Вы тут

«Чайна Фрэндлі» і калгас для экспертаў


Турысты з Паднябеснай менш слухаюць і шмат фатаграфуюцца. Іх цікавіць наша прырода, камуністычнае мінулае, лён і шакалад. Кітайцы прывыклі, каб у краіне, якую яны наведваюць, былі каналы на іх роднай мове і хаця б адзін чалавек у гасцініцы, які гаворыць па-кітайску. Як на працягу Года турызму Беларусі ў Кітаі прадстаўнікі айчыннай турыстычнай галіны вучыліся разумець, што такое Паднябесная і як правільна прымаць групы падарожнікаў адтуль, расказалі спецыялісты.


«Чайна Фрэндлі» і калгас для экспертаў

За дзесяць месяцаў сёлета ў нас пабывала ўжо 17 773 чалавекі з Паднябеснай. За гэты ж час амаль на 15 % падрос экспарт турпаслуг: Беларусь зарабіла на кітайцах чатыры мільёны 730 тысяч долараў. Разам з тым мы толькі пачынаем асвойваць сектар кітайскага турызму, хоць пазнавальнасць нашай краіны і цікавасць спажыўцоў з КНР да яе значна ўзраслі, лічыць Алег МІХАЙЛАЎ, дырэктар прадпрыемства «Цэнтркурорт»:

— Сёлета мы пачалі прымаць турыстаў па ўзгодненых з Кітаем графіках. Перш за ўсё іх цікавяць Мінск, Брэст, Белавежская пушча. Па дарозе са сталіцы на Брэст абавязкова паказваем ім Мірскі і Нясвіжскі замкі. У межах «чырвонага» турызму падарожнікаў возяць у музей Вялікай Айчыннай вайны і Дом 1-га з'езда РСДРП. За год мы сустрэлі 28 арганізаваных груп і ўжо атрымалі графікі заказаў на 2019-ы. Сярод такіх заявак — просьба дазволіць кітайскім экспертам наведаць адзін з нашых калгасаў, каб пасля, магчыма, уключыць такі аб'ект у свае паўнацэнныя праграмы.

У красавіку па ініцыятыве пасольства Кітая група прадстаўнікоў айчыннай туріндустрыі выязджала на два тыдні ў Паднябесную, каб на месцы паглыбіцца ў той асяродак і зразумець, як працаваць з кітайцамі, расказаў Віталь ГРЫЦЭВІЧ, намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі:

— Гэта лепш, чым лекцыі, дазволіла ўсвядоміць менталітэт кітайцаў, зразумець, як іх правільна вітаць у Беларусі. Гатэль «Мінск» ужо мае сертыфікат Сhіnа Frіеndlу («Чайна Фрэндлі») — праграмы, на якую, прымаючы кітайскіх турыстаў, арыентуецца ўвесь свет і якая прад'яўляе пэўныя патрабаванні да турыстычнай інфраструктуры, звыклай для кітайцаў. Гэтай жа сістэме, праўда, без сертыфіката, адпавядае гасцінічная сетка «Вікторыя», «Еўропа», «Спадарожнік». Аналаг такога сертыфіката — Vеlсоm Сhіnеsе («Велкам Чайніз») — выдадзены «Краўн Плаза» Міністэрствам культуры і турызму Кітая.

Айчынная інфраструктура па-кітайску

Беларуская інфраструктура таксама «вучыцца» адпавядаць чаканням кітайскіх турыстаў і ў іншых напрамках. Тры банкі краіны — Белгазпрамбанк, Беларусбанк і БПСбанк — ужо прымаюць пластыкавыя карткі з Паднябеснай. 18 гідаў-перакладчыкаў маюць атэстаты, якія дазваляюць ім весці экскурсіі для кітайцаў на іх роднай мове.

На кітайскую мову перакладаюць назвы асноўных турыстычных аб'ектаў. Больш за ўсё, вядома, сталічных, хоць сустракаюцца паказальнікі з кітайскай мовай і ў рэгіёнах. Аўдыягіды на кітайскай ёсць у буйных музеях і замках Беларусі. Усё больш становіцца аб'ектаў з нанесеным на іх QR-кодам, дзякуючы якому ўсходні турыст можа атрымаць інфармацыю пра славутасць на роднай мове. А брашура «50 рэчаў, якія трэба зрабіць у Беларусі» выдаецца ўвогуле на васьмі мовах, у тым ліку і на кітайскай.

— Відэаролік «Беларусь звыш чаканняў» на конкурсе ў Шанхаі ў лістападзе заняў першае месца ў намінацыі на самае прыгожае турыстычнае відэа. На рэгіянальным узроўні падпісаны пагадненні аб пабрацімскіх сувязях з кітайскімі рэгіёнамі, — заўважыў Віталь Грыцэвіч. — Яскравая з'ява гэтага года — падпісанне пагаднення аб бязвізавым наведванні цягам 30 дзён кітайцамі і беларусамі абедзвюх краін. Да нас ужо прыязджаюць кітайцы, якія цікавяцца абсалютна рознымі рэчамі. Гэта не толькі камуністычнае мінулае і гісторыя, але і наша прырода, паляванне. Калі б яшчэ было падпісана пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю аб узаемным прызнанні віз, гэта стала б добрай кропкай для завяршэння Года турызму Беларусі ў Кітаі і дало б магчымасць здзяйсняць камбінаваныя туры і павялічыць паток кітайскіх турыстаў.

Шкляныя чаркі, абутак і сухое малако

Яшчэ ў пачатку 2018-га кітайцы мала што ведалі пра Беларусь. Шчыльная праца і рэклама прывялі да таго, што турысты з Паднябеснай, прыязджаючы да нас, ужо не проста ведаюць, што хочуць паглядзець, а нават патрабуюць адвезці іх у пэўную краму, дзе яны нагледзелі тавар.

Арыентуючыся на патрэбы кітайскіх вандроўнікаў, іх групам абавязкова выдзяляецца дадатковы час на фатаграфаванне на фоне гістарычных аб'ектаў, а інфармацыя падаецца больш сціпла.

А яшчэ кітайцы вельмі любяць купляць. Яны ўважліва вывучаюць асартымент, перш чым прыехаць да нас. Часта просяць адвезці іх у краму, дзе прадаецца «нёманскае» шкло. Набываюць шмат чарачак, фужэраў.

Не менш цікавіць кітайскіх турыстаў беларускі лён, сухое малако і шакалад.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: «Чырвоны» турызм, прырода і шакалад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?