У Мінску ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ) 18-26 снежня пройдуць паказы намінантаў і лаўрэатаў першага рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная кінапрэмія Беларусі", а таксама творчыя сустрэчы са здымачнымі групамі, паведамілі БЕЛТА ў НЦСМ.
Так, гледачы змогуць убачыць мастацкія фільмы "Пацалунак восені" (рэжысёр Андрэй Голубеў), "Сляды на вадзе" (Аляксандр Анісімаў), "Унутры сябе" (Сяргей Талыбаў) і інш. У праграме таксама дакументальныя, кароткаметражныя і анімацыйныя фільмы. Пачатак паказаў у 19.00.
У цэнтры адзначылі, што хацелі б бліжэй пазнаёміць гледачоў з айчынным кіно і арганізаваць сустрэчы з творчымі групамі. Пасля паказаў у кожнага будзе магчымасць задаць пытанні, абмеркаваць цікавыя моманты і ідэі канкрэтных кінакарцін, а таксама падыскутаваць аб нацыянальным кіно ў цэлым.
Пераможцаў Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі назавуць 17 снежня. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Доме кіно. У конкурсе 20 намінацый: "Лепшы фільм у ігравой форме", "Лепшы тэлесерыял у ігравой форме", "Лепшая галоўная мужчынская роля", "Лепшая галоўная жаночая роля", "Лепшая жаночая роля другога плана", "Лепшая мужчынская роля другога плана", "Лепшы фільм у неігравой форме", "Лепшы фільм у анімацыйнай форме", "Лепшы кароткаметражны фільм", "Лепшая рэжысёрская работа", "Лепшы сцэнарый", "Лепшая аператарская работа", "Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка", "Лепшая работа мастака па касцюмах", "Лепшая музыка да фільма", "Лепшы мантаж фільма", "Лепшы гукарэжысёр фільма", "Лепшы дэбют у кіно па названых намінацыях", "За выдатны ўклад у беларускі кінематограф", "За выдатны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф".
- Заяўкі на ўдзел у кінапрэміі Міністэрства культуры прымала з кастрычніка па лістапад. У склад журы ўвайшлі прафесіяналы ў сферы кінематографа. Старшынёй стала загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Людміла Саянкова-Мельніцкая. Лідарамі ў колькасці намінацый сталі мастацкі фільм "Сляды на вадзе" рэжысёра Аляксандра Анісімава, кароткаметражная стужка "Фота на памяць" Ігара Васільева і псіхалагічны трылер "Унутры сябе" Сяргея Талыбава.
- Арганізатарамі конкурсу "Нацыянальная кінапрэмія Беларусі" выступаюць Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Беларускі саюз кінематаграфістаў, Беларуская гільдыя акцёраў кіно.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.