Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


1. Беларус Ілья Шымановіч заваяваў два сярэбраныя медалі — на дыстанцыях 50 і 100 метраў брасам — на чэмпіянаце свету па плаванні на кароткай вадзе, які прайшоў у Ханчжоу (Кітай). У камандным заліку беларусы размясціліся на 14-м радку выніковага пратакола, першае месца заваявалі спартсмены ЗША — у іх на рахунку 16 залатых, 15 сярэбраных і 4 бронзавыя ўзнагароды.


2. Нечакана парадавала айчынных аматараў біятлона жаночая зборная Беларусі. На этапе Кубка свету ў аўстрыйскім Хохфільцэне нашы дзяўчаты ў складзе Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко, Ганны Солы і Ірыны Кручынкінай у эстафеце 4х6 км занялі высокае 5-е месца з 22 камандаў. Перамогу тут атрымала каманда Італіі, Швецыя і Францыя сталі другімі і трэцімі адпаведна. Перад гэтай гонкай прайшла гонка пераследу ў жанчын, у якой Ірына Крыўко, што стартавала шостай (пасля адпаведна занятага высокага месца ў спрынце), заняла 12-е месца, Дзінара Алімбекава фінішавала 37-й. Вынікі мужчынскай часткі нацыянальнай каманды пакуль застаюцца за межамі як ачковай зоны, так і першых пяці дзясяткаў удзельнікаў.

3. Учора ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Барысаўскі БАТЭ на стадыі плэй-оф згуляе з лонданскім «Арсеналам», першы матч пройдзе ў Барысаве 14-га, у адказ у Лондане — 20 лютага. Гэта ўжо другое скрыжаванне за апошнія гады беларускага чэмпіёна з адным з грандаў англійскага і сусветнага футбола, у сезоне 2017/2018 барысаўчане гулялі з «Арсеналам» у групе Н Лігі Еўропы.

4. Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі (U-20) з лікам 1:3 саступіла камандзе Латвіі ў заключным матчы ў дывізіёне І на чэмпіянаце свету ў Фюсэне (Германія). Хакеісты Латвіі ў выніку захавалі прапіску ў другім па значнасці дывізіёне. Выніковае становішча камандаў: Германія — 14 ачкоў (5 матчаў), Беларусь — 9 (5), Нарвегія — 8 (5), Латвія — 6 (5), Аўстрыя — 5 (5), Францыя — 3 (5). Маладзёжная зборная Германіі заняла першае месца і паднялася ў элітны дывізіён, такога ж поспеху ў групе В дабілася каманда Славеніі.

Дарослая нацыянальная зборная заняла трэцяе месца на міжнародным турніры MECA Hockey Games у Нарвегіі. Наша каманда саступіла гаспадарам (1:6), камандзе Францыі (0:1) і разграміла Венгрыю (8:1).

5. Новым старшынёй праўлення ФК БАТЭ са студзеня стане Андрэй Капскі, паведамілі ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1». «Мы максімальна ўсім менеджментам пагружаныя ў працу. Работа і тая справа, якую калісьці пачаў Анатоль Анатолевіч, працягваюцца», — адзначыў Капскі-малодшы. Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі памёр 22 верасня на 53-м годзе жыцця.

6. Арына Сабаленка і Ілья Івашка прызнаныя тэнісістамі года ў Беларусі падчас урачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў сезона нацыянальнай тэніснай федэрацыяй. Сабаленка дамаглася вельмі сур'ёзнага прагрэсу ў адыходзячым 2018-м: перамагла на двух турнірах серыі WTA і ўвайшла ў топ-20 найлепшых гульцоў свету. Ілья Івашка займае найбольш высокае, 92-е, месца ў адзіночным разрадзе рэйтынга ATP сярод беларусаў.

7. Гандбалісткі зборнай Францыі ўпершыню заваявалі залатыя медалі чэмпіянату Еўропы, які завяршыўся ў Парыжы. У фінале гаспадыні турніру з лікам 24:21 адолелі зборную Расіі. А перад фінішам жаночага чэмпіянату Еўропы па гандболе ў Парыжы прайшло лёсаванне накаўт-раўнда кваліфікацыі чэмпіянату свету 2019 года. Зборная Беларусі ў барацьбе за выхад у фінальную стадыю сусветнага першынства сустрэнецца з камандай Нарвегіі. Першы паядынак нашы дзяўчаты згуляюць дома ў перыяд з 31 мая па 2 чэрвеня, паўторны ў Нарвегіі — з 4 па 6 чэрвеня.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».