь, работа з якой будзе весціся на сістэмнай аснове. Цэнтр стане месцам прыцягнення маладых талентаў, якія вырашылі прысвяціць жыццё мастацтву, нашай культуры», — дадаў міністр.

Нагадаем, пустуючую двухпавярхоўку на вуліцы Камуністычнай гарадскія ўлады аддалі пад будынак прадзюсарскага цэнтра яшчэ ў 2014 годзе, аднак тэрміны здачы аб'екта зацягнуліся, бо замест рэканструкцыі давялося фактычна весці будаўніцтва нанова. Летась будынак звонку быў гатовы, але спатрэбіўся яшчэ даволі працяглы час для адпаведнага «начыння», і кропка ў маштабным праекце была пастаўлена толькі сёлета.

Як адзначыла дырэктар цэнтра Анжэліна Мікульская, у Год малой радзімы тут фактычна адбылося перафарматаванне, пераход да новых відаў дзейнасці. «Падобнага цэнтра ў нашай краіне яшчэ не было, таму гэта даволі смелы эксперымент, нягледзячы на багаты вопыт работы. Цяпер у нас будзе поўны цыкл вырошчвання прафесійных артыстаў, пачынаючы ад дзіцячай студыі і заканчваючы гуказапісной, таксама з'явіцца магчымасць рэалізаваць свае творчыя ідэі ў кампазітараў і паэтаў, аранжыроўшчыкаў — магчымасці цэнтра дазваляюць замахвацца на многае». Ужо гэтай восенню «Спамаш», які працуе з 2004 года і раней займаўся раскруткай і падтрымкай толькі некалькіх маладых выканаўцаў (сярод іх у розны час былі, напрыклад, Дарыя, Іван Буслай, Аня Шаркунова, Віталь Гардзей, Герман, Аляксей Грос, Алена Ланская) набраў выхаванцаў у творчыя студыі. Надалей тут плануюць праводзіць кастынгі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і рыхтаваць таленавітых дзяцей да выхаду на вялікую сцэну — а значыць, у нашай краіне нарэшце з'явілася альтэрнатыва Акадэміі эстрады Ігара Крутога і іншым замежным творчым школам.

Аляксандр Шакуцін падтрымаў традыцыю, якую распачалі выхаванцы цэнтра: ідучы на заняткі, паціскаць руку скульптуры. Фота БЕЛТА

На сёння ў прадзюсарскім цэнтры — шэсць падраздзяленняў, сярод якіх студыя мастацтваў Mаlіnоvkа bу Sраmаsh, студыя гуказапісу, рэжысёрская, харэаграфічная... Месца пад сонцам ім усім хапае, бо чатырохпавярховы комплекс уключае класы для заняткаў вакалам і музыкай, харэаграфічную залу, адміністрацыйныя памяшканні і самую сучасную ў краіне гуказапісную студыю. Яе, дарэчы, паспелі ўжо ацаніць такія вядомыя ў музыцы асобы, як Ганс Цымер (кампазітар, аўтар музыкі да папулярных фільмаў, сярод якіх «Піраты Карыбскага мора», «Цёмны рыцар», «Кароль леў» і дзясяткі іншых) і экс-саліст Dеер Рurрlе Джо Лін Цёрнэр, які, дарэчы, рыхтуе сумесную работу з выхаванцамі беларускага прадзюсарскага цэнтра. Акрамя таго, менавіта ў студыі ПЦ «Спамаш» запісваецца песня да цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў, і яго ж каманда рыхтуе цырымонію сустрэчы Агню міру ў рамках Гульняў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Творчасць плюс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

«Разумныя» гарады. Як лiчбавiзацыя зменiць наша жыццё?

«Разумныя» гарады. Як лiчбавiзацыя зменiць наша жыццё?

Наступны этап — стварэнне разумных гарадоў.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.