Вы тут

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?


Віцэ-прэзідэнт карпарацыі «Майкрасофт» Брэд СМІТ яшчэ шэсць гадоў таму заявіў, што недахоп кваліфікаваных спецыялістаў дасягнуў такога ўзроўню, што можна смела казаць пра крызіс геніяў для высокатэхналагічных кампаній. На думку прадстаўнікоў карпарацый, гэта праблема абумоўлена шэрагам прычын: нізкім узроўнем паспяховасці ў дысцыплінах фізіка-матэматычнага профілю, адсутнасцю матывацыі пры вывучэнні STЕM-прадметаў, а таксама тым, што інжынерныя прафесіі мала цікавяць моладзь.

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? Ці падхапіла сусветны трэнд беларуская школа? Якімі павінны быць суадносіны тэхнічнага і крэатыўнага складнікаў у адукацыі? І што ўвогуле хаваецца за чатырма літарамі? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі канферэнцыі «Актуальныя праблемы STЕM-адукацыі», якая прайшла ў сценах БДПУ па ініцыятыве асацыяцыі «Адукацыя для будучыні».


Дакладныя навукі + мастацтва

У 2018 го­дзе аса­цы­я­цыя «Аду­ка­цыя для бу­ду­чы­ні» пры са­дзей­ні­чан­ні вя­ду­чых бе­ла­рус­кіх ІТ-кам­па­ній ад­кры­ла STEM-цэнт­ры ў ся­рэд­ніх шко­лах і гім­на­зі­ях го­ра­да Ба­ры­са­ва і аг­ра­га­рад­ка Лош­ні­ца  ў Ба­ры­саў­скім ра­ё­не, у Ба­ра­на­ві­чах і Лель­чы­цах. Для дзя­цей на­ву­чан­не ў та­кіх цэнт­рах бяс­плат­нае.

Абрэвіятура STЕM расшыфроўваецца як «sсіеnсе, tесhnоlоgу, еngіnееrіng і mаthеmаtісs» — «прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерная справа і матэматыка». У самым агульным сэнсе маецца на ўвазе комплекс акадэмічных і прафесійных дысцыплін у гэтых навуках, накіраваны на падрыхтоўку спецыялістаў з новым тыпам мыслення для інавацыйнай эканомікі. Але ўсё часцей у гэту абрэвіятуру дабаўляецца літара «А», за якой стаіць кампанент Аrt — «мастацтва» (атрымліваецца STЕАM). На думку многіх спецыялістаў, супрацьпастаўленне навукі і мастацтва непрадукцыйнае і абодва гэтыя кірункі трэба развіваць у тандэме. Спроба развіваць адукацыю толькі ў кірунку навукі, інжынернай справы і матэматыкі без паралельнага развіцця Аrt-дысцыплін можа прывесці да таго, што маладое пакаленне будзе пазбаўлена крэатыўнасці. Толькі ў адзінстве дакладных і гуманітарных навук можна выхаваць усебакова развітых спецыялістаў, вынаходнікаў і наватараў у сваёй сферы. Увогуле шанцаў працаўладкавацца ў ІТ-кампанію з сусветным іменем у праграміста з інжынернай адукацыяй значна менш, чым у праграміста, які мае веды яшчэ і ў сумежных галінах: біялогіі, хіміі, псіхалогіі, сацыялогіі, менеджменце, мастацтве і гэтак далей.

Таму сёння ва ўсім свеце расце армія прыхільнікаў пераходу ад STЕM-адукацыі да STЕАM-адукацыі (тыя ж навукі плюс творчасць). У краінах, дзе развіваюць высокатэхналагічную вытворчасць, STЕАM-адукацыя становіцца прыярытэтнай. Дзяржаўныя праграмы ў галіне STЕАM-адукацыі рэалізуюць Аўстралія, Кітай, Вялікабрытанія, Ізраіль, Карэя, Расія і іншыя краіны.

Не толькі робататэхніка

Дзейнасць асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» накіравана менавіта на выхаванне новага пакалення запатрабаваных інжынераў і вынаходнікаў, якія будуць ствараць высокатэхналагічную будучыню Беларусі. Нядаўна дзякуючы асацыяцыі група беларускіх прафесіяналаў наведала ЗША, дзе нашы педагогі на працягу трох тыдняў вывучалі вопыт сваіх замежных калег па ўкараненні STЕM-падыходаў у навучальны працэс.

— Інфармацыйныя тэхналогіі змянілі практычна ўсе сферы жыцця чалавека за выключэннем пакуль адной — адукацыі, — разважае дырэктар асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Аляксандр ХОМІЧ. — Мы па-ранейшаму выкарыстоўваем інтэрактыўную дошку ў класе пераважна як манітор. Так, у Амерыцы камп'ютар з'яўляецца абсалютна звычайным сродкам у навучальным працэсе. Але справа зусім не ў тэхнічнай аснашчанасці школ, а ў тым, як педагог выкарыстоўвае сваю фантазію, што ён можа зрабіць з падручных прадметаў, напрыклад са скотча і палак? Па маіх адчуваннях, па развіцці STЕM-адукацыі мы на сённяшні дзень пакуль не адстаём і нашы педагогі ні ў чым не саступаюць сваім амерыканскім калегам. Дарэчы, падчас наведвання адной са школ у Нью-Ёрку на Манхэтэне, выпускнікі якой паступаюць у ВНУ Лігі плюшчу, мы ўбачылі савецкія падручнікі па алгебры на рускай мове...

— Насамрэч настаўнікі ў Амерыцы не моцна адрозніваюцца ад нас, іх хвалююць тыя ж праблемы, што і беларускіх педагогаў, — пацвярджае Ірына АДАМОВІЧ, настаўнік матэматыкі з барысаўскай СШ № 20 і кіраўнік STЕM-цэнтра, створанага на базе гэтай установы. — Калі я сказала, што на ўроках матэматыкі ў нас забаронена карыстацца калькулятарам, яны паднялі вялікі палец і сказалі, што гэта вельмі крута, таму што іх вучні, на жаль, калькулятарамі карыстаюцца.

У абрэвіятуры STЕM на першым месцы стаіць літара «S» — sсіеnсе, навука. Калі казаць пра STЕM-цэнтры ў Беларусі, то ў нас галоўны акцэнт сёння робіцца ўсё ж такі на інжынерыю і робататэхніку. А ў амерыканскіх школах, якія рэалізуюць STЕM-праекты, даследчы і інжынерны падыход развіваюцца паралельна: першы прызначаны для атрымання новых ведаў, а другі — для вырашэння нейкай канкрэтнай праблемы. У дзіцячым садку і пачатковай школе ўпор робіцца на даследаванні — асваенне паняццяў, звязаных з навуковай і даследчай дзейнасцю, і непасрэдна на даследчую дзейнасць у малых групах. Лад думкі даследчыка і інжынера фарміруюцца ўжо ў гэтым узросце. Галоўнае — не запамінанне, а разуменне працэсу ці з'явы. Дзецям прасцей запомніць тое, чаму яны навучыліся, калі яны ўцягнутыя ў працэс, а не з'яўляюцца пасіўнымі назіральнікамі.

У сярэдняй школе сур'ёзная ўвага аддаецца падрыхтоўцы дзяцей да выканання практычных праектаў. А ў старшай ядром навучання становіцца практычная праектная дзейнасць, якая прадугледжвае ўключэнне дзяцей у вучэбныя, даследчыя ці прафесійныя праекты, якія выконваюцца пад куратарствам універсітэта або канкрэтных кампаній.

Для прыкладу: у адной са школ Рочэстэра, якую наведалі беларускія педагогі, рэалізоўваўся канкрэтны міждысцыплінарны прафарыентацыйны праект. Старшыя школьнікі павінны былі забяспечыць акулярамі вучняў малодшых класаў з аслабленым зрокам: падабраць і выразаць лінзы, адпаліраваць іх, уставіць у аправу... А для гэтага былі патрэбныя веды і ў оптыцы, і ў медыцыне, і навыкі стыліста... Трэба растлумачыць, што, нягледзячы на свае адносна невялікія памеры, гэты горад мае рэпутацыю «аптычнай сталіцы» свету: там размешчана шмат прадпрыемстваў аптычнай прамысловасці і штаб-кватэра карпарацыі Kоdаk.

Адукацыя з геаграфічнай прывязкай

— Што мяне асабліва натхніла, дык гэта ўключанасць адукацыі ва ўсё, што адбываецца на мясцовым лакальным узроўні, — падзялілася сваімі ўражаннямі Валянціна ЧЭКАН, сузаснавальнік ІT-Рrіnсеss Асаdеmу і STЕM-sсhооl. — Адукацыя не адарваная ад жыцця, а мае моцную геаграфічную прывязку: ёсць канкрэтны горад, у якім ёсць канкрэтныя ўніверсітэты, кампаніі, музеі, бібліятэкі, школы, настаўнікі, вучні і іх бацькі. І ўсе яны знаходзяцца ў шчыльным супрацоўніцтве. STЕM-урокі там праводзяцца на базе музеяў і бібліятэк. Ёсць канкрэтны геаграфічны і сацыяльны запыт, каго і чаму трэба навучаць. Калі ёсць попыт на канкрэтных спецыялістаў, іх пачынаюць «выхоўваць» загадзя. Сёння школьніку 13-14 гадоў, але вельмі хутка ён будзе ўключаны ў соцыум.
І кампаніі гэта цудоўна разумеюць, таму ідуць у школы, прапануюць і курыруюць свае STЕM-праекты.

Я, як гуманітарый лічу, што STЕM — выдатны інструмент развіцця ў дзяцей апытлівасці: гэта тое, што рухае чалавекам у жыцці. А калі яе «забіць» яшчэ ў пяшчотным узросце, то пазней атрыманне ведаў ператвараецца ў прафанацыю, мы атрымліваем дыплом дзеля дыплома. Да таго ж STЕM мае на ўвазе высокі ўзровень камунікацыі. У настаўніка значна менш праблем з паводзінамі ў класе, калі ўсе вучні нацэлены на сумесны вынік. Ёсць глабальная праблема, якая робіць школьнікаў вельмі важнымі ў нейкі канкрэтны момант.

STЕM — гэта і культура стасункаў, і групавая адказнасць, і ўменне дэлегаваць задачы іншым. Я бачу, як даследчая і інжынерная работа вырашае мноства гуманітарных праблем. Школьнікаў задзейнічаюць у сацыяльна накіраваных праектах: экалагічных, медыцынскіх і іншых, што выхоўвае дзяцей сацыяльна адказнымі...

Ёсць яшчэ адзін важны нюанс: STЕM — гэта найперш практыка: вучні рухаюцца ад прыватнага да агульнага. Напрыклад, вывучаюць возера Антарыа, якое знаходзіцца побач з імі, даследуюць яго забруджанасць, робяць рэкамендацыі для мясцовых жыхароў і толькі потым прыходзяць да агульнага разумення экалагічных праблем у сусветным маштабе.

Мультыдысцыплінарны падыход

У Беларусі драйверам для STЕM-напрамку стала развіццё робататэхнікі і праграмавання, якія паступова актуалізуюць і ўвесь астатні комплекс STЕM.

STЕM-адукацыю актыўна рухаюць наперад шматлікія прыватныя камерцыйныя школы і курсы. Такія напрамкі, як робататэхніка, тэхнічнае мадэляванне, інфармацыйныя тэхналогіі, развіваюцца таксама на базе дзяржаўных цэнтраў тэхнічнай і інавацыйна-тэхнічнай творчасці. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на ўзроўні магістратуры плануюць распачаць падрыхтоўку па дзвюх новых спецыяльнасцях «адукацыйная робататэхніка» і «інфарматызацыя адукацыі». Прагучала яшчэ адна цікавая прапанова: увесці на першай ступені навучання спецыяльнасць «фізіка і STЕM-педагогіка», што дазволіла б прыцягнуць у прафесію больш мужчын і зрабіць гэту спецыяльнасць для абітурыентаў прывабнай. Год таму на фізіка-матэматычным факультэце адкрыўся Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. Ён будзе часткай «Педагагічнага STЕM-парка», які ствараецца ва ўніверсітэце. Да таго ж асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі цяпер будуць вывучаць не толькі на фізіка-матэматычным факультэце БДПУ. Адпаведны курс сталі праходзіць і студэнты факультэтаў пачатковай і дашкольнай адукацыі.

Усё часцей STЕM становіцца ініцыятывай асобных школьных настаўнікаў ці школьных калектываў, якія шукаюць новыя падыходы і метады для сваёй работы (арганізуюць факультатывы, гурткі). Але ўсё гэта адбываецца па-за ўрокамі. Таму, натуральна, усіх цікавіла пытанне, як знайсці месца для STЕM на школьных занятках? Ці рэальна гэта?

— У свае школьныя гады я ніяк не мог зразумець, навошта мяне прымушаюць вывучаць хімію? — прызнаецца Аляксандр Хоміч. — Сувязь з навакольным светам таго, што вывучаецца ў нашых школах, адсутнічае, міжпрадметныя сувязі адсутнічаюць. А STЕM-падыход — мультыдысцыплінарны падыход. Настаўнік ставіць нейкую праблему, але не кажа, што яе рашэнне можна знайсці ў пэўным параграфе падручніка. Фактычна вучню прапануецца правесці ўласнае расследаванне. А рашэнне можа ляжаць часткова ў сферы фізікі, часткова — у сферы хіміі ці біялогіі. Ты сам вырашаеш, якія веды і па якой дысцыпліне табе патрэбныя ў дадзены момант.

— Мы прыйшлі да высновы, што настаўнік — абсалютна свабодны чалавек, і тыя 45 хвілін, якія ёсць у яго распараджэнні, — гэта таксама шмат. І ў ЗША, і ў нас STЕM-урок — гэта ініцыятыва педагога, — падкрэслівае Валянціна Чэкан.

— Нашы настаўнікі проста не ўсведамляюць сябе свабоднымі, — дадае Ірына Адамовіч. — Так, ты павінен зрабіць тое, што запісана ў вучэбнай праграме. А вось як ты гэта будзеш рабіць — твая ўласная справа. Але настаўнік, які сам ніколі не праводзіў даследаванне, не зможа навучыць гэтаму дзяцей. Таму педагогам трэба паклапаціцца аб уласным развіцці... Зразумела, прадумаць добры STЕM-урок — вялікая праца, але STЕM-кампанент можна выкарыстоўваць на любых занятках. Можна ўзяць сабе ў саюзнікі калег, аб'яднацца і да нейкай тэмы падысці ўсебакова.

Даведка

У пачатку 1990-х фізіёлаг Р. Рут-Бернштэйн вывучыў 150 біяграфій самых вядомых навукоўцаў, ад Пастэра да Эйнштэйна. Як высветлілася, амаль усе вынаходнікі і навукоўцы былі таксама музыкантамі, мастакамі, пісьменнікамі або паэтамі: Галілей — паэтам і літаратурным крытыкам, Морзэ — мастаком-партрэтыстам, Эйнштэйн іграў на скрыпцы і г. д.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: STЕM — ключ да інавацый

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.