Вы тут

Сацыяльны ролік пра дзіцячы зрок прадставілі ў Беларусі


У цэнтры ўвагі — дзіцячы зрок

Сацыяльны ролік пра дзіцячы зрок прадставілі ў Беларусі. Забаўнае відэа з удзелам маленькіх беларусаў заклікае своечасова наведваць афтальмолага і знята ў падтрымку праекта «Я бачу!» і акцыі «Рабіць дабро так проста». Ролік з'явіцца ў эфіры буйных рэспубліканскіх і абласных каналаў.


Ся­род ка­рыс­ных для зро­ку пра­дук­таў гар­буз, морк­ва, ва­рэн­не з чар­ніц і гор­кі ша­ка­лад, сельдэрэй і ківі. Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Ён запрашае гледачоў у захапляльны свет дзіцячых фантазій. Елачка з зялёнай «шэрсцю», вушастыя сланы і самалёты, падобныя на сініц, — чаго толькі не ўбачыць дзіця ў звычайнай табліцы для праверкі зроку! Клапаціцца пра тое, каб дзеці маглі распазнаваць у гэтай табліцы як мага больш радкоў і бачыць больш цікавага ў навакольным свеце, і заклікае дарослых праект «Я бачу!».

Яго рэалізуюць Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларускі дзіцячы фонд» і кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя з 2016 года. Сёлета мабільныя брыгады афтальмолагаў працуюць у Брэсцкай вобласці. Да пачатку снежня медыкі паспелі агледзець амаль 11 тысяч дзяцей у школах сямі раёнаў Брэстчыны — Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Маларыцкім, Жабінкаўскім, Камянецкім, Кобрынскім і Пружанскім. Парушэнні зроку былі выяўлены ў 4148 школьнікаў (больш чым у 38 %), з іх у 2653 дзяцей дыягназ устаноўлены ўпершыню. З усіх абследаваных 1300 дзяцей атрымалі рэцэпт на акулярную карэкцыю, 77 накіраваны на дадатковае абследаванне, а 27 — на лячэнне ў стацыянар.

— За тры гады праект «Я бачу!» стаў маштабнай сацыяльнай з'явай, якая прыносіць карысць дзецям. Даныя, якія атрымалі ўрачы за гэты час, канстатуюць, што тэндэнцыя пагаршэння зроку ў дзяцей патрабуе комплекснага падыходу і неадкладнага вырашэння, — кажа намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына ЧАРНЯКОВА. — Прыемна, што праект аб'яднаў намаганні грамадскай арганізацыі, бізнесу і дзяржавы для дапамогі дзецям, і эфект ад яго істотны.

Асаблівая ўвага сёлета дадавалася правільнаму харчаванню. Дзясяткі білбордаў і сіцілайтаў з выявамі карысных для зроку прадуктаў з'явіліся на вуліцах і прыпынках грамадскага транспарту ў Брэсце, Баранавічах, Ганцавічах, Кобрыне, Пружанах, а таксама ў беларускай сталіцы.

Бюджэт праекта «Я бачу!» штогод фарміруецца па выніках дабрачыннай ініцыятывы velcom «Рабіць дабро так проста». Удзельнікам марафону можна стаць і сёлета, дастаткова ў перыяд з 11 да 31 снежня падключыцца на любы з тарыфных планаў лінейкі «Камфорт». Кожнае такое падключэнне прынясе ў скарбонку праекта «Я бачу!» 10 рублёў.

— З 2016 года праект паспеў дапамагчы больш чым 30 тысячам дзяцей практычна з усёй Беларусі, — адзначае начальнік аддзела карпарацыйных камунікацый кампаніі velcom Мікалай Брэдзелеў. — Мы імкнёмся, каб наша ініцыятыва развівалася, а дзеці атрымлівалі сучасную афтальмалагічную дапамогу. І разлічваем на тое, што нашы абаненты і ўсе ўдзельнікі дабрачыннай акцыі «Рабіць дабро так проста» працягнуць традыцыю і дапамогуць сабраць нам як мага большую суму для прадаўжэння праекта.

У 2019 годзе мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў накіруюцца ў сельскія школы раёнаў Віцебскай вобласці, дзе праект працягне сваю работу.

Загаловак у газеце: Я бачу!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.