Вы тут

Пра няпростыя шляхі ўмацавання дзяржаўнасці 100 гадоў таму


Гісторыя дзяржаўнасці складаецца са знакавых дат і падзей. І калі зазірнуць за кулісы мінулага, можна ўбачыць: тое, што на першы погляд падаецца простым і зразумелым на авансцэне, насамрэч было народжана дзякуючы нястомнай працы і веры ў сваю ідэю тых, хто вырашыў ісці да канца. Многія імёны не будуць запісаны ў летапісы гісторыі, памяць пра іх зробіцца пылам, які проста развеецца па ветры. Аднак сапраўдныя годныя справы перажываюць сваіх стваральнікаў, назаўсёды нешта мяняюць у лепшы бок у нашым свеце. «Але вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў», — так казаў наш класік Уладзімір Караткевіч. Дык давайце на колькі імгненняў спынімся, азірнёмся на сто гадоў назад і паназіраем, як утваралася наша дзяржаўнасць у няпросты час пераломнага пачатку XX стагоддзя.

Першы Усебеларускі з'езд, абвяшчэнне БНР, утварэнне БССР... Менавіта апошняй даце быў прысвечаны круглы стол, арганізаваны Выдавецкім домам «Звязда» сумесна з прэс-цэнтрам Дома прэсы. У ім бралі ўдзел дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Траццяк, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянцін Мазец, навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алена ТРУБЧЫК, загадчык кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Анатоль ВЯЛІКІ. Мадэратарам выступіў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў.


«Аб'явілі, што бяруць уладу ў свае рукі»

Вя­ча­слаў Даніловіч.

Вячаслаў Даніловіч: Шляхі станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці былі вельмі складаныя, рэалізоўваліся няпроста. Дастаткова ўспомніць пра тое, што першым штуршком для яе практычнай рэалізацыі стаў Першы Усебеларускі з'езд, які адбыўся ў снежні 1917 года. Менавіта на ім было прынята рашэнне, што на тэрыторыі беларускіх губерняў павінна быць створана беларуская дзяржаўнасць у федэратыўным саюзе з РСФСР, якая на той час існавала. Іншая справа, што праз пэўны час з'езд разагналі. Далейшы шлях быў даволі складаны, бо мясцовыя савецкія органы ўлады, якія існавалі пасля рэвалюцыі 1917 года ў Беларусі — Абласны выканаўчы камітэт заходняй вобласці і фронту і іншыя, — не жадалі дзяліцца тымі рычагамі ўлады, якія меліся ў іх, з беларускімі нацыянальнымі савецкімі арганізацыямі. І ў выніку, нягледзячы на падтрымку з боку цэнтральнай улады, адразу рэалізаваць той пасыл, які закладваўся на Першым Усебеларускім з'ездзе, не атрымалася. Перамовы бальшавікоў з прадстаўнікамі аўстра-германскага блока ў Брэсце былі сарваныя, дамову не падпісалі, і пачалося імклівае наступленне германскіх войскаў. Варта адзначыць, што, нягледзячы на роспуск з'езда, яго Выканаўчы камітэт працягваў дзейнічаць падпольна. Таму, калі бальшавікі пад пагрозай заняцця немцамі гэтай тэрыторыі былі вымушаны пакінуць Мінск, падпольны выканаўчы камітэт заявіў пра тое, што бярэ ўладу на тэрыторыі Беларусі пад сваё кіраўніцтва. Пад германскай акупацыяй адбылося абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Фактычна яно было рэакцыяй на несправядлівы Брэсцкі мір, які падзяляў тэрыторыю Беларусі. Пасля спрабавалі абвясціць незалежнасць БНР, аднак гэтыя спробы практычным стварэннем дзяржавы не скончыліся. Была яшчэ адна частка дзеячаў беларускага руху, якая вельмі плённа працавала на нацыянальнай глебе ў межах савецкай Расіі. Нам неабходна ўспомніць Беларускі нацыянальны камісарыят, што дзейнічаў пры Наркаме па справах нацыянальнасцяў пры СНК РСФСР. Яго ўзначальвалі Чарвякоў, Жылуновіч і шэраг іншых беларускіх дзеячаў. І яны не сядзелі, склаўшы рукі, а вялі работу, каб рэалізаваць ідэі беларускай савецкай дзяржаўнасці. Акрамя таго, вялася велізарнейшая работа з беларусамі, якія апынуліся на тэрыторыі РСФСР. У выніку Першай сусветнай вайны больш чым мільён бежанцаў з беларускіх зямель знаходзіліся ў Расіі. Адбыліся з'езды і сходы сярод гэтага насельніцтва, якія прымалі рэзалюцыі ў падтрымку неабходнасці рэалізацыі беларускай савецкай дзяржаўнасці. Нельга не згадаць і працу беларускіх секцый, якія дзейнічалі ў складзе Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), што ўрэшце вылілася ў стварэнне Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і папярэднічала абвяшчэнню Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

«Здарыўся б велізарны правал у развіцці дзяржаўнасці»

Па­вел Су­ха­ру­каў.

Павел Сухарукаў: Праз стагоддзе нам цяжка ў поўнай меры зразумець тыя складанасці, з якімі сутыкнуліся тыя, хто хацеў стварыць першую беларускую дзяржаву. Але чаго ўсё ж такі было больш у гэтым руху: нацыянальнага ці савецкага? Што стаяла на першым месцы? Натуральна, што з боку расійскіх уладаў было больш савецкага ў стварэнні дзяржавы. Аднак цікава, што было з боку нашых дзеячаў?..

Вячаслаў Даніловіч: Сказаць, што ў стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў закладзены толькі савецкі змест, няправільна. Каб не беларускія дзеячы, якія на савецкім грунце рабілі сваю, нацыянальную, працу, то БССР як дзяржава не адбылася б і здарыўся б велізарны правал у развіцці беларускай дзяржаўнасці. Яны працавалі ў тых умовах і павінны былі ўлічваць і настрой насельніцтва, і ўладу бальшавікоў — і такім чынам спалучаць беларускія нацыянальныя лозунгі з пазіцыяй і лозунгамі, якія былі характэрныя для савецкай улады.

Анатоль Вялікі: У 1920-я гады гучала такое паняцце, як беларускі нацыянал-камунізм. Што гэта, і як яны ставіліся да савецкай асновы?.. Яго прытрымліваліся тыя, хто бачыў Беларусь асобнай рэспублікай, але з савецкай асновай. Як жа спалучыць камунізм з нацыянальнымі адметнасцямі? Натуральна, за савецкім часам ніхто не згадваў гэта паняцце. Аднак цяпер нам варта гаварыць пра яго больш.

Апублікавана даволі шмат зборнікаў дакументаў, прысвечаных БССР. Аднак варта згадаць, што ў Нацыянальным гістарычным архіве захоўваюцца сотні ўспамінаў. Яны былі апублікаваны толькі часткова ў 1960—1970 гады. Аднак у той час прытрымліваліся адной генеральнай лініі — і выбралі тое, што ёй адпавядала. Цяпер паўстае праблема прачытання тых успамінаў і погляду, а што ж засталося па-за лініяй...

«Буферная рэспубліка, якой можна было б ахвяраваць»

Сяр­гей Траццяк.

Сяргей Траццяк: У першую чаргу трэба зірнуць на геапалітычныя абставіны, у якіх стваралася Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, і ў якіх яна ў рэшце рэшт паўстала. Па-першае, не будзе перабольшваннем сказаць, што на прыняцце рашэння аб стварэнні рэспублікі геапалітычны фактар паўплываў вельмі моцна. Таму што практычна ўсе сілы нацыянал-камуністычнага лагера, якія выступалі за стварэнне нашай дзяржаўнасці, не ставілі на парадку дня пытанне яе незалежнасці ад савецкай краіны і Расіі. Размова вялася ці пра аўтаномію, ці пра федэратыўны саюз. Менавіта на Першым з'ездзе Саветаў, які павінен быў прымаць Канстытуцыю, прынялі рашэнне ўступіць у перагаворы з РСФСР аб заключэнні дамовы не толькі расійска-беларускага федэратыўнага саюза, але і каб да гэтага саюза падключыліся і іншыя рэспублікі. Па-другое, тая рэспубліка, якую варта было стварыць на думку Масквы, павінна была быць як мага далей на Захад і як мага меней на Усход.

Буферная рэспубліка, тэрыторыяй якой можна было б ахвяраваць у выпадку нешчаслівага для савецкай Расіі развіцця падзей на заходнім напрамку. Іншая справа, што пазіцыя Мяснікова была іншай. Ён настаяў і правёў праз рашэнне Першага з'езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі свой погляд на тое, як павінны прайсці межы будучай рэспублікі. Па сутнасці, менавіта вялікая ССРБ першага абвяшчэння — гэта рэспубліка Мяснікова. Іншая справа, што гэтаму дзяржаўнаму ўтварэнню не было адпушчана часу, бо ізноў геапалітычныя падзеі рэзка склаліся не на карысць улады і савецкай Расіі, пачалася вайна з Польшчай. У Маскве прынялі рашэнне аб тым, каб абрэзаць савецкую Беларусь, — нельга, каб мяжа буфернай краіны праходзіла недалёка ад Масквы, а таксама аб'яднаць савецкую Беларусь з савецкай Літвой. Маўляў, дзве савецкія рэспублікі, злучаныя ў адну, змогуць даць належны адпор польскаму ўварванню. Аднак атрымалася іначай. Выйшла так, што ў гэтым утварэнні фактычна не засталося нічога беларускага. Іронія лёсу ў тым, што ЛітБел абдымала сваімі межамі тыя тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай — праўда, гэты факт не ўспомнілі.

Той жа Яўсей Канчар у сваіх успамінах лічыў стварэнне ЛітБел вялікай памылкай цэнтральнага савецкага кіраўніцтва. Таму што гэта была дзяржава, створаная ва ўгоду літоўскаму шавінізму. Цікавая акалічнасць, што літоўскія камуністы самі стваралі сваю рэспубліку, сцяўшы зубы, бо яны ў шэрагах расійскай сацыял-дэмакратыі вызначаліся выключным непрыняццем любога лозунга аб праве народаў на самавызначэнне, у тым ліку літоўскага народа. Аднак, стаўшы на чале рэспублікі, яны паказалі сябе менавіта як літоўскія шавіністы, менавіта як людзі, якія ўсюды гнулі літоўскую лінію. ЛітБел загінула з прычыны збегу абставін і тых акалічнасцяў, выправіць якія аказалася не пад сілу ні літоўскім, ні беларускім камуністам. Нарабілі шмат памылак у розных пытаннях, а ў сялянскім найбольш. Хоць у ЛітБел было пяць афіцыйных моў, але на беларускай мове не выходзіла ніводнай газеты на той падставе, што ўсе добра ведаюць рускую мову. Гэта, вядома, адштурхнула ад ЛітБел беларускую інтэлігенцыю.

«Пачаў працаваць фактар самападпіткі»

Сяргей Траццяк: Беларуская савецкая рэспубліка ўзору 1920 года, створаная 31 ліпеня 1920-га, — гэта тая рэспубліка, якая больш адпавядала першапачатковай задуме камуністаў. Гэта рэспубліка, якая аб'ядноўвала толькі цэнтральную і часткова заходнюю Беларусь (тэрыторыі, што не адышлі да Літвы) — землі, што былі як мага больш на захад і як мага менш на ўсход. Гэтай тэрыторыяй падчас Рыжскіх дамоў і ахвяравалі: палова краіны засталася за Польшчай. У выніку мірнае існаванне рэспубліка пачала на кволым агрызку колішняй Беларусі з насельніцтвам у 1,5 мільёна чалавек.

У савецкай Расіі жыло ў два разы больш беларусаў, чым у ССРБ. Але далей пачаў працаваць фактар так званай самападпіткі: ёсць беларуская рэспубліка, і яна павінна ўключаць усе беларускія землі. Хоць ва ўрадзе і партыйным кіраўніцтве прысутнічалі людзі розных поглядаў, усе яны былі аб'ектыўна зацікаўлены, каб рэспубліка жыла. Інакш навошта сказалі ўсяму свету, што ёсць такі народ — беларусы, які абудзіўся да гістарычнага жыцця? Той факт, што рэвалюцыі і магчымая вайна з Польшчай вернуць заходнія землі Беларусі, ніколі не здымаўся з парадку дня. Нездарма ў першай палове 1920-х гадоў у савецкай Беларусі быў своеасаблівы кіруючы тандэм Тухачэўскага і Чарвякова, які паставіў лозунг вайны з Польшчай на парадак дня, да яе рыхтаваліся аж да 1925 года. Але ж пытанне аб усходніх тэрыторыях таксама трэба было вырашаць. Цікава прасачыць, як яно было вырашана на нашу карысць: у склад Беларусі па вялікім рахунку адышлі ўсе тыя тэрыторыі, якія лічылі сябе беларускімі, дзе само мясцовае насельніцтва было згодна з тым, што ім трэба жыць у Беларусі. На ўсходзе аднавілася тая мяжа, якая існавала паміж Расіяй і Вялікім Княствам Літоўскім, пачынаючы з 1667 года і да першага падзелу Рэчы Паспалітай. Праўда, на гэта ніхто не звярнуў увагі як на цікавы гістарычны факт.

«Дысертацыі пра айцоў-заснавальнікаў»

Сяргей Траццяк: Ставілася пытанне, чаго больш было ў стварэнні БССР, савецкага ці нацыянальнага. Я бачу, што ў любой дзяржаве, калі яна з'яўляецца і пэўны час існуе, паўстане пытанне аб яе нацыянальнай прыродзе, фарміруецца нацыя. Прычым гэта нацыя можа фарміравацца явачным шляхам, супраць афіцыйнай пазіцыі тых, хто гэтай дзяржавай кіруе, і тых сіл, якія апякуюць гэту дзяржаву на міжнародным узроўні.

Калі паглядзець на сучасны свет і праблему так званых непрызнаных рэспублік на поставецкай прасторы, можна згадаць Прыднястроўе. Афіцыйна, дэ-юрэ і з пункту гледжання міжнароднага права, гэта частка Малдовы. Аднак ці лічаць так самі прыднястроўцы? Не лічаць. Па сутнасці, за час існавання гэтай рэспублікі яны здолелі ператварыцца ў самастойную нацыю. Дык вось у Беларусі ў 1920-я гады адбылася прыкладна такая ж сітуацыя. Мэтанакіраваная палітыка беларусізацыі наклалася на аб'ектыўны працэс фарміравання і афармлення нацыі, новай дзяржавы. Урэшце ўсе тыя пературбацыі, якія адбываліся ў 1920—1930 гады, гэты працэс не перакрэслілі, бо не маглі. Калі ёсць дзяржава, то павінна быць і нацыя са сваім нацыянальным інтарэсам.

Ана­толь Вялікі.

Анатоль Вялікі: Мы кажам пра дзяржаву. Аднак варта згадаць, што былі і яе айцы-заснавальнікі. Але няма ніводнай кандыдацкай дысертацыі, якая была б прысвечана ім, — ні Чарвякову, ні Жылуновічу, ні Панамарэнку, ні Мазураву. Хоць гэта вельмі важна. Бо ўсе дысертацыі зацвярджаюцца Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй на дзяржаўным узроўні. Калі мы, навукоўцы, аб'ектыўна, грунтоўна, уводзім гэтыя персоны — такое проста неабходна зрабіць! Бо дзяржава не можа быць без айцоў-заснавальнікаў. Мы павінны ўвасобіць у такіх працах сваю нацыянальную эліту — дзяржаўную, палітычную, ваенную. Пра Бісмарка больш за 200 палітычных біяграфій напісана! А што, Чарвякоў не варты таго ж?.. Яго роля ў стварэнні БССР недаацэненая, як і ў пазнейшым яе ўзбуйненні. А дакладны́я запіскі гэтага палітыка захоўваюцца ў Нацыянальным архіве. Ён крыкам крычаў, што не можа БССР існаваць у такім абкарнаным выглядзе. Варта паказаць яго ролю!

Ва­лян­цін Ма­зец.

Валянцін Мазец: Той жа Канчар у сваіх успамінах заклікае да таго ж самага. Ён пісаў у свой час: «Калі мы збіраемся святкаваць 50-ю гадавіну абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці, нам ні ў якім разе нельга забываць тых людзей, якія прычыніліся да стварэння гэтай дзяржавы. Купалу, Коласа, Ігнатоўскага, Чарвякова, Жылуновіча, Карскага, Доўнар-Запольскага». Ён кажа, што яшчэ да таго, як быў абвешчаны Першы Усебеларускі з'езд, у Пецярбургу склаліся трывалыя асяродкі, у тым ліку акадэмічныя і навуковыя, якія выступалі за стварэнне беларускай дзяржаўнасці. Сярод іх удзельнікаў Карскі, Пічэта, Эпімах-Шыпіла, Сушынскі, Паўлоўскі і іншыя. Калі нават выдаць успаміны Канчара з навуковымі каментарыямі, атрымаецца вельмі цікавая праца.

«На руінах імперыі...»

Павел Сухарукаў: Кажуць, што нацыянальныя краіны з'яўляюцца на руінах імперый. Так і беларуская дзяржаўнасць аднавілася на руінах Расійскай імперыі, у выніку Першай сусветнай вайны. Аднак калі б не было вайны, ці была б наша дзяржава? Ці магчыма такім чынам сказаць, што вайна — гэта добра?..

Алена Трубчык: Так атрымліваецца ў гісторыі, што самыя важныя працэсы, у тым ліку дзяржаватворчыя, актывізуюцца ў экстрэмальных умовах. Перыяд польска-савецкай вайны быў непрацяглы. Аднак ён стаў важным этапам на шляху да станаўлення нашай дзяржаўнасці. Беларуская тэрыторыя мела нявызначаны геапалітычны статус. Тады прэтэнзіі на яе высоўвалі дзве маладыя незалежныя дзяржавы, якія выйшлі на міжнародную арэну. Кожная з іх лічыла, што мае права на беларускія землі. Можна аб'ектыўна падумаць, ці была якая-небудзь з тых краін зацікаўлена, каб тут умацавалася самастойнасць? Міжнародная супольнасць у той час пільна сачыла, што робіцца ў Польшчы і што робіцца ў савецкай краіне. Абодва ўрады меркавалі пра тое, ці гатовы беларускі ўрад да дзяржаватворчасці?.. Аднак існаванне Беларускай Народнай Рэспублікі дэманстравала, што сярод беларусаў ёсць сілы, якія актыўна імкнуцца да стварэння дзяржаўнасці. Гэта не магло не паўплываць на тое, што працэс актывізаваўся на савецкай аснове. Аднак палітычная сітуацыя складвалася вельмі неспрыяльна. Бо яшчэ не выйшлі немцы з гэтай тэрыторыі, а ўжо яўнасцю і рэальнасцю рабілася нападзенне з боку Польшчы.

Наколькі такія дзяржаўныя ўтварэнні, як БНР ці ССРБ, адпавядалі інтарэсам беларусаў? Відавочна, што ўрады ССРБ і ЛітБел не маглі весці незалежную ад Масквы палітыку. У сваю чаргу Рада БНР падпісвала ўказы, дэкрэты, але ажыццявіць іх яна не мела сваіх сіл. Беларускі рух быў расколаты і раз'яднаны, ён не быў маналітнай з'явай. Аб гэтым шмат казалі, гэта разумеў савецкі ўрад, разумелі і палякі.

Беларуская нацыянальная эліта была разрозненая, аднак з ёй не лічыцца было немагчыма. Да таго ж міжнародная супольнасць сачыла за ўсім, што адбываецца. Таму на фоне міжнароднага канфлікту разгарнулася ідэалагічная, палітычная барацьба за беларусаў.

«Важны фактар у гэтай барацьбе — школа»

Але­на Трубчык.

Алена Трубчык: Важным фактарам гэтай барацьбы з'яўлялася школа. Школа — гэта будучыня, гэта адукацыя новых грамадзян, гэта тое, што будзе з дзяржавай надалей. Таму ў гэты час асаблівую актуальнасць набывае адукацыйная палітыка.

У сувязі з усталяваннем савецкай улады ў снежні 1918 года ўрад Луцкевіча пакінуў Мінск і пераехаў у Вільню, затым у Гродна.
У Мінску засталася другая частка беларускіх дзеячаў, якія разлічвалі з дапамогай бальшавікоў вырашаць дзяржаўныя пытанні, перш за ўсё справу развіцця беларускіх школ. Яўна ні адна з плыняў нацыянальнага руху не гаварыла пра дзяржаву. Яны высоўвалі патрабаванні беларускіх адукацыі, культуры, разумеючы, што ў тых абставінах больш атрымаць вельмі складана. Трэба ўмацаваць нацыянальную эліту, погляд народа перш за ўсё, і на гэтай аснове ствараць дзяржаўнасць.

У савецкай частцы Беларусі з'явіліся развагі пра тое, ці трэба ўтвараць нацыянальныя школы? Архіўныя дакументы 1918—1919 гадоў сведчаць, што да пачатку савецка-польскай вайны работа ў гэтым кірунку амаль не вялася. Секцыі былі створаны, праводзіліся губернскія з'езды настаўнікаў, на якіх большасць выказвалася, што трэба ствараць рускія школы, а не беларускія. Напрыклад, у пастанове Дзісенскага павета гаварылася, што інтэрнацыянальны характар савецкай працоўнай школы не прадугледжвае вузкіх нацыянальных рамак. Гэта сведчыць, што ўмоў для нацыянальных школ яшчэ не было, бо не было нацыянальных сіл, якія б узяліся за гэту справу.

Актыўнасць беларускіх дзеячаў вылілася ў настаўніцкіх курсах, якія правялі ў Вільні. Аднак нягледзячы на тое, што польскія ўлады дазволілі правесці гэтыя курсы, яны не зацвердзілі потым на пасадзе ні аднаго з настаўнікаў. Больш за сто чалавек раз'ехаліся з курсаў па паветах Віленшчыны і Гродзеншчыны, ніводзін з іх не атрымаў месца ў школе. З розных прычын ім адмаўлялі, у кагосьці быццам не было кваліфікацыі, у кагосьці падручнікаў. А самае галоўнае, што польскім школам выдзяляліся грошы, а беларускія школы трэба было ўтрымліваць за свой кошт. Насельніцтва ва ўмовах вайны не заўсёды магло гэта рабіць і адмаўлялася. Такі быў метад: з аднаго боку беларускія школы не забараняліся, а з іншага — нічога не рабілася для таго, каб іх падтрымаць, і, наадварот, стрымліваўся гэты працэс.

Калі савецкая ўлада прыйшла ў Мінск, колькасць школ зменшылася. Аднак пасля другога абвяшчэння рэспублікі, колькасць беларускіх школ паступова пачала расці. Цікава, што на з'ездах настаўнікаў сярод асоб, якія выказваліся за неабходнасць беларускіх школ, былі прозвішчы тых, хто скончыў курсы ў Вільні пры польскіх уладах. Гэта гаворыць, што — не важна пры якой уладзе — была група дзеячаў, для якіх найважнейшай з'яўлялася нацыянальная школа. Аднак рэальна гэты працэс зрушыўся толькі з пачаткам палітыкі беларусізацыі. Такім чынам, нацыянальная эліта — гэта сапраўды надзвычай важна. Акрамя нас саміх нікому наша дзяржава не патрэбна!

Павел Сухарукаў: Маеце рацыю: чакаць ласкі ад кагосьці, каб стварыць сваю нацыянальную дзяржаўнасць, сфарміраваць самасвядомасць народа, нельга. Думаю, што і нам, прадстаўнікам журналісцкай супольнасці ў тым ліку, трэба прытрымлівацца гэтага нацыянальнага падыходу. Каб мы не падзялялі наш народ у залежнасці ад яго светапогляду, палітычнай пазіцыі. Бо Прэзідэнт Беларусі неаднойчы казаў, што няважна, як мы глядзім на тыя ці іншыя рэчы, мы адзіны беларускі народ, павінны паважаць адзін аднаго. Гэтыя знакавыя для нашай дзяржаўнасці юбілеі і іншыя значныя даты мы павінны разам выкарыстоўваць, каб несці такі падыход да нацыянальнай гісторыі людзям. Бо, на жаль, у нас няшмат тых, хто можа так прафесійна вывучаць гісторыю, як навукоўцы...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».