Вы тут

Пра светлае і цёплае


Пра светлае і цёплае

13 снежня 2018 года блізка ад чыгуначнага вакзала ды яшчэ бліжэй да вялізнага экрана паміж тым самым вакзалам і гандлёвым цэнтрам стаялі мы і чакалі. Мы – гэта я (Дзмітрый Шулюк), Аксана Ючкавіч (рэдактарка паэзіі) і Кацярына Захарэвіч (галоўны рэдактар “Бярозкі”), а чакалі мы маршрутку на Слонім і Аляксандра Каршакевіча (намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”): другога чакалі больш, чым першую, таму і з’явіліся яны наадварот (адразу маршрутка). Але гэта дробязі. Хоць часам менавіта такія дробязі і ствараюць астатняе, галоўнае, задаюць настрой і матыў. У гэты раз таксама. Усё адбывалася хутка, імгненна, часам толькі змяняючыся на ціхае і трапяткое чаканне.

Ехаць у маршрутцы крыху горш, чым у цягніку. У маршрутцы не ўключаюць святло, каб пасажыр мог чытаць, таму прыходзіцца глядзець у вокны, назіраць за гэтай дзіўнай і ўжо нармальнай зімой, вывучаць шыльдачкі і думаць, чаму час ідзе так доўга, чаму мы едзем так доўга, калі стане дастаткова светла, каб без напружання разбіраць літаркі і словы. Але маршрут адрозніваецца ад дарогі тым, што ў яго ёсць пачатак і канец, а дарога можа цягнуцца і цягнуцца. Паказаўся Слонім. Я пачаў чакаць, калі ж мы ўедзем у горад. Толькі Слонім мяне перахітрыў. Ён збудаваны так, што можна ехаць хоць праз увесь горад, а будзе падавацца, што вось далей ён пачнецца больш гарадскі, больш эпатажны. Гэтага эпатажу няма. Ёсць цалкам роўны ў сваёй эстэтыцы горад, і гэта здзіўляе, асабліва ўлічваючы, што гаворка ідзе дакладна не пра маленькі населены пункт, умоўна названы прыгожым вялікім словам.

Вось нарэшце прыпынак “Крама «Спутнік»”, мы вылазім на волю, на паветра, на яшчэ колькі хвілін чакання, калі ж за намі прыйдуць і забяруць у школу (бо месцам нашага назначэння стала менавіта яна – школа №2). Чаканне зноў было мітуслівым і нядоўгім, паспелі пажартаваць з сябе, вызначыць крытэрыі, па якіх нас павінны пазнаць, і ўсяго двойчы паглядзець на гадзіннікі. Прыйшлі. Забралі. Павялі. Школа.

Да школы мы паспелі паглядзець ваколіцы, месцамі пазахапляцца, пасля паглядзелі школу, пазахапляліся (асабліва навагоднімі ўпрыгожваннямі), а пасля зайшлі – і пачалося тое, дзе амаль не заставалася месца не толькі чаканням, а нават паўзам, каб патэлефанаваць дадому і сказаць што-небудзь.

Першай справай у школе нас захапілі ў гукавы палон, то-бок пачалі расказваць, і знаёміць, і інфармаваць удвух і адначасова, а Кацярыну наогул забралі і кудысьці павялі (пасля высветлілася, што на ўрок). Калі мы былі больш-менш дастаткова праінфармаваныя, а верхняя вопратка пакінутая ў распранальні, аказалася, што нас чакае музей, каб мы ў ім чакалі тую ж самую Кацярыну. Калі думаеце, што так усё і адбылося, то памыляецеся. У музеі нас злавіў Васілій Астаф’еў (якога можна было для кароткасці назваць проста краязнаўцам, але гэта я вельмі скарачаю) і пачаў нам расказваць. Шмат-шмат-шмат. За такі маленькі кавалачак часу мы даведаліся пра Слонім больш, чым можа даць любая вікіпедыя. Папярэджваю першы раз: спойлераў не будзе, усё пасля – у часопісе.

Затым вярнулася Кацярына, вярнулася Ірына Яўгенаўна Радзецкая (яна, між іншым, і была тым штуршком, што завёў і распачаў усю гэту паездку, сустрэчу, і таму нясе адказнасць (то-бок заслугоўвае ўдзячнасці) і за тое, што будзе далей), і нас павялі на (прапушчана), а затым у актавую залу.

Не ведаю, што тут распісваць і ці патрэбна пра нашыя выступленні: усё роўна яны ўсе настолькі падобныя, што нічога новага не напішаш, настолькі розныя, што на іх патрэбна прысутнічаць, а не чытаць пасля ў кароткім пераказе. Былі вершы, успаміны, загадкі, прызы, гістарычная (ледзь не) віктарына, чытанне экспромтам тэкстаў 100-гадовай даўніны, пытанні, адказы, шаржы (мяне таксама намалявалі). Ад школы ж былі песні (вельмі цудоўныя), каб разбавіць наша сумнае мармытанне (відавочны сарказм). Спадзяюся, будучых пісьменнікаў пасля гэтай сустрэчы стала больш (і чытачоў), а “Бярозку” дакладна заваляць лістамі, ну і Аляксандр Каршакевіч дакладна атрымаў не адзін дзясятак прыхільнікаў сваёй творчасці.

Але на гэтым не ўсё.

Мы так былі захоплены спевамі, што Ірына Яўгенаўна не стрымалася і павяла нас (хоць патрэбна было спяшацца і ехаць далей (насамрэч, не так ужо і патрэбна)) на трэці паверх у музычны клас, дзе мы сталі сведкамі таго, на апісанне чаго ў мяне не хапае прыметнікаў. Калі коратка, то там дзяўчаты гралі на цымбалах пад акампанемент піяніна. Калі падрабязна, то ў мяне не хапае прыметнікаў, а ў тых, якія пад рукой, не хапае (гм) крутасці, каб выказацца пра пачутае і пабачанае.

Але і на гэтым не ўсё.

Нас упіхнулі ў машыну і павезлі з горада (не ў цёмны лес і не ў багажніку) у Жыровічы да манастыра ў семінарыю. Дзе нас сустрэў айцец Генадзій і абдарыў нас такой колькасцю інфармацыі, што не толькі немагчыма адразу пераварыць, а нават і змясціць у адзін 144-старонкавы часопіс. Расказваў ён настолькі густа і шмат, што мы нават не заўважылі, як падняліся да айца Яўстафія (ён часткова наш калега, бо займаецца ў семінарыі, акрамя іншага, часопісам “Ступени” (часопіс мы атрымалі для азнаямлення і…)), пасля размова стала паўдыялогам, паўманалогам, паўгутаркай, расказана было пра храмы, крыжы, іконы, лёсы. Тройчы мы глядзелі на гадзіннік і ведалі, што вось зараз не паспеем (усё ж такі спойлер: паспелі і нават больш). Айцец Генадзій давёў нас да маршруткі (і яшчэ шмат расказаў на шляху), пасадзіў, і мы павезліся назад у Мінск.

За вокнамі цёмна, у маршрутцы горача, у заплечніку часопіс “Ступени”, месцы побач займаюць дзве жанчыны (вельмі рознага ўзросту) з трыма англамоўнымі дзецьмі. За вокнамі цёмна, у маршрутцы горача, а ўнутры чамусьці светла і цёпла.

Дзмітрый ШУЛЮК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».